Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Трэнд на рост даверу да рэжыму спыніўся. Разам з тым даследаванне паказала павольнае змяншэнне ядра незадаволеных. Пра гэта кажуць аўтары шостага выпуску «Беларускага трэкера перамен». Нягледзячы на розныя погляды на ваенны канфлікт Расіі і Украіны, рэспандэнты па-ранейшаму выступаюць супраць непасрэднага ўдзелу Беларусі ў вайне, а таксама не падтрымліваюць размяшчэнне ў нашай краіне ПВК Вагнера.

«Наша даследаванне праводзіцца на базе анлайн-панэлі. Гэта азначае, што размеркаванне адказаў у нашай выбарцы можа значна адрознівацца ад размеркавання адказаў сярод беларусаў. Выбарка схільная да шэрагу зрухаў — на гэта ўплывае і opt-in bias („эфект самаадбору“), і склад выбаркі, што адрозніваецца ад генеральнай сукупнасці (усіх беларусаў)», — адзначаюць аўтары даследавання. Падрабязней пра методыку правядзення апытання можна даведацца ў канцы артыкула.

Нагадаем, што ў гэтай серыі даследаванняў аўтары падзяляюць рэспандэнтаў на чатыры групы: «зацятыя прыхільнікі» беларускіх уладаў, «схільныя давяраць» ім, «схільныя не давяраць» і «зацятыя праціўнікі».

Рост даверу да ўладаў спыніўся

Агрэгаваны сегмент «схільных давяраць» дзейнай уладзе ў апошнім апытанні зменшыўся на 4 працэнтныя пункты, што ў статыстычным сэнсе азначае адсутнасць істотных змен. Выпадковае гэта хістанне альбо пачатак трэнду — пакажа наступны замер. «На гэты момант дакладна можна сказаць, што трэнд на рост даверу да рэжыму спыніўся», — кажуць аўтары даследавання.

— Мы не можам напэўна ведаць, колькі ў беларускім грамадстве людзей, схільных давяраць ці не давяраць рэжыму, ці колькі людзей, якія падтрымліваюць Расію ці Украіну ў вайне. Мы наўмысна пазбягаем згадвання працэнтаў размеркавання па розных пытаннях па выбарцы ў цэлым, таму што гэтыя працэнты, трапляючы, напрыклад, у медыя, могуць спрыяць памылковаму разуменню сацыяльнай карціны ў беларускім грамадстве, — падкрэсліваюць аўтары даследавання.

Скриншот из «Белорусского трекера изменений», июнь-август 2023 года
Скрыншот з «Беларускага трэкера перамен», чэрвень-жнівень 2023 года

Настрой апытаных з групаў «схільных давяраць» уладам і «схільных не давяраць» паказваюць хвалепадобную дынаміку, то-бок больш высокія адзнакі змяняюцца больш нізкімі без выразнага трэнду. Пры гэтым памер сегменту «схільных не давяраць» за апошні квартал узрос. Прычынай гэтага могуць быць два фактары: дэпалітызацыя часткі сегменту «зацятых праціўнікаў» і парушэнне антываеннага кансэнсусу з боку дзяржавы, то-бок размяшчэнне ў краіне групы Вагнера і расійскай ядзернай зброі магло негатыўна паўплываць на частку «схільных давяраць» і нават «зацятых прыхільнікаў».

Даследчыкі адзначаюць, што ўспрыняцце «зацятымі прыхільнікамі» сітуацыі ў краіне нязначнае, але робіцца пазітыўнейшым. Яны лічаць, што гэта можа быць звязанае з заніжанымі ацэнкамі сітуацыі ў пачатку расійска-ўкраінскай вайны. Тады прадчуваўся сур’ёзны крызіс, але з цягам часу станавілася зразумела, што пагаршэнні не такія драматычныя.

А вось трэнд на паляпшэнне ацэнак з боку «зацятых праціўнікаў», які назіраўся амаль увесь апошні год (да траўня 2023 года), спыніўся. Разам з тым назіраецца трывалае змяншэнне долі гэтага сегменту ў выбарцы. Гэта сведчыць пра павольнае змяншэнне ядра незадаволеных.

Такім чынам, плато ў даверы рэжыму і ў ацэнках палітычна-эканамічнай сітуацыі ў краіне дасягаецца за кошт спынення росту задаволенасці прамежкавых сегментаў і праціўнікаў дзейнай улады.

Стаўленне груп да праціўнікаў

Разам з тым выхад на плато ў дынаміцы памераў палітычных сегментаў не азначае паслаблення вастрыні сацыяльнага канфлікту, адзначаюць аўтары. «Зацятыя праціўнікі» і «зацятыя прыхільнікі» выказваюць максімальнае непрыняцце адно аднаго: большасць у кожным сегменце палічыла б за лепшае ўвогуле не бачыць сваіх праціўнікаў у Беларусі.

Скриншот из «Белорусского трекера изменений», июнь-август 2023 года
Скрыншот з «Беларускага трэкера перамен», чэрвень-жнівень 2023 года

Пра высокую інтэнсіўнасць канфлікту на ўзроўні ідэнтычнасці таксама сведчыць значнае непрыняцце бакамі канфлікту людзей па-за палітыкай. Паказнік сацыяльнай дыстанцыі ў дачыненні да такіх людзей мае значэнне, блізкае да ўзроўню сацыяльнай ізаляцыі, а значыць, палітычнае вымярэнне застаецца важнай часткай жыцця, пішуць аўтары. Пры гэтым цягам 2023 года непрыняцце людзей па-за палітыкай з боку «зацятых праціўнікаў» паволі зніжаецца. Імаверна, гэта звязана з фактам, што непасрэдна ў атачэнні такіх людзей ёсць тыя, хто робіцца больш нейтральным у сваіх поглядах пад ціскам абставін.

Захаванне максімальнага ўзроўню ўзаемнага непрыняцця паміж «зацятымі» сегментамі абумоўленае нявырашанасцю сацыяльна-палітычных супярэчнасцяў, на якіх базуецца супрацьстаянне.

Стаўленне да дзяржавы

Больш за тое, як паказваюць іншыя даследаванні, за расколам паміж беларускім грамадствам і дзяржавай стаяць глыбокія адрозненні ў каштоўнасцях, поглядах на месца Беларусі ў міжнародных адносінах, а таксама на гісторыю і нацыянальную ідэнтычнасць. Сутнасць канфлікту (прынамсі ў палітычным сэнсе) можна добра ўбачыць, калі спытаць беларусаў пра іх стаўленне да дзяржавы.

Скриншот из «Белорусского трекера изменений», июнь-август 2023 года
Скрыншот з «Беларускага трэкера перамен», чэрвень-жнівень 2023 года

«Схільныя не давяраць» не ўспрымаюць Беларусь як сваю дзяржаву. Улічваючы, што яна фактычна з’яўляецца ініцыятарам сацыяльнага канфлікту, дызасацыяцыя з ёю — важная рыса ідэнтычнасці многіх беларусаў.

Скрыншот з "Беларускага трэкера перамен", чэрвень-жнівень 2023 года
Скрыншот з «Беларускага трэкера перамен», чэрвень-жнівень 2023 года

Мяркуючы з вынікаў апытання, «зацятыя праціўнікі» думаюць, што значная большасць грамадзян не падтрымлівае дзейную ўладу, што яна ўспрымае рэжым як «іншароднае цела», якое не можа рэпрэзентаваць грамадскую думку ў краіне. У той жа час «зацятыя прыхільнікі» і «схільныя давяраць» у значнай большасці лічаць дзяржаву абаронцам іх інтарэсаў, а апанентаў улады — маргінальнай меншасцю.

Успрыманне вайны і ролі Беларусі ў ваенным канфлікце

Сегментам сацыяльнага канфлікту па-ранейшаму характэрнае супрацьлеглае ўспрыманне вайны. Так, «зацятыя прыхільнікі» дзейнай улады больш за ўсіх падтрымліваюць Расію і часцей за ўсіх лічаць, што яна перамагае. «Зацятыя праціўнікі» рэжыму, наадварот, часцей падтрымліваюць Украіну і лічаць, што перамагае яна.

Пры гэтым на пытанне, ці зрабіла Расія памылку, распачаўшы вайну 24 лютага 2022 года, «зацятыя прыхільнікі» ўлады адказваюць менш адназначна, у той час як «зацятыя праціўнікі» цалкам згодныя, што гэта было памылкай. Гэта можа сведчыць пра розную прыроду падтрымкі ў дадзеных групах, лічаць даследчыкі. То-бок прыхільнікі рэжыму падтрымліваюць Расію, хаця і сумняваюцца, ці не было рашэнне ўварвацца памылкай, у той час як праціўнікі маюць больш паслядоўнае меркаванне, асуджаючы Расію як у самім рашэнні, так і ў цяперашняй сітуацыі. У сувязі з гэтым пазіцыя праціўнікаў дзеянняў Расіі можа быць больш трывалай, бо ім не даводзіцца пераадольваць сумневы і супярэчнасці, лічаць аўтары даследавання.

У параўнанні з папярэднім замерам значных змен ва ўспрыманні вайны няма. «Схільныя не давяраць» і «зацятыя праціўнікі» пачалі на некалькі працэнтаў часцей пазначаць «цяжка адказаць» у пытанні пра бок, які перамагае, але гэта невялікія змены, таму пра дынаміку пакуль казаць рана.

Нягледзячы на розныя меркаванні па пытаннях вайны, калі размова ідзе пра Украіну і Расію, для апытаных характэрнае непрыняцце ідэі непасрэднага ўмяшання беларускага войска ў канфлікт. Так, пераважная большасць рэспандэнтаў ва ўсіх сегментах адказвае, што армія Беларусі не мусіць удзельнічаць у вайне. У параўнанні з мінулым замерам назіраецца хістанне прапорцый у некалькі працэнтаў, якое, хаця і статыстычна значнае, не ўплывае на агульную карціну.

Другая важная тэма, звязаная з вайной, якая хутчэй аб’ядноўвае ўсе палітычныя сегменты, — гэта расійская ядзерная зброя. «Можна з упэўненасцю сказаць, што рэжым не здолеў выклікаць у грамадства прыхільнасць да ідэі размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі», — пішуць даследчыкі. Амаль поўны кансэнсус па гэтым пытанні адлюстроўвае даследаванне Chatham House у сакавіку 2023 года (75% — супраць). У сваю чаргу, гэтае даследаванне паказвае, што агульная грамадская думка па гэтым пытанні не змянілася за трэці квартал 2023 года. Апрача таго, непублічныя вынікі тэлефонных апытанняў таксама паказваюць, што расійская ядзерная зброя — найменш дыскусійнае пытанне без відавочнай перавагі ў бок прыняцця ці непрыняцця.

Скрыншот з "Беларускага трэкера перамен", чэрвень-жнівень 2023 года
Скрыншот з «Беларускага трэкера перамен», чэрвень-жнівень 2023 года

Пры гэтым паволі змяняецца стаўленне да пытання ядзернай зброі сярод асобных палітычных сегментаў. «Зацятыя прыхільнікі» рэжыму паволі прымаюць наратыў улады: сярод іх значна зменшылася доля тых, хто цалкам не згодны з перамячшэннем зброі. Сярод «схільных не давяраць» доля тых, хто ўхваляе размяшчэнне зброі, крыху знізілася за кошт павелічэння долі няўпэўненых у адказе. Так, за мінулы квартал назіраецца невялікая палярызацыя палітычных сегментаў па гэтым пытанні.

Такім чынам, нягледзячы на адрознае ўспрыманне вайны, антываенны кансэнсус застаецца трывалай пазіцыяй, якая аб’ядноўвае беларусаў. Адсутнасць адназначнай падтрымкі размяшчэння расійскай ядзернай зброі таксама застаецца заўважнай, аднак з цягам часу пытанне ядзернай зброі можа стаць чарговым фактарам, які паспрыяе палярызацыі ў грамадстве.

Дасведчанасць наконт розных падзей

Апытанне паказала, что большая частка грамадства хутчэй не ведае пра падзеі навокал сябе. Асабліва яскрава гэта выяўляецца, калі гаворка ідзе пра падзеі ў лагеры дэмакратычных сіл.

Скрыншот з "Беларускага трэкера перамен", чэрвень-жнівень 2023 года
Скрыншот з «Беларускага трэкера перамен», чэрвень-жнівень 2023 года

Разам з тым большасць беларусаў прынамсі нешта чула пра ваенны мяцеж Прыгожына ці размяшчэнне байцоў групы «Вагнер» у Беларусі.

Скриншот из «Белорусского трекера изменений», июнь-август 2023 года
Скрыншот з «Беларускага трэкера перамен», чэрвень-жнівень 2023 года

Гэта сведчыць пра тое, што ў інфармацыйную прастору большасці беларусаў трапіла адна з самых галоўных і драматычных падзей лета 2023 года, а таксама навіны пра яе развіццё, што непасрэдна закранула Беларусь.

У той жа час нават «зацятыя прыхільнікі» рэжыму не выказваюць адназначнага даверу да групы «Вагнер» і не даюць ёй адназначна пазітыўнай ацэнкі. Адназначна негатыўна «Вагнер» успрымаюць толькі «зацятыя праціўнікі». «Схільныя не давяраць» таксама насцярожана ставяцца да групы «Вагнер». Усё гэта дазваляе казаць пра тое, што беларускае грамадства ставіцца да размяшчэння групы «Вагнер» у найлепшым выпадку з сумневам. Гэта аўтары тлумачаць антываенным кансэнсусам. Жаданне пакінуць Беларусь па-за канфліктам адбіваецца на стаўленні да актыўных удзельнікаў гэтага канфлікту, адзін з якіх — ПВК Вагнера, якую да таго ж няясна, ці атрымалася б кантраляваць на тэрыторыі Беларусі.

Гэтая думка пацвярджаецца і размеркаваннем адказаў на пытанне, ці ўхваляюць рэспандэнты раскватараванне групы «Вагнер» у Беларусі: большасць беларусаў ці не можа адназначна адказаць на гэтае пытанне, ці выказваецца адмоўна. Сярод «зацятых прыхільнікаў» менш чым палова ў рознай ступені ўхваляе размяшчэнне «Вагнера» ў нашай краіне.

Скриншот из «Белорусского трекера изменений», июнь-август 2023 года
Скрыншот з «Беларускага трэкера перамен», чэрвень-жнівень 2023 года

«Разам усё гэта значыць, што ў прапагандыстаў рэжыму не атрымалася „прадаць“ беларусам групу „Вагнер“, неглядзячы ні на шматлікія паездкі беларускіх сілавікоў і вайскоўцаў у размяшчэнне вагнераўцаў, ні на медыйныя карцінкі з навучаннем беларускіх салдат, — кажуць даследчыкі. — Такое стаўленне да групы „Вагнер“ можа патлумачыць і негатыўную для рэжыму дынаміку ў сегментацыі сацыяльнага канфлікту. Мы мяркуем што размяшчэнне ПВК Вагнера належыць інтэрпрэтаваць як дэ-факта парушэнне антываеннага кансэнсусу, што прыводзіць да больш насцярожанага стаўлення да рэжыму нават сярод людзей, схільных яму давяраць».

Падрабязней пра методыку апытання

Як адзначалася вышэй, даследаванне праводзіцца на базе анлайн-панэлі. Анлайн-панэль — гэта сэрвіс, які рэкрутуе беларусаў у інтэрнэце для ўдзелу ў апытаннях. Рэкрутынг у анлайн-панэль праводзіцца праз размяшчэнне рэкламы ў сеціве — у сэрвісах Google, Yandex, OK, VK, Facebook і інш., а таксама з дапамогай метаду «снежнага камяка». Анлайн-панэль набірае 70−100 тысяч удзельнікаў. Гэтыя людзі пасля рэгістрацыі ў панэлі атрымліваюць запрашэнні да ўдзелу ў розных даследаваннях.

Штомесяц рэкрутуецца каля 750 удзельнікаў, большая частка з іх перастае быць актыўнымі панэлістамі цягам 6 месяцаў (каля 15% захоўваюць актыўнасць).

Пачынаючы з чацвёртага выпуску логіка апытанняў «Беларускага трэкера перамен» наступная: значныя змены ці трэнды ў грамадстве адбіваюцца на масіве ў 70−100 тысяч удзельнікаў, такім чынам, выпадковы адбор невялікай выбаркі ў 1000 рэспандэнтаў і ўзважванне выбаркі па структуры анлайн- панэлі таксама адлюструюць гэтыя змены.

Раней, да чацвёртага выпуску, выбарка апытанняў «Беларускага трэкера перамен» была пабудаваная на квотавай аснове, што магло ўносіць пэўныя скажэнні ў дынаміку. Напрыклад, калі мужчына ва ўзросце 18−24 гадоў адгукнуўся на запрашэнне паўдзельнічаць у даследаванні пасля таго, як мы ўжо набралі патрэбную нам

колькасць мужчын такога ўзросту, то ён не ўдзельнічаў у апытанні.

Лічачы свае дадзеныя надзейнымі і валіднымі, аўтары пры гэтым падкрэсліваюць, што да звестак, сабраных з дапамогай апытанняў у Беларусі, трэба ставіцца з асцярожнасцю. Размеркаванне адказаў у выбарцы можа адрознівацца ад рэальнага ў тым ліку праз рэпрэсіўныя дзеянні беларускіх уладаў, якія выклікаюць павышаную трывожнасць падчас адказаў на сенсітыўныя пытанні.