Беларуска купіла аўтамабіль, чым прыцягнула ўвагу падатковай. Пасля праверкі ёй сказалі даплаціць падаходны збор. Ёй давялося ісці разбірацца ў суд.
Вольга (імя змененае) купіла дарагі аўтамабіль. Неўзабаве пасля гэтага ёй зацікавілася падатковая — там вырашылі зверыць даходы і выдаткі беларускі. Праверка дала плён: жанчыне выставілі да выплаты 14 775,94 рубля падаходнага падатку і пені за тое, што не заплаціла яго своечасова. Гэта вынікае са звестак банка судовых рашэнняў.
Звычайна пасля таго, як інспекцыя па падатках і зборах выяўляе, што ў чалавека выдаткі перавышаюць даходы, яна дасылае яму ліст з просьбай растлумачыць, адкуль гэтыя грошы. Пасля гэтага могуць як выставіць для аплаты падаходны, так і прыняць тлумачэнні, і на гэтым усё скончыцца.
Але ў выпадку Вольгі, з яе словаў, пра праверку яна даведалася ўжо тады, калі скончыўся тэрмін, за які можна было даць тлумачэнні, адкуль «лішнія» грошы. Як правіла, на гэта даецца 30 каляндарных дзён. У выніку Вользе выставілі суму, якую трэба заплаціць у дзяржбюджэт.
У такой сітуацыі жанчына вырашыла пайсці ў суд, каб паспрабаваць абскардзіць рашэнне інспекцыі.
Там Вольга заявіла, што не атрымлівала ад падатковай паведамлення наконт праверкі, таму не магла даць справаздачу, адкуль у яе «лішнія» грошы. Яна таксама не пагадзілася з вынікамі праверкі. Паводле яе, усяму было тлумачэнне: аднойчы яе сын падарыў ёй 25 тысяч даляраў. А пазней яе мама аддала ёй сваю банкаўскую картку, куды кожны месяц прыходзілі грошы — і Вольга імі карысталася.
Але яе тлумачэнняў у судзе аказалася недастаткова, ёй адмовілі ў задавальненні пазову.
Чытайце таксама