Сітуацыя з выкананнем меліярацыйных мерапрыемстваў у асобных абласцях далёкая ад ідэальнай, заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 19 снежня па пытаннях развіцця Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі і правядзення меліярацыі, перадае прэс-служба палітыка.
Лукашэнка нагадаў, што год таму на рэспубліканскім семінары-нарадзе па пытаннях аднаўлення і выкарыстання меліярацыйных земляў былі акрэсленыя цалкам зразумелыя задачы.
— Дамовіліся пра неабходнасць з 2023 па 2025 год аб’ёмы меліярацыйных мерапрыемстваў патроіць у дачыненні да паказчыка 2021 года. Як мне дакладвае профільны віцэ-прэм'ер, патроілі сёлета. Але што мяне здзіўляе: усё паламанае, усё зламанае, ратаваць трэба меліярацыю як галіну. А як жа ў тры разы павялічылі за гэты год? Ці вы хочаце выдаць жаданае за сапраўднае? Не атрымаецца, — падкрэсліў Лукашэнка, адзначыўшы, што яго «насцярожвае праца ўрада па некаторых напрамках», а асобныя яго «прынцыповыя» даручэнні так і засталіся нявыкананымі. — Гэта што, практыкай становіцца ўрада? Гэта недапушчальна. Са мной гэта не пракоціць.
Чыноўнікі абавязаліся ўвесці ў сельскагаспадарчы абарот сёлета 110 тысяч га земляў. Рашэнні па фінансаванні меліярацыйных работ і закупцы тэхнікі прынятыя ў сярэдзіне года.
— Сабралі з усіх галін грашовыя рэсурсы і аддалі для меліярацыі. Аднак, як мне дакладваюць, у асобных абласцях сітуацыя з выкананнем далёкая ад ідэальнай, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Для яе выпраўлення ўрад з аблвыканкамамі ініцыююць змяненне структуры выконваных работ з канцэнтрацыяй рэсурсаў на культуртэхнічнай меліярацыі. На гэта Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што культуртэхніка і меліярацыя хоць і падобныя, але розныя рэчы. У першым выпадку гаворка ідзе проста пра прывядзенне ў парадак сельскагаспадарчых угоддзяў — напрыклад, высечку хмызняку.
— Не атрымалася капаць і пракладаць дрэны, ратаваць сельскагаспадарчыя ўгоддзі сур’ёзным чынам, вы мне падкідваеце ініцыятыву ўсё гэта перавесці ў культуртэхнічныя працы. А заўтра вы прапануеце грошы, якія адпушчаныя на меліярацыю, перакінуць на высечку хмызнякоў. Дык вось маё рашэнне: хмызнякі, Раман Аляксандравіч (прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. — Заўв. рэд.), будзеце высякаць сякерай і рыдлёўкамі. Гэта павінныя рабіць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы — культуртэхнічныя мерапрыемствы. А меліярацыю будзем весці так, як належыць па навуцы, — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён таксама заявіў, што яго дзівіць стаўленне адказных службовых асоб да гэтых пытанняў.
— Мною імем рэвалюцыі прынятае рашэнне па фінансаванні гэтых работ. Я вас папярэджваў, што мы адрываем, як я часта кажу, ад лекаў і іншага для таго, каб выратаваць землі сельскагаспадарчага прызначэння. Чаму? Таму што 8 мільярдаў даляраў у нас экспарт па сельгаспрадукцыі. Чаго нам не хапае? Зямельных рэсурсаў? Дык у нас жа прастойвае як мінімум паўмільёна гектараў (больш нават) — тое, што мы запланавалі па меліярацыі. Трэба выратаваць тое, што сёння можна і трэба выратаваць, — паставіў задачу Лукашэнка.