Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Гродна зноў выказаўся пра вайну. Але зрабіў гэта так, што зразумець яго вельмі складана.
«Нікому не верце, што мы хочам ваяваць. Мы рыхтуемся да вайны, я пра гэта кажу адкрыта. „Хочаш міру — рыхтуйся да вайны“ — не я гэта прыдумаў. Гэта вельмі слушна сказана», — заявіў Лукашэнка (цытата яго прэс-службы).
Паводле яго, у краіне вядзецца неабходная падрыхтоўка адпаведных падраздзяленняў, у войскі пастаўляюцца розныя віды ўзбраенняў і тэхнікі.
«Калі адтуль (з краін, якія ён лічыць „недружалюбнымі“. — Заўв. рэд.) хтосьці падвывае і нас крытыкуе, ведайце: мы робім правільна. Калі там нас пачнуць хваліць, бяда», — сказаў ён.
Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што Беларусь нікому нічым не пагражае: «Нам не трэба камусьці пагражаць. Мы не хочам чужой зямлі. Нам гэтую дай бог абрабіць».
Нагадаем, апошнім часам Лукашэнка ўсё часцей гаворыць пра вайну.