Польшчы варта рыхтавацца да народнага паўстання ў Беларусі і магчымага патоку ўцекачоў з нашай краіны, а таксама падтрымаць добраахвотнікаў, калі тыя пачнуць аперацыю супраць Лукашэнкі. Пра гэта ў інтэрв'ю Polsat News заявіў былы намеснік міністра абароны Польшчы Вальдэмар Скшыпчак.
Вальдэмар Скшыпчак выказаўся пра нядаўнія падзеі ў Белгародскай вобласці Расіі, куды зайшла група дыверсантаў з Украіны. Паводле яго, гэтую вылазку распачалі расіяне — «праціўнікі рэжыму Пуціна і яго самога», а іх мэта — дэстабілізаваць расійскую адміністрацыю ў рэгіёне.
Ён дапусціў, што падобныя акцыі неўзабаве могуць адбыцца і на тэрыторыі Беларусі.
— У выпадку поспеху ўкраінскага контрнаступлення ўзброеныя беларусы, якія з’яўляюцца часткай ваеннага патэнцыялу ўкраінскага войска, не складуць зброю, — заявіў Скшыпчак.
— Яны адправяцца ў Беларусь. Я спадзяюся, што гэта выкліча паўстанне ў Беларусі, Лукашэнка гэтага баіцца, — дадаў ён і заклікаў рыхтавацца да гэтай падзеі, «таму што яна адбудзецца».
— Гаворка пра тое, каб мы не праспалі гэты момант, — падкрэсліў ён.
Чыноўнік заявіў, што Польшча мусіць быць гатовая аказаць падтрымку беларускім падраздзяленням, калі тыя пачнуць аперацыю супраць Лукашэнкі.
— У нас ёсць прычыны дапамагаць ім, як мы дапамагаем украінцам, — сказаў Скшыпчак.
Паводле яго слова ў, «беларускі народ падтрымае іх і з энтузіязмам пойдзе супраць Лукашэнкі», у той час як у апошняга больш няма магчымасцяў перадухіліць паўстанне сілавым шляхам.
— Расія яму асабліва не дапаможа, бо ў яе будуць свае праблемы, — лічыць экс-намеснік міністра абароны Польшчы.
Калі паўстанне ўсё ж адбудзецца, непазбежны паток беларускіх уцекачоў у бок Польшчы, і краіна таксама мусіць быць да гэтага гатовая, дадаў ён.
Нагадаем, 22 траўня на тэрыторыю Грайваранскай акругі Белгародскай вобласці зайшла ўзброеная група, якая складаецца з удзельнікаў Легіёна «Свабода Расіі» і Рускага добраахвотніцкага корпуса. У абодва фармаванні ўваходзяць расіяне, якія ваююць на баку Кіева.
Мэтай рэйду назвалі стварэнне «паласы бяспекі для абароны цывільных украінцаў». У ведамстве падкрэслілі, што ў аперацыі задзейнічаныя выключна расіяне.
У Крамлі тое, што адбылося, назвалі спробай «адцягнуць увагу ад бахмуцкага напрамку», паведаміўшы, што пра сітуацыю далажылі Уладзіміру Пуціну.
У аўторак, 23 траўня, у Мінабароны Расіі заявілі, што «падчас контртэрарыстычнай аперацыі» група «была разгромленая».