Данія пачне прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў і выдаваць нашым грамадзянам дакументы замежнікаў. Пра гэта пасля перамоваў з міністрамі замежных справаў краін Паўночнай рады расказала Святлана Ціханоўская.
Дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Ісландыі з міністрамі замежных справаў краін Паўночнай рады для абмеркавання падтрымкі палітвязняў, легалізацыі беларусаў, пазову Літвы ў Міжнародны крымінальны суд, а таксама дапамогі грамадзянскай супольнасці і СМІ.
Вось асноўныя вынікі гэтых перамоваў:
- прызначаныя спецпрадстаўнікі па Беларусі ад Ісландыі і Даніі. Нарвегія і Швецыя пакідаюць цяперашніх прадстаўнікоў, а Фінляндыя вызначыцца найбліжэйшым часам;
- Данія выдлучыла 5 мільёнаў дацкіх крон, Ісландыя — 10 мільёнаў ісландскіх крон у падтрымку Міжнароднага гуманітарнага фонду;
- Данія прыняла пастанову, якая дазваляе беларусам заставацца ў краіне з пратэрмінаванымі пашпартамі і атрымліваць часовыя пашпарты, калі яны не могуць вярнуцца ў Беларусь;
- Ісландыя працягне падтрымку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці; Данія — платформы для збору доказаў злачынстваў рэжыму; Швецыя — культурных і стыпендыяльных праграм для беларусаў.

Таксама падчас перамоваў Ціханоўская заклікала да распрацоўкі санкцыйнага пакета за парушэнні правоў чалавека супраць арганізацый і асобаў, адказных за рэпрэсіі, і прапанавала стварыць кааліцыю міністраў за дэмакратычную Беларусь з удзелам паўночных і балтыйскіх краін, Польшчы і іншых саюзнікаў.