Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Беларусам, которые получили греческий шенген, звонят из посольства. Вот что спрашивают, и почему лучше ответить
  2. Почему в Литве призвали запретить «Пагоню»? Мнение
  3. Беларусов выгоняли из Польши, а поток в обратную сторону было не сдержать. Вспоминаем послевоенный обмен народами — о нем знают не все
  4. В Беларуси вернулись авиатуры в популярную у туристов страну ЕС. Есть вариант с вылетом из Минска
  5. Вы наверняка слышали о пенсионной ловушке и, возможно, думали, как работающий человек может в нее попасть. Вот наглядный пример — был суд
  6. С 1 июля заработает очередное пенсионное изменение. Рассказываем, что важно об этом знать
  7. Редкоземельная путаница: объясняем, почему Трамп требует от Украины то, чего у нее нет, и что у нее есть на самом деле
  8. «Один из самых понятных, очевидных и уже использованных сценариев». Аналитик — о поведении Трампа в отношении Украины, Путина и Беларуси
  9. Генпрокурор Швед нашел десятки «аномальных» районов страны и пообещал их «серьезно» проверить
  10. Власти по-прежнему пытаются «отжимать» недвижимость у уехавших за границу из-за политики. На торги снова выставляли такое жилье
  11. Чиновники предупредили население, чтобы готовились к очередным пенсионным изменениям
  12. Россия требует от Украины сдать несколько крупных городов, которые у нее нет шансов захватить, а вместе с ними и более миллиона жителей
  13. Беларуска купила Audi, а прокуратура заподозрила, что воспитывающая ребенка учительница не могла себе этого позволить. Что решил суд
  14. «Стены дрожали». В Минске прозвучал грохот, похожий на звуки от двух взрывов, — вот что известно
Читать по-русски


Артыкул украінскага галоўнакамандуючага Валерыя Залужнага ў The Economist стаў халодным душам для многіх заходніх экспертаў і палітыкаў. Кіраўнік Генштаба УСУ заяўляе, што вайна перайшла ў пазіцыйную стадыю. У інтэрв'ю гэтаму ж выданню ён апісвае сітуацыю як «тупік», які не абяцае «глыбокіх і прыгожых прарываў». Арцём Шрайбман разважае, што гэтая новая рэальнасць на фронце значыць для Беларусі.

Арцём Шрайбман

Палітычны аналітык

Вядоўца праекта «Шрайбман адкажа» на «Люстэрку». Запрошаны эксперт Фонду Карнегі за міжнародны мір, у мінулым — палітычны аглядальнік TUT.BY і БелаПАН.

Успрымаць тэкст Залужнага варта праз прызму яго ролі ваеначальніка. Ён мусіць вызваляць тэрыторыю сваёй краіны. Залужны — не ваенны аналітык і не аматар проста для разнастайнасці пхаць айчынную і заходнюю аўдыторыю ў дэпрэсію. Калі гэты артыкул і інтэрв'ю пабачылі свет — значыць, за імі стаяць канкрэтныя ваенна-палітычныя задачы.

Яны робяцца відавочнымі, калі чытаеш поўную версію яго тэксту на ўкраінскай: Залужны метадычна і спакойна тлумачыць, якія тыпы ўзбраенняў і тэхналогій патрэбныя УСУ, каб выйсці з цяперашняга тупіка. Яго тэкст — спроба пераканаць саюзнікаў Украіны, што ў іх няма магчымасці чакаць лепшага выніку на полі бою без сур’ёзнейшага падыходу да забяспечання Кіева. Для гэтага трэба даць Захаду зразумець, што дзеецца, нават калі гэта азначае прызнаць услых непрыемную рэальнасць.

Таму мы не ведаем, якімі будуць наступствы гэтага халоднага душа. У адной рэальнасці заходнія саюзнікі дапамагаюць Украіне выйсці з каляіны, пазначанай Залужным, і вайна не фіксуецца ў цяперашнім стане. У другой яны працягваюць забяспечваць УСУ не на перамогу, а на тое, каб яны не прайгралі. Не больш мы разумеем і пра ўзровень знясіленасці расійскіх войскаў і тое, якую доўгатэрміновую шкоду ім можа наносіць сённяшні фармат вайны — з рэгулярнымі ўкраінскімі ўдарамі па складах, караблях і штабах дальнабойнымі ракетамі і дронамі.

Я пішу гэта для таго, каб з поля зроку не знікала галоўная асаблівасць любой, і асабліва гэтай вайны: няма ніякай перадвызначанасці. Тое, што сёння здаецца новай рэальнасцю на гады, можа памяняцца за пару тыдняў, і мы паспеем забыць усе планы і прагнозы, якія зрабілі зыходзячы з чакання шматгадовага тупіка.

Але і ігнараваць такі сцэнар таксама нельга, і, па-мойму, прыйшоў час больш сур’ёзна пра яго пагаварыць. Многія прыхільнікі пераменаў у Беларусі, уключаючы мяне, прывыклі думаць пра будучыню ў фармаце «да і пасля», дзе лініяй змены эпох будзе параза Расіі ў вайне. На доўгатэрміновую перспектыву гэты погляд усё яшчэ актуальны. Але артыкул Залужнага і халодны аналіз сітуацыі на полі бою і ў эканоміцы праціўнікаў паказваюць, што стан «да» можа цягнуцца доўгія гады.

Прычым гэтыя гады не абавязаныя суправаджацца перамір'ем ці спыненнем агню. Спробы некаторых галасоў на Захадзе націснуць на Кіеў, каб ён пайшоў на такія перамовы з Масквой, ігнаруюць палітычную рэальнасць як у Расіі, так і ва Украіне. У Пуціна няма ўнутраных стымулаў спыняць баявыя дзеянні, яго рэжым зліўся са станам вайны, знайшоў у ёй крыніцу легітымнасці і даўгалецця. Ва Украіне ж немагчыма растлумачыць як кіраўніцтву краіны, так і выбаршчыкам, чаму яны мусяць верыць, што Крэмль будзе выконваць умовы любой угоды, а не пойдзе ў новы наступ, узяўшы перадышку на пераўзбраенне.

Для перспектываў змены сітуацыі ў Беларусі гэты тупік — імаверна, самы песімістычны сцэнар. Млявая вайна малой інтэнсіўнасці выглядае палітычна аптымальным варыянтам для Лукашэнкі.

Так беларусы ўнутры краіны з той часткі грамадства, што вагаецца, усё яшчэ маюць пад бокам наглядны прыклад, што жыццё можа быць горшым. Расія працягвае займацца вайной, не адцягваючыся на паралельныя авантуры, напрыклад, па паглынанні Беларусі. Але стымул падтрымліваць Лукашэнку застаецца мацнейшым, чым у мірны час, калі ў размову ўмешваюцца больш бухгалтарскія матывацыі. Пры гэтым расійскі ВПК працягвае працаваць «у тры змены», што дае крыніцу заказаў для беларускай прамысловасці.

Якімі могуць быць рухальныя сілы для пераменаў у Беларусі, калі такая рэальнасць — тупік на вайне ва Украіне — усталюецца на некалькі гадоў?

Пакідаючы ўбаку відавочныя і не надта прадказальныя фізічныя сконы (і іншыя праблемы са здароўем) Пуціна ці Лукашэнкі, мы прыходзім да дзвюх крыніц магчымых праблем у Мінска: эканомікі і прыязнасці Расіі. Прычым цяжка ўявіць сабе сітуацыю, калі ламаецца толькі адна з гэтых падпорак улады, а другая застаецца цэлай.

Так, цалкам магчымы рукатворны фінансавы крызіс узору 2011 года ў Беларусі, выкліканы толькі памылкамі эканамічных уладаў. Ужо цяпер, паставіўшы прамысловы рост у аснову, урад перанасычае эканоміку таннымі грашыма, пры гэтым адміністрацыйна стрымлівае цэны. Эканамісты папярэджваюць, што гэта небяспечная сітуацыя, і, спрошчана кажучы, можа рвануць.

Але сам па сабе эканамічны крызіс хоць і дадае валацільнасці агульнай сітуацыі ў краіне, не абавязаны прывесці да нейкіх палітычных праблем для Лукашэнкі. Пры сённяшнім сілавым кантролі за грамадствам і захаванні лаяльнасці Масквы ў апошняй знойдзецца некалькі мільярдаў на тушэнне пажару ў Беларусі.

Нашмат сур’ёзней, калі гэта будзе крызіс, выкліканы свядомым рашэннем Масквы прыкруціць «вентыль», даваць менш дапамогі, чым хоча Мінск, ці не кампенсаваць страты ад пагаршэння эканамічнай кан’юнктуры ў свеце і ў Расіі. Сцэнараў такога пагаршэння можа быць нямала — ад моцнага падзення цэн на нафту і новай расійскай рэцэсіі да выцяснення беларускіх тавараў з расійскага рынку кітайскімі канкурэнтамі.

Мінск і Масква могуць прыйсці да сур’ёзных эканамічных канфліктаў, як у старыя часы, з дзвюх прычын — калі Пуцін запатрабуе чагосьці, чаго Лукашэнка не захоча даць (інтэграцыйных ці занадта некамфортных ваенных саступак), або калі Мінск пачне занадта абуральна наладжваць дыялог з Захадам.

Рукопожатие Владимира Путина и Александра Лукашенко перед военным парадом в День Победы в Кремле, Москва, Россия, 9 мая 2023 года. Фото: Reuters
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка паціскаюць адзін аднаму рукі перад вайсковым парадам у Дзень Перамогі ў Крамлі, Масква, Расія, 9 траўня 2023 года. Фота: Reuters

Першае ў значнай ступені залежыць ад капрызаў расійскага кіраўніцтва і таму складана паддаецца прагнозу. Тут ёсць шмат сваіх пераменных — ад занурэння асабіста Пуціна ў месіянства да стомленасці расійскага грамадства ад вайны з Украінай і, як вынік, стымулу для Крамля пераключыць увагу расіян на новыя знешнія перамогі кшталту зліцця з Беларуссю.

З другім — новым этапам флірту Мінска з Захадам як раздражняльніка для Масквы — таксама ёсць шмат невядомых. Але гады пазіцыйнай вайны ва Украіне павялічаць шанцы на аднаўленне такога дыялогу.

За гарызонтам выбараў 2025 года пратэсты і гвалт 2020-га для новых еўрапейскіх і амерыканскіх палітыкаў ужо будуць далёкім мінулым, якога большасць з іх не заспела. Частка палітвязняў адседзіць свае тэрміны, і таму не выключана, што іх стане менш, чым сёння.

Калі Лукашэнка не падкіне новых падставаў успамінаць пра гэта, то суўдзел Мінска ва ўварванні 2022 года пацьмянее ў парадку дня заходніх сталіц яшчэ мацней, чым сама вайна. Яна ў гэтым сцэнары, на жаль, стане такой жа руцінай для Захаду, якой была да 24 лютага 2022 года.

Будзе расці колькасць і ўплывовасць галасоў на Захадзе, якія будуць прапаноўваць кропкавае паслабленне санкцый за вырашэнне ўсяго адной праблемы ў Беларусі — вызвалення астатніх палітвязняў.

Да таго часу будзе цалкам дыскрэдытаваная ідэя пра тое, што санкцыямі ўсё яшчэ можна давесці рэжым Лукашэнкі да калапсу, але трэба толькі яшчэ трошачкі пачакаць. А значыць, санкцыі паступова страцяць сённяшнюю «недатыкальнасць». Мінск жа ўсё яшчэ будзе зацікаўлены ў зняцці гэтых абмежаванняў, асабліва калі паступова будзе вычэрпвацца эканамічны эфект ад выбуховага росту расійскага ВПК і яго попыту на беларускія тавары.

Ці пяройдзе Лукашэнка ў гэтай размове з Захадам расійскія чырвоныя лініі? Ці стануць у сваю чаргу гэтыя чырвоныя лініі яшчэ менш гнуткімі па меры старэння Пуціна і акуклення яго рэжыму? Ці з’явяцца ўнутры Беларусі новыя моцныя раздражняльнікі грамадскага спакою, якім стала пандэмія ў 2020-м? Бо да «вайны на фоне» прывыкне не толькі Захад, але паступова — і беларускае грамадства, а значыць, пераканаўчасць аргументу пра «Лукашэнка — гарант міру ў краіне» таксама будзе падаць для людзей за межамі ягонага ядра падтрымкі.

Усе гэтыя пытанні будуць надзвычай важныя для нашай будучыні. Але галоўная прамежкавая думка палягае ў тым, што за Пуціным і Лукашэнкам ва ўладзе ўявіць сабе перамены ў Беларусі без пагаршэння адносін Мінска і Масквы вельмі складана. З пункту гледжання перспектываў дэмакратызацыі ў Беларусі Масква мусіць стаць альбо няздольнай, альбо не надта зацікаўленай у тым, каб утрымліваць прарасійскую дыктатуру ў нашай краіне. Працяг «тупіковай» пазіцыйнай вайны ва Украіне, пра якую напісаў Залужны, не вызваляе Лукашэнку ад усіх патэнцыйных праблем у найбліжэйшыя гады. Але ў параўнанні з альтэрнатывамі яна выглядае для яго самым спакойным сцэнарам.

Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.