Польшча можа пры неабходнасці спыніць і грузавыя чыгуначныя зносіны з Беларуссю, каб Кітай паслаў Лукашэнку «адпаведны сігнал». Пра гэта расказаў у каментары Польскаму агенцтву прэсы намеснік міністра ўнутраных справаў краіны Мацей Вонсік.
— Мы разумеем, што большая частка гандлю, у тым ліку польскага, ідзе праз іх (грузавыя чыгуначныя пераходы. — Заўв. рэд.). Кітайскі гандаль таксама ідзе. Думаю, што Кітай мусіць паслаць Лукашэнку адпаведны сігнал, каб не рабіў дзеянняў, ад якіх яны пацярпяць, — сказаў Вонсік.
Спікер нагадаў, што ў Беларусі, паводле звестак польскага боку, знаходзіцца да 5 тысяч байцоў ПВК Вагнера. На думку Вонсіка, наймітаў могуць выкарыстоўваць для гібрыдных дзеянняў і правакацый на мяжы, а таксама для ўзмацнення міграцыйнага ціску.
Ён дадаў, што на ўзмацненне мяжы скіруюць яшчэ 2 тысячы польскіх салдат, а не тысячу, як заяўлялася раней. Падмацаванне скіруюць на ўзмацненне памежнай варты ў Падляшскім і Люблінскім ваяводствах цягам найбліжэйшых двух тыдняў.
Адзначым, што пасажырскія чыгуначныя зносіны з Беларуссю Польшча спыніла ў 2020 годзе на фоне пандэміі каранавіруса. З таго часу яно так і не аднавілася. Захоўваюцца толькі грузавыя зносіны.