Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Цяпер беларусам, якія жывуць за мяжой, для атрымання пашпарта трэба будзе прыехаць у Беларусь — дыпмісіі нашай краіны больш не будуць выдаваць такія дакументы. Новаўвядзенні прадугледжаныя ўказам Аляксандра Лукашэнкі. У гэтым кантэксце ініцыятыва Аб’яднанага пераходнага кабінета па стварэнні нацыянальнага пашпарта Новай Беларусі робіцца нашмат больш актуальнай. Чакаецца, што дзякуючы ёй беларусы, якія не могуць ці не хочуць узаемадзейнічаць з цяперашнімі ўладамі краіны ў пытанні замены пашпартоў, змогуць за мяжой атрымаць дакумент, які дазволіць ім падарожнічаць і пацвярджаць сваю асобу. Але ці атрымаецца ў АПК, які не кантралюе ніякай тэрыторыі, дамагчыся прызнання новага пашпарта міжнароднай супольнасцю? Мы ўспомнілі выпадкі, якія даказваюць, што такое магчыма.

Выдача пашпартоў, неабходных для легальнага перасячэння межаў паміж краінамі, па змоўчанні лічыцца адной з прывілеяў дзяржавы. У сваю чаргу, яна, каб лічыцца суб’ектам міжнароднага права, мусіць мець, апроч іншага, такую прыкмету, як наяўнасць падкантрольнай тэрыторыі.

Відавочна, што ў гэты момант ні Аб’яднаны пераходны кабінет, ні іншыя беларускія дэмакратычныя сілы не кантралююць тэрыторыю Беларусі ці нейкую яе частку. На першы погляд можа падацца, што на гэтым усе размовы пра магчымасць прызнання міжнароднай супольнасцю пашпартоў, якія выдаюцца АПК, можна спыняць. Але гэта не так.

Дипломатический паспорт Александр Лукашенко в Музее белорусской государственности, 2012 год. Фото: TUT.BY
Дыпламатычны пашпарт Аляксандра Лукашэнкі ў Музеі беларускай дзяржаўнасці, 2012 год. Фота: TUT.BY

Рэч у тым, што ўжо не раз у свеце суверэннымі суб’ектамі міжнароднага права прызнаваліся розныя сутнасці, якія не мелі пад кантролем якой-кольвек нацыянальнай тэрыторыі. А некаторыя з іх існуюць і ў наш час — і без праблем выдаюць свае пашпарты, якія прызнаюцца многімі дзяржавамі.

Мальтыйскі ордэн

Яскравы прыклад утварэння без сваёй тэрыторыі, якое існуе ў наш час і выдае пашпарты, — Суверэнны вайсковы ордэн гаспітальераў Святога Яна, Ерусаліма, Радоса і Мальты, больш вядомы пад скарочанай назвай Мальтыйскі ордэн. Гэта адзін са шматлікіх каталіцкіх ордэнаў, заснаваных у перыяд крыжовых паходаў. У мінулым ён меў усе атрыбуты дзяржаўнасці — уключаючы кантроль над тэрыторыяй (гэтак жа, як, напрыклад, больш цесна звязаныя з беларускай гісторыяй Тэўтонскі і Лівонскі ордэны). У розны час у дзяржаву рыцараў-гаспітальераў уваходзілі астравы Радос, Кос, Лерас, Мальта. У 1798 годзе будучы французскі імператар Напалеон Банапарт па дарозе ў Егіпет выбіў рыцараў з Мальты, і пасля некалькіх дзесяцігоддзяў тулянняў яны аселі ў Рыме.

Цяпер Мальтыйскі ордэн не распаўсюджвае свой суверэнітэт на нейкую тэрыторыю. Дзве яго штаб-кватэры ў Рыме валодаюць экстэрытарыяльнасцю (дадзенай Італьянскай Рэспублікай), то-бок падпарадкоўваюцца не мясцовым, а ўласным законам — гэтак жа, як дыпламатычныя місіі ордэна ў іншых краінах. Акрамя таго, з 1999 года Мальта перадала Ордэну на 99 гадоў частку форта Сант-Анджэла на поўдзень ад Ла-Валеты (з абмежаванай экстэрытарыяльнасцю).

Признание Мальтийского ордена. Красным цветом обозначены государства, имеющие с ним дипломатические отношения, оранжевым – прочие официальные отношения (например, как с гуманитарной организацией). Карта: Orange Tuesday, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Прызнанне Мальтыйскага ордэна. Чырвоным колерам пазначаныя дзяржавы, якія маюць з ім дыпламатычныя адносіны, аранжавым — іншыя афіцыйныя адносіны (напрыклад, як з гуманітарнай арганізацыяй). Карта: Orange Tuesday, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Пры гэтым дзяржаўны суверэнітэт ордэна прызнаны як Святым Пасадам, так і некаторымі іншымі каталіцкімі дзяржавамі. Мальтыйскі ордэн мае ўласныя сцяг, герб, валюту, аўтамабільныя нумарныя знакі, урад, вядзе актыўную знешнепалітычную дзейнасць, падтрымлівае дыпламатычныя адносіны са 112 дзяржавамі — у тым ліку з 1996 года з Беларуссю (у Мінску амбасада Мальтыйскага ордэна знаходзіцца на вуліцы Захарава, 28).

Ордэн, які ў асноўным займаецца дабрачыннасцю, з’яўляецца назіральнікам у ААН і яе профільных арганізацыях накшталт ЮНЕСКА і СААЗ, падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з ЕС і мае прадстаўніцтвы ў Міжнародным Камітэце Чырвонага Крыжа, Савеце Еўропы, Афрыканскім Саюзе і многіх іншых міжнародных арганізацыях.

І, зразумела, Мальтыйскі ордэн выдае паўнавартасныя ўласныя пашпарты — патомным чальцам гэтага ўтварэння і яго дзяржслужбоўцам (напрыклад, тым жа дыпламатам). Праўда, не вельмі шмат: з 13,5 тысячы рыцараў і дамаў Мальтыйскага ордэна большасць застаецца грамадзянамі сваіх дзяржаваў, а дакументамі ордэна карыстаюцца каля 500. Апошнія атрымліваюць выключна дыпламатычныя і службовыя пашпарты — «звычайных» агульнаграмадзянскіх Ордэн не выдае.

Святы Пасад

Яшчэ адно суверэннае ўтварэнне без тэрыторыі, якое выдае прызнаваныя міжнароднай супольнасцю пашпарты, — Святы Пасад.

Часта ён успрымаецца як сінонім Дзяржавы Ватыкан: абодва ўтварэнні наўпрост ці ўскосна кіруюцца кіраўніком каталіцкай царквы папам рымскім. Аднак насамрэч гэта дзве розныя сутнасці, прычым самая маленькая дзяржава свету — Ватыкан — знаходзіцца ў падпарадкаванні Святога Пасаду, які сваёй тэрыторыі не мае наогул.

З ранняга Сярэднявечча папа рымскі быў не толькі кіраўніком каталіцкай царквы, але і кіраўніком даволі буйной Папскай дзяржавы (або Папскай вобласці) у цэнтральнай частцы Італіі. Яго сталіцай быў Рым. Але ў 1870 годзе рэшткі гэтай дзяржавы былі ўключаныя ў склад аб’яднанага Каралеўства Італія — і амаль на 60 гадоў папа рымскі застаўся наогул без тэрытарыяльных уладанняў. Тым не менш яго Святы Пасад у гэты перыяд быў суверэнным суб’ектам міжнароднага права як орган, які кіруе каталіцкай царквой ва ўсім свеце.

Королевство Италия в 1870 году (накануне включения в его состав Папской области с Римом). Сиреневым цветом выделены владения Папы Римского на этот момент. Карта: User:Peter39c; CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Каралеўства Італія ў 1870 годзе (напярэдадні ўключэння ў яго склад Папскай вобласці з Рымам). Бэзавым колерам вылучаныя ўладанні папы рымскага на гэты момант. Карта: User: Peter39c; CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Толькі ў 1929 годзе ў адпаведнасці з Латэранскімі пагадненнямі паміж Італіяй і Святым Пасадам была створаная дзяржава-горад Ватыкан плошчай 44 гектары. Сам па сабе Ватыкан не з’яўляецца суверэннай дзяржавай, а толькі тэрыторыяй пад суверэнітэтам Святога Пасаду. Фактычна Ватыкан — гэта падпарадкаваная структура, якая кіруецца на даручэнне папы губернатарам і займаецца забяспечаннем жыццядзейнасці Святога Пасаду. Пры гэтым, нагадаем, для суверэнітэту самога Святога Пасаду Ватыкан не патрэбны — амаль 60 гадоў ён існаваў наогул без падкантрольнай тэрыторыі.

Менавіта Святы Пасад, а не Ватыкан, устанаўлівае дыпламатычныя адносіны з іншымі дзяржавамі, менавіта ён таксама прадстаўлены ў ААН як назіральнік. У Беларусі на праспекце Незалежнасці, 46Д таксама знаходзіцца дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасаду (Апостальская нунцыятура), хоць ва ўжытку яго часта называюць амбасадай Ватыкана.

Государство-город Ватикан. Карта: Thomas Römer, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Дзяржава-горад Ватыкан. Карта: Thomas Römer, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Пашпарты пры гэтым могуць выдаваць абодва суб’екты міжнароднага права: як Ватыкан, так і Святы Пасад. Ватыкан выдае звычайныя пашпарты сваім грамадзянам (самому папу рымскаму, кардыналам, духавенству і некаторым свецкім, што жывуць у Ватыкане, афіцэрам і салдатам Швейцарскай папскай гвардыі, а таксама членам іх сем’яў, калі яны таксама жывуць у горадзе-дзяржаве). А Святы Пасад выдае дыпламатычныя і службовыя пашпарты людзям, якія знаходзяцца на яго службе, але ў Ватыкане не жывуць і грамадзянамі Ватыкана не з’яўляюцца.

Прыклады Мальтыйскага ордэна і Святога Пасаду паказваюць, што кантроль над тэрыторыяй не з’яўляецца неабходнай умовай для выдачы пашпартоў. Але гэта даволі спецыфічныя дзяржавападобныя ўтварэнні, чый суверэнітэт абумоўлены шматвяковай традыцыяй і вялікім рэлігійным уплывам. А ці выдаваў хто-небудзь паўнавартасныя нацыянальныя пашпарты без такіх важкіх козыраў? Такія прыклады таксама ёсць — прычым зусім побач з Беларуссю.

Латвія, Літва і Эстонія

У 1940 годзе Савецкі Саюз чарговым разам вырашыў скарыстацца сакрэтным пратаколам да дамовы аб ненападзе з нацысцкай Германіяй, паводле якога краіны падзялілі сферы ўплыву ва Усходняй Еўропе. Гэтым разам ахвярамі яго агрэсіўнай палітыкі сталі Латвія, Літва і Эстонія. У чэрвені СССР пасля выстаўлення ультыматумаў увёў на іх тэрыторыю свае войскі, а ў ліпені правёў фіктыўныя выбары новых «народных» парламентаў. Затым гэтыя марыянеткавыя заканадаўчыя органы прынялі дэкларацыі аб уваходжанні ў склад СССР, пасля чаго адбылася фактычная акупацыя і наступная анексія трох незалежных дзяржаваў.

Молотов подписывает советско-германский договор. За его спиной министр иностранных дел Германии Иоахим фон Риббентроп и Иосиф Сталин. Источник: wikipedia.org
Міністр замежных справаў СССР Вячаслаў Молатаў падпісвае савецка-германскую дамову. За яго спінай — міністр замежных справаў Германіі Яахім фон Рыбентроп і Іосіф Сталін. Крыніца: wikipedia.org

Многія еўрапейскія дзяржавы і ЗША не прызналі гэтага захопу. У выніку амбасады Латвіі, Літвы і Эстоніі там працягнулі працаваць. Даўжэй за ўсё — да аднаўлення латвійскай, літоўскай і эстонскай дзяржаўнасці ў пачатку 90-х гадоў — пратрымаліся іх дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў ЗША. Незалежныя Латвія і Літва цягам усёй халоднай вайны мелі амбасады ў Вашынгтоне, а Эстонія была прадстаўленая консульствам у Нью-Ёрку. Акрамя таго, літоўскі амбасадар быў акрэдытаваны і пры Ватыкане. Фінансавалася праца гэтых дыпламатычных місій з золатавалютных рэзерваў іх краін, якія на момант савецкай акупацыі знаходзіліся ў банках ЗША, а таксама за кошт ахвяраванняў дыяспар.

Сам факт існавання гэтых прадстаўніцтваў вельмі шмат значыў для патрыётаў і прыхільнікаў незалежнасці Латвіі, Літвы і Эстоніі. Таксама яны дазволілі захаваць пераемнасць паміж дзяржаўнасцю міжваеннага перыяду і новай, постсавецкай. Напрыклад, дыпламат Эрнст Рудольф Яаксан, які ўзначальваў консульства Эстоніі ў Нью-Ёрку ў перыяд, калі яго краіна знаходзілася пад савецкай акупацыяй, застаўся амбасадарам у ЗША і пасля таго, як Эстонія вярнула сабе незалежнасць.

Амбасады і консульства Латвіі, Літвы і Эстоніі, акупаваных Крамлём больш чым паўстагоддзя, працягвалі ўвесь гэты час падаўжаць тэрмін дзеяння пашпартоў сваіх дзяржаваў і выдаваць новыя. Гэтыя дакументы прызнаваліся ЗША і іншымі краінамі, якія не пагадзіліся з савецкай акупацыяй балтыйскіх дзяржаваў. Іх ахвотна атрымлівалі, напрыклад, дысідэнты з краін Балтыі, якія пакідалі радзіму праз пераслед з боку савецкіх уладаў.

У сукупнасці ўсе гэтыя прыклады паказваюць, што нават без ажыццяўлення эфектыўнага кантролю над нейкай тэрыторыяй, што звычайна лічыцца прыкметай суверэннай дзяржавы, магчымая выдача паўнавартасных пашпартоў, якія будуць прызнавацца значнай часткай міжнароднай супольнасці. Прынамсі, у гісторыі такія прыклады ёсць.

Чытайце таксама