Еўрапейскі парламент 19 верасня прыняў рэзалюцыю пра цяжкае становішча палітвязняў у Беларусі. Дэпутаты заклікалі неадкладна вызваліць іх, а таксама выказалі занепакоенасць лёсам 300 тысяч беларусаў, якія эмігравалі пасля 2020 года і сутыкнуліся з рэпрэсіямі за мяжой, паведаміла прэс-служба Еўрапарламента.
«Дэпутаты Еўрапарламента выказваюць крайнюю занепакоенасць становішчам многіх палітычных зняволеных, пра якіх нічога не чуваць месяцамі, якія зазнаюць сур’ёзныя праблемы са здароўем ці ізаляцыю і катаванні», — гаворыцца ў паведамленні.
Прынятая рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады даць інфармацыю пра становішча палітвязняў і дазволіць доступ да іх адвакатаў, сем’яў і Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа.
Беларускія ўлады мусяць неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў, дадалі дэпутаты Еўрапарламента.
У рэзалюцыі таксама падкрэсліваецца занепакоенасць «што да 300 000 беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь пасля 2020 года і сутыкаюцца з палітычным пераследам за мяжой».
Ацэнкі колькасці беларусаў, якія з’ехалі, адрозніваюцца. Так, у Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС лічаць, што толькі ў 2021 і 2022 гадах з’ехала больш за 200 тысяч чалавек. У кастрычніку 2023 года намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў ацаніў колькасць тых, хто з’ехаў з Беларусі, у 350 тысяч чалавек. Раней гучалі і іншыя ацэнкі эміграцыі беларусаў з пачатку рэпрэсій у 2020 годзе — ад больш чым 100 тысяч да 500 тысяч.
Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што беларусаў пасля 2020 года з краіны з’ехала няшмат: «Ніякіх там мільёнаў няма. Хтосьці называе 2 тысячы, хтосьці — да 4 тысяч».
Дэпутаты Еўрапарламента заклікалі ЕС і яго чальцоў узмацніць санкцыі ў дачыненні да асобаў і арганізацый, адказных за рэпрэсіі ў Беларусі, а таксама «працаваць над прыцягненнем рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за яго злачынствы».
Рэзалюцыя была прынятая 549 галасамі за. 21 дэпутат прагаласаваў супраць, 37 устрымаліся.
Чытайце таксама