У Беларусі назвалі дзесяць вакансій з самым высокім заробкам за лістапад. Падборку апублікавала дзяржагенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на банк вакансій. На стаўкі з аплатай больш за 4,5 тысячы рублёў, мяркуючы з гэтага топу, шукаюць у асноўным дырэктараў і кіраўнікоў структурных падраздзяленняў або аддзелаў.
На першым месцы — вакансія з заробкам 19 тысяч рублёў. Столькі абяцае плаціць рэзідэнт Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку таму, хто зойме пасаду дырэктара ў будаўнічай арганізацыі.
На другой пазіцыі заробак прапануюць ужо прыкметна ніжэйшы — ад 7,5 да 9 тысяч. Шукаюць начальніка ўчастка ў беларускай кампаніі — падрадчыку ў сферы палевага фундаментабудавання, працаваць трэба будзе на аб’екце ў вёсцы Баршчоўка Гомельскай вобласці.
Замыкае тройку вакансія дырэктара ў тэлекамунікацыйнай кампаніі з кітайскім капіталам у Мінску, за працу абяцаюць плаціць 6−8 тысяч рублёў.
У МТС шукаюць галоўнага спецыяліста па абароне на зарплату 5800 рублёў, на МАЗе — намесніка гендырэктара — дырэктара па закупках, на гэтай пазіцыі прапануюць ад 5514 да 7353 рублёў. На РУП «Белмытнясэрвіс» вольная пасада гендырэктара — за гэтую працу абяцаюць плаціць 5500−7630 рублёў у месяц.
На гродзенскай тытунёвай фабрыцы «Нёман» патрэбны галоўны інжынер — першы намеснік дырэктара, плаціць абяцаюць каля 5450 рублёў штомесяц. А на БелАЭС у Астраўцы шукаюць дасведчанага начальніка змены аператыўна-вытворчай службы, там прапануюць жыллё ад прадпрыемства і заробак 4678−7017 рублёў.
Закрываюць топ -10 вакансіі на «Легмашы», дзе шукаюць намесніка дырэктара — галоўнага інжынера на заробак 4500−4800 рублёў, і на прадпрыемстве з Салігорска, якое прапануе працу электразваршчыкам вахтавым метадам у Расіі з выплатай каля 4500 рублёў за месяц.
Чытайце таксама