Расія размясціла тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, каб процідзейнічаць «агрэсіўнай дзейнасці NATO». Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных справаў РФ Сяргей Рабкоў. Ён дадаў, што гэтае рашэнне Расія і Беларусь прымалі сумесна.
«Размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі ажыццёўленае ў рамках процідзеяння ўсё больш агрэсіўнай і ўсё больш пагрозлівай дзейнасці Паўночнаатлантычнага альянсу на чале з ЗША, правядзенню гэтым альянсам лініі на нанясенне Расіі стратэгічнай паразы, пашырэнню практыцы сумесных ядзерных місій NATO і шмат чаму іншаму. Нашае сумеснае з Мінскам рашэнне размясціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі абавязанае лініі калектыўнага Захаду. Розніца паміж намі і NATO велізарная, мы праяўляем максімальную адказнасць», — лічыць Рабкоў.
Прадстаўнік расійскага МЗС таксама заявіў, што Расія не плануе размяшчаць сваю ядзерную зброю ў іншых краінах, акрамя Беларусі.
Нагадаем, пра намер размясціць расійскую тактычную ядзерную зброю ў Беларусі прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін абвясціў у сакавіку 2023 года. Пуцін патлумачыў гэта просьбамі Лукашэнкі, а таксама звяртаў увагу на тое, што ЗША размяшчаюць ядзерную зброю на тэрыторыі краін-саюзнікаў у Еўропе. Тады ж ён сказаў, што сваімі дзеяннямі Расія не парушыць дамовы пра нераспаўсюд ядзернай зброі, бо не перадае гэтую зброю Беларусі, а ўсяго толькі размесціць яе пад сваім кантролем на беларускай тэрыторыі.
У канцы траўня міністры абароны дзвюх краін Сяргей Шайгу і Віктар Хрэнін падпісалі неабходныя для гэтага дакументы. Крыху пазней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ядзерныя боепрыпасы ўжо пачалі ўвозіць у Беларусь.
У чэрвені 2023 года прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што ў Беларусь для размяшчэння на яе тэрыторыі дастаўленая першая партыя ядзерных зарадаў. У кастрычніку таго ж года ў МЗС РФ заявілі, што расійская ядзерная зброя застанецца ў Беларусі, пакуль у Еўропе застаецца ядзерная зброя ЗША.