У чацвер, праводзячы нараду па цэнах, Аляксандр Лукашэнка гаварыў амаль шэптам. Такое з ім ужо здаралася. Але, напэўна, упершыню ў гісторыі прапаганда сама першая звярнула на гэта ўвагу. Больш за тое, пасля мерапрыемства стан Лукашэнкі для дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 1» пракаментаваў экс-міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Хоць звычайна пра самаадчуванне палітык зрэдку расказваў сам альбо гэта рабіла яго прэс-сакратар. Ні прапаганда, ні чыноўнікі пра ягонае здароўе і не заікаліся нават пры відавочных прыкметах праблем. Што змянілася і чаму? «Люстэрка» спытала пра гэта палітолага Аляксандра Фрыдмана.
Аляксандр Фрыдман звяртае ўвагу на тое, як дэманстратыўна было зробленае паведамленне прэс-службы Лукашэнкі пра тое, што нараду па цэнах той праводзіць шэптам. А таксама наколькі ненатуральна быў падрыхтаваны каментар Уладзіміра Караніка, якога журналістка дзяржаўнага тэлебачання нібы выпадкова сустрэла на выхадзе з нарады.
— Мы тут маем пажылога чалавека, якому ў наступным годзе будзе 70 і які ўжо доўгі час знаходзіцца на пасадзе, звязанай з пералётамі, паездкамі, велізарным стрэсам, — тлумачыць аналітык. — Тое, што фізічны стан гэтага чалавека пагаршаецца, — аб’ектыўны працэс, і, вядома ж, яго пасада і лад жыцця на гэта ўплываюць. Мабыць, праблемы са здароўем у яго сапраўды прысутнічаюць, і яны цяпер спрабуюць знайсці нейкую залатую сярэдзіну.
Першая мэта — купіраваць гэтыя праблемы кожны раз, калі яны будуць выяўляцца. Бо яны не ўсё могуць схаваць, як, напрыклад, калі ён наведвае іншыя краіны і на здымках мясцовага ТБ відаць, што кепска выглядае.
Другая мэта — апрабаваць на будучыню схему, як яны будуць з гэтымі выклікамі абыходзіцца. Калі Лукашэнка захварэе і не зможа гаварыць, то людзі павінныя паступова прывыкаць, каб не рэагавалі на гэта як на нейкую сенсацыю. Бо з вобразам маладога здаровага прэзідэнта, які яны прадавалі апошнія 25 гадоў, мабыць, узніклі вялікія цяжкасці.
Аляксандр Фрыдман параўноўвае сітуацыю вакол стану здароўя Лукашэнкі з падобнай гісторыяй, што здарылася пасля заканчэння Другой сусветнай вайны з кіраўніком СССР Іосіфам Сталіным, які не давяраў дактарам і баяўся, што яго атачэнне і грамадзяне краіны даведаюцца, што правадыр занядужаў.
— У Караніка ж гэта таксама праслізгвае — ён сказаў, што Лукашэнка не прыслухоўваецца да парадаў дактароў і робіць тое, што сам хоча, — дадае аналітык. — Са Сталіным сітуацыя была такая ж. Калі ўзнікалі праблемы са здароўем, дактары не маглі іх вырашыць, бо ён не слухаў і абвінавачваў іх у недахопе кваліфікацыі. Казаў, што яны няздольныя яму дапамагчы, і ў выніку вінаватымі аказваліся не яго хваробы, а дактары. Сталін выдатна разумеў: калі яго атачэнне разбярэцца, што правадыр саслабеў, што ён нямоглы і стары і ў нейкі момант можа нават памерці, то сістэма абрынецца.
У Лукашэнкі сістэма персаналісцкая — як і савецкая, яна заточаная на аднаго чалавека. Ён гэта, вядома, разумее, і з інфармацыяй пра яго здароўе абыходзяцца надзвычай педантычна і выдаюць яе дазавана.
Чытайце таксама