Выступаючы ўчора, 5 сакавіка, перад актывам Беларускага саюза жанчын, Аляксандр Лукашэнка абверг сваю ж заяву пра намер ісці на прэзідэнцкія выбары 2025 года. Нагадаем, ён казаў пра гэта паўтара тыдня таму. Інтрыгу са свайго ўдзелу ў кампаніях палітык робіць не ўпершыню. «Люстэрка» спытала ў экспертаў, што значыць публічная няпэўнасць Лукашэнкі: простае палітычнае какецтва ці адсутнасць выразнага намеру ўдзельнічаць у выбарах?
«Гэта хітрыкі, яму проста захацелася пагаварыць на гэтую тэму»
Палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман упэўнены, што заявы Лукашэнкі спачатку пра намер удзельнічаць у выбарах, а потым пра тое, што яго няправільна зразумелі, варта разглядаць у кантэксце.
— Што да першай заявы, то гэта была інсцэніроўка, — пытанне пра намер удзельнічаць у выбарах яму задаваў журналіст БЕЛТА Уладзімір Мацвееў, які адказвае за рэпартажы пра Лукашэнку і ўвесь час яго суправаджае, — тлумачыць Фрыдман. — Відавочна, што такія людзі не задаюць пытанняў проста так, яму гэта даручылі. Тое, што ён цяпер кажа, што кагосьці не пачуў і яго не так зразумелі, — гэта хітрыкі. Тады яму захацелася на гэтую тэму пагаварыць. З якіх прычын — можна толькі здагадвацца. Можа, яму важна было зрабіць гэтую заяву перад выбарамі ў Расіі. Магчыма, гэта дыскусія, якую ён вядзе сам з сабой пра тое, што яму рабіць у наступным годзе. Ці ён не хоча паказваць сябе «кульгавай качкай» (прэзідэнтам, тэрмін паўнамоцтваў якога заканчваецца. — Заўв. рэд.).
Аляксандр Фрыдман лічыць, што, у адрозненне ад заявы Лукашэнкі пра намер ісці на выбары, учорашняе абвяржэнне гэтых словаў не было падрыхтаванае загадзя. Аналітык упэўнены, што пра гэта сведчыць рэакцыя на выступ мадэратаркі мерапрыемства, кіраўніцы Беларускага саюза жанчын Вольгі Шпілеўскай.
— Шпілеўская ў многіх прапагандысцкіх ток-шоу даўно адстойвае пункт гледжання пра тое, што Лукашэнка мусіць застацца назаўжды, а мяняць уладу нельга ні ў якім выпадку. Цяпер яна мадэруе выступ, і палітык пачынае, назавём гэта так, какетаваць, казаць пра тое, што на яго месца нехта знойдзецца, — кажа Аляксандр Фрыдман. — Калі б была інсцэніроўка, то гэта якраз той момант, калі Шпілеўская магла б уставіць сваё ўлюбёнае «куды мы без вас, Аляксандр Рыгоравіч, заставайцеся абавязкова». Але яна маўчала. Значыць, падрыхтоўкі не было, і гэта яго спантанная імправізацыя. Гэта працяг яго дыскусіі з самім сабой — няма ў яго рашэння, ён усё яшчэ думае, што рабіць. Цяпер гэтую ўнутраную дыскусію Лукашэнка перанёс на публіку. Я думаю, што мы яшчэ пачуем такія развагі вельмі шмат разоў у тым ці іншым кірунку.
Ці можа быць учорашняя заява Лукашэнкі сведчаннем таго, што ягоны ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года не ўзгоднены з Масквой? Фрыдман упэўнены, што не:
— Я думаю, што ў Крамлі наогул ужо банальна не звяртаюць увагі на яго заявы, мяркуючы, што сёння ён кажа адно, заўтра — іншае, а ў выніку рабіць ён будзе так, як яны палічаць патрэбным. Калі паглядзець перыяд пачынаючы з 2020 года, то ў Лукашэнкі былі розныя заявы, і яны не заўсёды ўпісваліся ў тое, што хацелі б чуць расіяне. Але яны яго больш не абсякаюць, у адрозненне ад мінулых гадоў. Я думаю, што ў іх узяў верх пункт гледжання «Ды якая розніца, што ён там кажа? Няхай кажа што хоча, але рабіць ён усё роўна будзе тое, што захочам мы».
«Гэта можа быць сігналам Захаду»
Палітолаг Леся Руднік звяртае ўвагу на тое, што супрацьлеглыя па сэнсе заявы Лукашэнкі — частая практыка яго публічных выступаў. Экспертка ўпэўненая, што на гэта могуць уплываць розныя фактары — настрой палітыка, змена ўнутрыпалітычнага парадку дня і жаданне паслаць сігнал Расіі ці Захаду:
— З аднаго боку, яго першая заява пра тое, што ён пойдзе на выбары, можа быць сігналам Расіі, што ўсё пад кантролем: ранейшыя стасункі працягваюцца, і ён гатовы далей гарантаваць ёй падтрымку ў вайне супраць Украіны на міжнародных платформах. Але адначасова гэта ж можа быць сігналам Захаду. Ён спрабуе паказаць, што давядзецца яго яшчэ цярпець і менавіта з ім давядзецца дамаўляцца. Можа, ён не мае ад Расіі абяцанняў пра тое, што атрымае за лаяльнасць, і такім чынам паказвае краінам Захаду, што ёсць прастора для перамоваў.
Леся Руднік лічыць, што Лукашэнка не гатовы аддаць уладу ў 2025 годзе. Таму паказная няўпэўненасць у жаданні ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах — гульня для Расіі з мэтай выгандляваць для сябе найлепшыя ўмовы за яе падтрымку.
— Магчыма, ён хоча падкрэсліць, што Расіі трэба напружыцца і прапанаваць Лукашэнку штосьці, каб ён застаўся пры ўладзе, — кажа Руднік. — Гэта той варыянт, які найбольш прымальны для Расіі, бо яны разумеюць, што цяпер Лукашэнка сапраўды цалкам трымае кантроль над Беларуссю і забяспечвае тую падтрымку, якая патрэбная Расіі. Але таксама не будзем забываць, што гэта адбываецца ў складаным медыйным кантэксце, і гэта можа быць проста яго сапраўды няпэўная пазіцыя — ісці ці не ісці на выбары.
Навіны могуць збіваць з панталыку і супярэчыць адна адной. «Люстэрка» імкнецца растлумачыць, што адбываецца ў беларускай палітыцы, і паказаць рэальны кантэкст падзей.
Дапамажыце «Люстэрку» працаваць далей
Мы спадзяёмся, што якасная аналітыка ад незалежных экспертаў дазволіць вам лепш зразумець беларускую палітыку (і чаго чакаць у будучыні).
Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Гэта бяспечна?
Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».
Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне або аформіць рэгулярны плацёж. Рэгулярныя данаты нават на невялікую суму дазволяць нашай рэдакцыі лепш планаваць уласную працу.
Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.
Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon — вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.