У Беларусі могуць павялічыць памер кэшбэку, які не абкладаецца падаткам. Пра гэта заявіў намеснік міністра па падатках і зборах Уладзімір Муквіч. «Люстэрка» тлумачыць, як працуе кэшбэк і што па ім могуць змяніць.
Што такое кэшбэк і як ён працуе?
Калі зусім спрасціць, то кэшбэк — гэта вяртанне часткі выдаткаванай сумы на пакупкі ці паслугі. Ён можа быць ад банкаў, крамаў, якіх-небудзь агрэгатараў. Да прыкладу, вы набылі электрычны чайнік за 64 рублі і разлічыліся карткай, а банк вярнуў вам 2%, то-бок 1,28 рубля. Што да непасрэдна крамаў, то кэшбэк могуць вярнуць не «жывымі «грашыма, а баламі, якімі дазволена будзе расплаціцца за наступную пакупку.
Памер кэшбэку не фіксаваны. Да прыкладу, у банкаў ён можа даходзіць да 20%.
Якія льготы па падаходным падатку
Да канца 2026 года ў Беларусі дзейнічаюць ільготы па падаходным падатку з кэшбэку, які беларусы атрымліваюць ад банкаў — як працэнты ад выдаткаванай сумы на тавары, паслугі, працы. Ад падаходнага вызвалены кэшбэк, калі ён не перавышае 2% ад сумы. Растлумачым на прыкладзе усё з тым жа чайнікам. Яго кошт — 64 рублі, а кэшбэк — 5%, або 3,2 рубля. З 1,28 рубля (гэта 2%) падатку не бяруць, а з астатняй сумы — так (падатак — 13%). У выніку падаходны з кэшбэку з чайніка складзе каля 25 капеек. Але гэта невялікая сума. З іншага боку, за год атрыманы кэшбэк можа скласці некалькі сотняў рублёў, а тое і больш (гледзячы хто і колькі выдаткоўвае).
Што хочуць змяніць чыноўнікі
«Мы прапануем павялічыць памер кэшбэку, які б вызваляўся ад падаткаабкладання падаходным падаткам. Думаю, да гэтага пытання варта вяртацца», — заявіў Уладзімір Муквіч.
Да 1 студзеня 2026 года ў Беларусі кэшбэк не прызнаецца аб’ектам падаткаабкладання, калі не перавышае 2% ад сумы аплаты. На думку намесніка міністра, павелічэнне не абкладанага падаткам кэшбэку магло б стаць адной з магчымых мер для нарошчвання долі безнаяўных плацяжоў у краіне.
Чытайце таксама