У Беларусі могуць увесці дадатковыя матэрыяльныя стымулы для пенсіянераў, якія працуюць. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Федэрацыі прафсаюзаў Юрыем Сянько ў сераду, 19 чэрвеня.
Якая праблема збянтэжыла чыноўнікаў
Гаворка пра тых беларусаў, якія працягваюць працаваць і атрымліваюць адначасова зарплату і пенсію. У некаторых з іх ёсць абмежаванні што да памеру пенсійных выплат. Гэта датычыць тых, у каго да выхаду на заслужаны адпачынак быў заробак, які ў 1,3 разу перавышаў сярэдні па краіне. Для іх ёсць абмежаванні што да максімальнага памеру пенсіі, калі яны працягваюць працаваць на заслужаным адпачынку.
Трохі патлумачым. Ёсць такое паняцце, як індывідуальны каэфіцыент заробку — гэта суадносіны фактычнай зарплаты, якую атрымліваў чалавек да выхаду на заслужаны адпачынак, і сярэдняй па краіне. Калі зарплата канкрэтнага чалавека была ў паўтара разу большая за сярэднюю, то ў яго гэты каэфіцыент складае 1,5, калі на ўзроўні сярэдняй — то 1. Дык вось, для тых, хто працягвае працаваць на пенсіі, ёсць столь па памеры выплаты — бярэцца максімальны каэфіцыент на ўзроўні 1,3. Нават калі ў чалавека ён складае 1,5 або 2, то ўсё роўна дзейнічаюць абмежаванні. То-бок фактычна чалавек недаатрымлівае частку пенсіі, калі працягвае працаваць на заслужаным адпачынку.
Раней беларусы звярталі на гэта ўвагу кіраўніцы Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай (на той момант яна была намесніцай кіраўніка прэм’ер-міністра), але яна заяўляла, што гэта «далікатнае пытанне», а «пенсія пенсіянерам, якія працуюць, абмяжоўваецца нязначна».
Што хочуць змяніць чыноўнікі
«Адно з пытанняў, якое сёння на парадку дня (яго ўжо ў трэцім квартале Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу вырашыць), — гэта праца пенсіянераў, якія выйшлі на пенсію. Да прыкладу, пенсіянер выйшаў на пенсію, атрымлівае каэфіцыент 1,45. А паводле заканадаўства сёння ён можа атрымліваць, працягваючы працаваць, не больш за 1,3. І гэтую розніцу ён недаатрымлівае. Толькі на работнікаў сельскай гаспадаркі распаўсюджваецца ўмова атрымання свайго каэфіцыента і далей», — сказаў Юрый Сянько.
Аляксандр Лукашэнка даручыў унесці нарматыўны акт, які будзе дазваляць пенсіянерам працаваць і далей, але на больш прывабных умовах.
Юрый Сянько ўпэўнены, што захаванне напрацаванага каэфіцыенту будзе важным элементам для людзей, якія маюць добры досвед працы, прафесійныя навыкі, сілы і жаданне працягваць працаваць. «Плюс заработная плата для іх будзе таксама добрым стымулам для працягу працы ў тых напрамках, па якіх мы сёння бачым неабходным захаваць пенсіянераў, якія працуюць», — дадаў Юрый Сянько.
Нагадаем, у красавіку гэтага года Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць прыцягваць пенсіянераў на рынак працы, каб хоць часткова вырашыць праблему з дэфіцытам работнікаў. Для гэтага хочуць увесці змяненні ў пенсійнае заканадаўства.
Чытайце таксама