Аляксандра (імя змененае) з мужам жывуць у Брэсце. У лістападзе пара збіралася адпачыць у Турцыі. Аднак на мінулым тыдні яе мужа выклікалі ў ваенкамат і ўручылі мабілізацыйнае прадпісанне. «Цяпер перажываю, ці выпусцяць яго з краіны, або лепш не рызыкаваць і здаць пуцёўкі», — напісала ў рэдакцыю дзяўчына. Спыталі ў вайскоўцаў і юрыста, якія абмежаванні можа накладаць такі дакумент.
— Пуцёўку мы купілі яшчэ ў пачатку кастрычніка. Якраз разлічылі, што паляцім перад вялікімі лістападаўскімі выходнымі. Кошт паездкі — каля 4000 рублёў, — апісвае сітуацыю Аляксандра. — Але на мінулым тыдні мужа выклікалі ў ваенкамат і ўручылі мабілізацыйнае прадпісанне. У дакуменце напісана, што ў выпадку абвяшчэння мабілізацыі ён, не чакаючы позвы, павінен з’явіцца па ўказаным адрасе на дзясятыя суткі. У нядзелю, калі мы абмяркоўвалі гэтую сітуацыю, паўстала пытанне: а ці можа муж цяпер выязджаць з краіны? Магчыма, пакуль не позна, варта адмовіцца ад паездкі.
Што кажуць вайскоўцы
З пытаннем Аляксандры мы патэлефанавалі на тэлефон даверу Мінабароны.
— Я думаю, што яго выпусцяць з краіны, але на ўсялякі выпадак лепш пракансультавацца ў Брэсцкім абласным камісарыяце, — парэкамендаваў суразмоўца на тым канцы провада. — Па ідэі, калі гэта проста прадпісанне, то праблем быць не мусіць.
Паволе словаў спецыяліста, ніякага распараджэння не выпускаць з краіны ваеннаабавязаных з мабілізацыйнымі прадпісаннямі не было.
У вайсковым камісарыяце Брэсцкай вобласці, куды мы звярнуліся як звычайныя грамадзяне, мужу Аляксандры парэкамендавалі асабіста прыйсці па адрасе Леніна, 80 — там знаходзіцца ваенкамат Брэста і Брэсцкага раёна. З сабой узяць дакументы і пуцёўку.
— Там вам усё раскажуць і пракансультуюць, — паведамілі ў камісарыяце і супакоілі, што «ўсё вырашаць станоўча». — Але трэба папярэдзіць [пра паездку].
— Значыць, тур адмяняць не варта?
— Вядома, не.
Што кажа юрыст
— У законе «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі» і законе «Аб дзяржаўным і мабілізацыйным матэрыяльных рэзервах» вызначэння, што такое «мабілізацыйнае прадпісанне», няма. Ёсць толькі ўказанне, што грамадзянін абавязаны «выконваць патрабаванні, выкладзеныя ў атрыманых ім мабілізацыйных прадпісаннях, позвах», — адзначае юрыст, які пажадаў застацца ананімным. — Мяркуючы па фота прадпісання, можна зрабіць выснову, што гэта дакумент, які абавязвае ў выпадку абвяшчэння мабілізацыі прыбыць па ўказаным адрасе без позвы.
Тэрмін яўкі можа быць розны. У мужа Аляксандры ён, напрыклад, «на дзясятыя суткі», у чалавека, які даслаў дакумент тэлеграм-каналу «МотолькоПомоги», — на сёмыя.
Ёсць у мабілізацыйным прадпісанні і такая інфармацыя:
- пра парадак мабілізацыі паінфармуюць праз СМІ;
- напамін пра крымінальную і адміністрацыйную адказнасць у выпадку няяўкі;
- пры атрыманні позвы з ваенкамата, у якой адрасы і тэрміны пазначаны не тыя, што ў мабілізацыйным прадпісанні, арыентавацца варта менавіта на позву;
- прыбыць у цэлых вопратцы і абутку (у зімовы час мець цёплыя рэчы);
- узяць пашпарт, ваенны білет, мабілізацыйнае прадпісанне, кіроўцам — правы. Акрамя таго, мець сумку для асабістых рэчаў, а таксама лыжку, кубак, ручнік, туалетныя прыналежнасці і прадукты на суткі.
Паводле словаў юрыста, у законах не прапісана, каму менавіта з ваеннаабавязаных могуць уручаць мабілізацыйнае прадпісанне.
— Мяркуючы па ўсім, гэта тычыцца людзей з запатрабаванымі ваенна-ўліковымі спецыяльнасцямі, то-бок тых, каго ў выпадку мабілізацыі хочуць прызваць у першую чаргу, — кажа спецыяліст.
Варта адзначыць, што раздача прадпісанняў можа быць звязаная са зверкай уліковых дадзеных ваеннаабавязаных, якую 4 кастрычніка падчас нарады па пытаннях ваеннай бяспекі даручыў правесці Аляксандр Лукашэнка.
Што будзе, калі чалавек не выканае патрабаванні мабілізацыйнага прадпісання?
— Калі хтосьці вырашыць ухіліцца ад мерапрыемстваў па прызыве і прапусціць усе яго тэрміны, то яго могуць прыцягнуць да адказнасці па арт. 434 КК. Пакаранне — пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў, — расказвае юрыст. — У выпадку, калі ваеннаабавязаны, напрыклад, адзін раз не прыйшоў у ваенкамат, яму можа пагражаць адміністрацыйнае пакаранне — арт. 26.1. КаАП. Гэта штраф у памеры да пяці базавых, або да 160 рублёў.
Пры гэтым, адзначае суразмоўца, да абвяшчэння мабілізацыі чалавек, які атрымаў прадпісанне, па законе можа выязджаць з краіны.
У арт. 7 закона «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь» сказана, што права грамадзяніна на выезд з краіны можа быць часова абмежаванае, калі:
«Ён належна паінфармаваны аб неабходнасці яўкі на мерапрыемствы па прызыве на ваенную службу, службу ў рэзерве і не з’яўляецца на гэтыя мерапрыемствы ці не выконвае абавязкі па воінскім уліку, устаноўленыя заканадаўчымі актамі аб ваенным абавязку і вайсковай службе, з прычыны чаго стала немагчымым яго апавяшчэнне аб неабходнасці яўкі на мерапрыемствы па прызыве на ваенную службу, службу ў рэзерве, — да яўкі на мерапрыемствы па прызыве на ваенную службу, службу ў рэзерве».
— Аднак перад паездкай я б рэкамендаваў чалавеку на ўсялякі выпадак праверыць, ці ёсць у яго абмежаванні на выезд. Гэта можна зрабіць у аддзеле па грамадзянстве і міграцыі свайго раёна або ў асабістым кабінеце на сайце МУС.