Новы кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў загаварыў пра ініцыятыву падчас аказання медпаслуг — ён хоча зраўнаваць цэны на іх у дзяржпаліклініках і прыватных медцэнтрах. Спыталі эканаміста, да чаго можа прывесці такая ініцыятыва. Калі каротка: у перспектыве яна можа пагражаць праблемамі з медкадрамі, а цэны ў медцэнтрах усё роўна наўрад ці знізяцца.
Мінздароўя загаварыла пра ўраўнілаўку цэн на медпаслугі
Міністр аховы здароўя хоча вырашыць «праблему» разрыву ў цэнах паміж платнымі паслугамі ў дзяржаўных паліклініках і прыватных цэнтрах.
— Кансультацыя спецыяліста ў арганізацыі аховы здароўя можа пачынацца ад 15 рублёў. Але чамусьці ў прыватных кампаніях яна пачынаецца ад 50 рублёў, — заявіў кіраўнік Мінздароўя Аляксандр Хаджаеў у эфіры АНТ. — У большасці сваёй гэта спецыялісты, якія, не атрымаўшы нейкіх дадатковых ведаў, проста пераходзяць у прыватную сістэму, аказваюць абсалютна тую ж паслугу. Тут, калі структуру ўзяць цаны, прафесійна не будзе ніякіх адрозненняў. Мы мусім быць роўныя перад законам, перад умовамі і ва ўмовах, у якіх мы працуем. Тады, напэўна, і цэны будуць блізкія адна да адной, і сацыяльная нагрузка, і адказнасць нашых прыватных партнёраў будзе крыху іншай.
У Беларусі адносна нізкія цэны на медпаслугі за кошт стрымлівання зарплат дактароў
Старшы навуковы супрацоўнік BEROC, эканаміст Дзмітрый Крук лічыць такі падыход новага кіраўніка Мінздароўя (калі ён будзе рэалізаваны) нерабочым інструментам, які прывядзе да негатыўных наступстваў.
Сёння сістэма аховы здароўя ў Беларусі трымаецца на невысокіх і моцна заніжаных заробках дактароў, лічыць эканаміст. Заробкі дактароў у сярэднім перавышаюць сярэднія па краіне прыкладна ў 1,5 разу. Для параўнання: у краінах Еўропы — як мінімум у два разы вышэйшыя за сярэдні, адзначае эксперт са спасылкай на звесткі Еўрапейскага Цэнтрабанка.
— То-бок усюды праца доктара цэніцца нашмат вышэй. Больш яскрава гэта выяўляецца, калі мы паглядзім на суадносіны заробкаў у даляравым і еўравым эквіваленце паміж Беларуссю і суседнімі краінамі. У нас гэта крыху менш за 3 тысячы рублёў, то-бок менш за тысячу еўра. А ў заходніх суседзяў гэта прыгамсі 1,7−1,8 тысячы еўра (5,9−6,2 тысячы рублёў паводле курса Нацбанка на 19 лютага. — Заўв. рэд.). У Расіі лічбы таксама істотна вышэйшыя, чым у Беларусі, — адзначае Дзмітрый Крук.
Пра нізкія заробкі дактароў таксама кажуць звесткі міжнароднай праграмы параўнанняў (ICP) Сусветнага банка. Зыходзячы з прыведзеных там звестак, як падкрэслівае эксперт, суадносіны сярэдніх цэн у ахове здароўя з агульнымі сярэднімі цэнамі ў краіне ў Беларусі самыя нізкія сярод суседзяў. Гэта таксама дасягаецца ў першую чаргу за кошт нізкай аплаты працы работнікаў сістэмы аховы здароўя, у тым ліку дактароў.
Галоўная рызыка ініцыятывы — узмацненне адтоку дактароў
Прыватныя клінікі ў Беларусі даюць беларускім дактарам магчымасць пераадолець столь у аплаце іх працы, бо ў сярэднім заробкі там вышэйшыя, чым у дзяржустановах. Нярэдка дактары сумяшчаюць працу ў дзяржклініках і прыватных медцэнтрах, каб павялічыць свае даходы. Пры гэтым прывядзенне цэн для прыватных клінік да ўзроўню цэн у дзяржустановах пацягне за сабой тое, што і заробкі дактароў у недзяржаўным сектары будуць падаць.
— Самае відавочнае і галоўнае наступства — яшчэ больш дактароў з’едзе, — лічыць эканаміст. — Прыгон можа працаваць, калі краіна закрытая, рынак не глабалізаваны. А з аховай здароўя ў апошнія гадоў 20 адбываецца акурат зваротная сітуацыя, асабліва ярка — у апошнія 5−7 гадоў. Суседнія з намі краіны ЕС на парадак вышэйшыя па заробках і якасці аховы здароўя, але ніжэйшыя, чым Германія і іншыя развітыя краіны. Але яны актыўна падцягваюцца да такіх краін. Адпаведна, узровень даходаў там расце самымі хуткімі тэмпамі, а бар’еры для нашых дактароў зніжаюцца.
Гэта значыць, што беларуская сістэма аховы здароўя для яшчэ большай часткі дактароў будзе нязручнай для працы, у той час як перспектывы працаваць у суседніх заходніх краінах будуць станавіцца прывабнейшымі. І нават калі трымаць маладых медыкаў жорсткімі тэрмінамі адпрацоўкі, як толькі ў іх з’явіцца магчымасць, прыкметная частка з іх будзе выбіраць працу ў іншай краіне, лічыць эканаміст.
У ініцыятывы, якую агучыў кіраўнік Мінздароўя, будуць і іншыя наступствы, працягвае аналітык. Сярод іх — тое, што медцэнтры, магчыма, будуць выкручвацца, прыдумляючы плату за «няісныя паслугі» ў дадатак да асноўных. Напрыклад, той жа прыём у доктара афіцыйна будзе каштаваць умоўныя 15 рублёў, але да яго ў нагрузку будзе ісці дадатковая паслуга для кампенсацыі стратаў. То-бок бізнесу працаваць будзе складаней, а для кліента агульны кошт паслуг калі і знізіцца, то нямоцна.
Чаму цэны ў дзяржаўных і прыватных клініках не могуць быць аднолькавымі
— У дзяржаўных клініках цэны грунтуюцца на затратным метадзе цэнаўтварэння. То-бок вызначаецца так званы сабекошт паслугі. Ключавы кампанент у ёй — нізкая зарплата доктара і мінімальная рэнтабельнасць. У выпадку прыватнага медцэнтра сэнс яго ў тым, што ён існуе ў рынкавым цэнаўтварэнні, — тлумачыць эканаміст.
Прыватныя медклінікі, як і любы бізнес, не могуць працаваць сабе ў страту. Цэны там бяруцца не са столі, а фармуюцца з пэўных разлікаў, а таксама попыту з боку кліентаў.
Штучнае трыманне цэн ніжэй за рынкавы ўзровень вымусіць недзяржаўныя клінікі зніжаць выдаткі, бо яны не спансаруюцца з бюджэту. Гэта можа прывесці да падзення заробкаў дактароў і ў недзяржаўных клініках, а таксама да зніжэння якасці тамтэйшых паслуг.
— Для дактароў праца за нізкую зарплату ў дзяржаўнай сістэме — гэта, па сутнасці, адзіная магчымасць атрымаць стаж, досвед, практыку, каб потым зарабляць грошы. Адпаведна, тыя, хто ідзе ў прыватныя клінікі, маюць гэты досвед і хочуць зарабляць па рынкавых [умовах], — кажа эканаміст. — Калі ім паставіць адміністрацыйнымі метадамі столь цэн [і ў прыватным сектары медыцыны], то дактары проста перастануць гэтыя паслугі аказваць, бо для іх не будзе сэнсу ісці працаваць у прыватны цэнтр.
Чытайце таксама


