Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 11 красавіка ў Афінах сустрэлася з былым прэм’ер-міністрам Грэцыі, патомным палітыкам Джорджам Папандрэу, які з’яўляецца праўнукам аднаго з паўстанцаў 1863 года, паведаміў «Позірку» яе галоўны дарадца Франак Вячорка.
Прадзед палітыка Зыгмунт Мінейка, які браў актыўны ўдзел у паўстанні Каліноўскага, нарадзіўся ў Беларусі. Пасля здушэння паўстання быў высланы ў Сібір, а адтуль перабраўся ў Грэцыю, дзе браў удзел у барацьбе за незалежнасць.
— Ціханоўская прывезла былому прэм’еру архіўныя матэрыялы, у тым ліку радавод, фотаздымкі яго продкаў, а таксама матэрыялы пра маёнтак і землі Мінейкаў у Беларусі. Ціханоўская запрасіла Папандрэу, які вельмі ганарыцца сваім паходжаннем, у Вільнюс наведаць месцы пахавання яго сваякоў, і выказала спадзяванне, што яны разам змогуць наведаць мясціны Мінейкаў у Беларусі, калі Беларусь стане свабоднай, — сказаў Вячорка.
Таксама палітык падаравала экс-прэм'еру кнігу мемуараў Зыгмунта Мінейкі «З Тайгі пад Акропаль», выдадзеную на беларускай мове.
Джордж (Георгіяс) Папандрэу-малодшы узначальваў урад Грэцыі ў 2009−2011 гадах, раней таксама быў міністрам замежных спраў, міністрам адукацыі і па справах рэлігіі. 16 гадоў (2006−2022) быў прэзідэнтам Сацыялістычнага інтэрнацыяналу. Яго бацька і дзед таксама былі прэм’ерамі Грэцыі.
Ціханоўская і Папандрэу сустракаліся ў Афінах у траўні 2021 года.