У Беларусі, паводле звестак праваабаронцаў, амаль 1500 палітвязняў. Насамрэч жа іх колькасць можа быць у некалькі разоў вышэйшай. Гэтыя людзі пазбаўленыя волі (хто на год, а хто амаль на 20 гадоў), многіх правоў, магчымасці бачыць свае сем'і. Яны страчваюць здароўе, а ў некаторых выпадках — і жыццё. Але ёсць яшчэ адзін момант, які ўскладняе іх сем’ям чаканне вяртання родных дадому, — фінансавы. Некаторыя беларусы, якія аказаліся за кратамі, мелі крэдыты. Іх даўгі не замарожваюцца ў чаканні вызвалення, часцей за ўсё пазыкі кладуцца на плечы сем’яў. «Люстэрка» пагаварыла з мамамі двух палітвязняў пра тое, як яны спраўляюцца з даўгавымі абавязаннямі, пакуль іх дзеці за кратамі.
Усе імёны суразмоўніц і іх сваякоў-палітвязняў змененыя з меркаванняў іх бяспекі. З гэтай жа прычыны мы наўмысна не прыводзім дакладнай інфармацыі пра даты затрыманняў, судоў, прызначаныя крымінальныя тэрміны і сумы крэдытаў.
Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага матэрыялу праекту падтрымкі палітвязняў Politzek.me.
«Падзарабіла на грыбах і ягадах — адразу ўсё перавяла банку»
Гісторыя Кірыла пачалася гэтак жа, як у многіх палітвязняў. Аднойчы ў 2021 годзе да яго прыйшлі сілавікі. Дома ў мужчыны правялі ператрус, а самога, паводле яго прызнанняў, збівалі, каб даведацца паролі ад камп’ютара і тэлефона. Потым праз знойдзеныя каментары і публікацыі ў сацсетках на яго завялі крымінальную справу і адправілі за краты.
Яго сям'і акрамя болю, крыўды і перажыванняў за Кірыла застаўся крэдыт, які мужчына браў на буйную пакупку і толькі-толькі пачаў выплачваць. Самі грошы — і ўзятыя ў доўг, і ўласныя ашчаджэнні ў эквіваленце больш чым 20 тысяч рублёў — былі арыштаваныя.
— Грошы проста ляжалі дома ў тумбачцы. Іх забралі, а крэдыт застаўся вісець, — расказвае яго мама Святлана. У размове яна не раз падкрэслівае, што крэдыт стаў вялізным цяжарам з яе мізэрнымі даходамі, але галоўнае ва ўсёй гэтай сітуацыі — гэта несправядлівасць арышту дзіцяці і пагаршэнне яго здароўя.
Пасля арышту сына і вырашэння ўсіх самых важных пытанняў, звязаных з гэтым, Святлана звярнулася ў банк. Яна прасіла даць адтэрміноўку па выплатах, спадзявалася хаця б на паўгода. Але там сказалі, што гэта магчыма толькі па рашэнні вышэйшага начальства банка і не больш чым на 2−3 месяцы. «Дык гэта ж нічога не зменіць, потым толькі плаціць больш давядзецца», — вырашыла Святлана і працягнула шукаць спосабы выплачваць даўгі сына.
— Далей я пачала плаціць, бо не хацела, каб у яго былі пазыкі. Там жа працэнты будуць расці. Я сама старалася ніколі не лезці ў гэтыя крэдыты, а тут такое атрымалася. Давялося плаціць, — працягвае яна і ўспамінае няпросты час пасля арышту сына: — Тады спатрэбілася яшчэ куча грошай і на адвакатаў, і на перадачы ў СІЗА, і на ўсякія штрафы, пошліны. Я ледзь спраўлялася, але не пакідала гэты крэдыт [нявыплачаным]. Добра, што дапамагалі, як маглі, яго аднакурснікі, сябры. Так што плачу па меры магчымасці. Кірыл прасіў мяне не плаціць, казаў усё пакінуць. Слухайце, але ж банк будзе патрабаваць, працэнты будуць расці.
Амаль уся канфіскаваная ў мужчыны падчас ператрусу сума пайшла на «кампенсацыю шкоды» па крымінальнай справе. Вярнулі толькі прыкладна пятую частку. Мама Кірыла паспяшалася гэтыя грошы перавесці банку, каб зменшыць пазыковы цяжар. Яна прызнаецца, што спачатку сума выплат па крэдыце была без малога роўная яе пенсіі — некалькі сотняў рублёў кожны месяц. На жыццё практычна нічога не заставалася.
— Але гэтым летам падзарабіла на грыбах і ягадах. Адразу ўсё гэта перавяла банку, каб зімой было крыху лягчэй — трэба ж будзе збіраць перадачу, бандэролі, купляць усякія вітаміны, — кажа яна. — Апошні раз перадачу збіралі дзесьці на 1300−1400 рублёў (і гэта я цыгарэт не купляю, так было б больш). Мне такіх грошай адразу нідзе і не знайсці. Таму я пасля адпраўкі чарговай перадачы адразу пачынаю закупляцца для наступнай. І тут таксама калі б не дапамагалі, я б сама не справілася. Калі гэтай дапамогі не стане, будзе вельмі цяжка.
Наконт выплаты крэдыту Святлана кажа, што «так, цяжка».
— Але я нічога не адчуваю (з нагоды крэдыту). Але адчуваю крыўду праз усё гэта, што Кірыла… Гэта ж наогул ненармальна. Ён жа ні ў чым не вінаваты, нічога кепскага не рабіў, ён жа не злачынец. А яны ўзялі і завялі крымінальную справу, ні за што пасадзілі. Гэта проста ненармальна… Я дагэтуль у шоку і не магу паверыць, — кажа Святлана. — Цяпер, дзякуй богу, трошкі на душы палягчэла, прызвычаілася. А першыя год-паўтара пасля арышту было вельмі цяжка і страшна. Пакуль гэтыя суды ішлі, пакуль яго пераводзілі то ў СІЗА, то адтуль. Мы ж спадзяваліся, што дадуць або ўмоўнае, або «хімію». Але яму далі занадта шмат. Калі будзе цуд, усе вернуцца раней дадому. А калі гэтага цуду не будзе, ніхто не вернецца дадому раней за час.
Сам Кірыл, паводле яе словаў, піша, што мала таго што пажыць паўнавартасна яшчэ не паспеў, дык пасля тэрміну застанецца яшчэ і з голымі кішэнямі.
«Прыйшоў ліст з банка — трэба пагасіць доўг»
Віктар па палітычных матывах трапіў за краты на велізарны тэрмін, параўнальны з тым, які паводле беларускіх законаў даюць за забойства. У мужчыны былі аформленыя некалькі крэдытаў, уключаючы жыллё. Яшчэ адна пазыка звязаная з бізнесам.
Што з першым крэдытам, мама палітвязня Марыя не ведае. Хутчэй за ўсё, яго працягвае выплачваць цяпер ужо былая жонка Віктара.
— Яна ад яго цалкам адмовілася, ніяк яму не дапамагае і са мной на сувязь не ідзе, — тлумачыць суразмоўніца прычыну адсутнасці інфармацыі. — Сумы па выплатах там ужо невялікія былі. Мабыць, хоча гэтую кватэру, якую ён будаваў — добрую, вялікую, — прадаць.
Сама Марыя ўжо пасля арышту сына аднойчы выпадкова даведалася пра іншы крэдыт, які Віктар калісьці браў для развіцця свайго бізнесу.
— Бачу — ляжыць у скрыні ліст. Праляжаў ён ужо доўга, можа, паўтара ці два месяцы. Гляджу, гэта ліст з банка на імя Віктара. Там пісалі, што тэрмін [карыстання сродкамі] заканчваецца і трэба пагасіць доўг. Натуральна, я пачала тэлефанаваць у банк. Думаю, даведаюся, на якім усё там свеце, можа, я магу нешта зрабіць і выплачваць. Вельмі доўга дамагалася, але датэлефанавалася, знайшла патрэбнага супрацоўніка — патлумачыла сітуацыю і кажу, што калі там сума, якая мне па сілах, то я магу аплаціць. Сказала, што я яго мама. А малады чалавек мне кажа: «Не, вы не маеце права». Я ім кажу: «Што ж рабіць, сын знаходзіцца ў калоніі». Ён адказвае: «Ну, будзем чакаць. Ніякіх звестак мы вам даць не можам». Я і сказала, што чакаць ім давядзецца шмат гадоў, бо сыну далі вельмі вялікі тэрмін. Ён, бедны, панура так кажа: «Будзем чакаць».
У Марыі не было даверанасці ад сына, каб высветліць суму ці ўмовы выплат па крэдыце, яна нават не ведае, ці налічваецца пеня і калі так, то з якой хуткасцю. «Вось так звестак мне не даюць, а ўсё гэта на ім так і вісіць. Як будзе далей, я не ведаю», — прызнаецца жанчына.
Марыя таксама перажывае, што Віктар страціў не толькі свабоду, але і ўсё астатняе — як матэрыяльнае, так і нематэрыяльнае, у першую чаргу — сям’ю.
— Рахункі закрытыя, штрафы там вялікія па справе, «маральная шкода», якую трэба кампенсаваць. Ён плаціць усё з заробку. А заробак гэты літаральна капейкі, — кажа яна. — Ведаеце, я перажываю за сына, бо разумею, што калі ён вернецца, то можа аказацца наогул без нічога. Цяпер, дзякуй богу, нам дапамагаюць: дзецям да школы, да Новага года давалі нейкія грошы. Мы іх перадаём, каб хоць на адзенне было. Хлопцы і дзяўчаты [знаёмыя сям'і] дапамагаюць — збіраюць, часам прыносяць грошы, каб мы яму аплачвалі харчаванне. Але ўявіце, была ў сына фірма, хай і маленькая, але яны ж жылі [за кошт яе]. А цяпер ад усяго давялося адмовіцца — нічога няма. Што будзе з кватэрай, якую ён будаваў, не ведаю.
— Цяпер вось з’явілася надзея — паднялі гэтае пытанне (здаецца, Анатоль Лябедзька займаецца або Святлана Ціханоўская), каб палітвязням аказвалі дапамогу. Як я зразумела, што кшталту нейкіх рахункаў, каб ім там нейкія грошыкі збіраліся да іх выхаду.
Нам не ўдалося знайсці пацверджання гэтай інфармацыі. Імаверна, суразмоўніца так зразумела прынцып праекта Канцэпцыі кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным асобам. Таксама вядома, што акрамя фондаў, якія ўжо дзейнічаюць, дэмсілы сапраўды агучвалі прапанову стварэння яшчэ адной сістэмы падтрымкі палітвязняў. У пачатку гэтага года Святлана Ціханоўская паведамляла, што на міжнародных пляцоўках заклікае стварыць міжнародны фонд для падтрымкі рэпрэсаваных. У верасні гэтае пытанне падымаў таксама дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, ён прапанаваў Еўрапарламенту і Еўрапейскаму саюзу стварыць фонд, са сродкаў якога беларускія палітвязні маглі б атрымліваць фінансавую падтрымку.
Прапанова стварыць спецыяльныя «рахункі палонных да запатрабавання» агучваў таксама вядомы рэстаратар і актывіст Вадзім Пракоп’еў у інтэрв'ю «Еўрарадыё».
— Вось так атрымалася, што сям’я засталася без кармільца — і незразумела наогул, што будзе, — кажа Марыя і пераходзіць да таго, што Віктар і яна перажываюць цяпер. — Кормяць іх там паршыва — ні гародніны, ні мяса нармальнага не даюць. Пераводжу яму нейкія грошы, каб ён мог купіць сякія-такія прадукты. Лекі вось з цяжкасцю перадала. Гэта таксама праблематычна. Збіраю перадачу. На ўсё гэта таксама ідуць жахлівыя грошы. Але самі разумееце, я — пенсіянерка, адкуль у мяне якія даходы? Калі б не фонды, якія стараюцца як могуць, дык увогуле не ведаю, дзе б мы былі за гэтыя гады ўжо.
Чытайце таксама


