Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


З лютага да красавіка 15 экспертаў з арганізацый, якія працуюць у Беларусі і шэрагу замежных дзяржаваў, даследавалі чатыры магчымыя сцэнары, паводле якіх можа развівацца сітуацыя ў нашай краіне. Вынікам іх працы стаў праграмны дакумент «Чатыры сцэнары для Беларусі на канец 2023 года», у якім падрабязна выкладзеныя як падзеі, якія могуць прывесці да развіцця кожнага са сцэнараў, так і іх наступствы. 15 траўня дакумент быў прадстаўлены грамадскасці на мерапрыемстве, арганізаваным праектам «Еўрапейская сетка для Беларусі», — каротка расказваем, да якіх высноваў прыйшлі эксперты.

Якія сцэнары для Беларусі эксперты лічаць магчымымі ў 2023 годзе

Перад тым як перайсці да саміх сцэнараў, адзначым, што эксперты не ставілі мэты прадказаць, як будуць развівацца падзеі ў Беларусі (то-бок ацаніць імавернасць кожнага сцэнара), іх мэтай у першую чаргу было вылучыць ключавыя падзеі, якія могуць прывесці да карэнных зменаў сітуацыі ў Беларусі. Задача ж самога дакумента — не спрагназаваць будучыню, а стварыць аснову для альтэрнатыўнага мыслення, каб быць гатовымі да нечаканай змены сітуацыі і скіраваць у гэты бок палітычныя дыскусіі і дзеянні.

Галоўнае пытанне, якое паставілі ў дакуменце аўтары, гучыць наступным чынам: «Як беларускі суверэнітэт будзе выглядаць пасля заканчэння 2023 года?»

Усе сцэнары грунтуюцца на двух галоўных драйверах: узроўні расійскага ціску на Беларусь і ўзроўні супраціву самой Беларусі. Розныя спалучэння гэтых двух фактараў і абумоўліваюць самі сцэнары:

  1. «Расійскі пратэктарат»;
  2. «Суверэнітэт сам па сабе»;
  3. «Вялікі беларускі дыялог»;
  4. «Аб'яднанне супраць Расіі».
Зависиомсть сценариев будущего Беларуси от двух факторов: давления России (вертикальная ось) и сопротивления белорусских элит (горизонтальная ось). Изображение: программный документ ««Четыре сценария для Беларуси на конец 2023 года», «Европейская сеть для
Залежнасць сцэнараў будучыні Беларусі ад двух фактараў: ціску Расіі (вертыкальная вось) і супраціву беларускіх элітаў (гарызантальная вось). Выява: праграмны дакумент «Чатыры сцэнары для Беларусі на канец 2023 года», «Еўрапейская сетка для Беларусі»

У сцэнарах таксама разглядаліся «чорныя лебедзі» — непрадказальныя падзеі з сур’ёзнымі наступствамі. Яны ілюструюць, якія менавіта сітуацыі могуць змяніць правілы гульні.

Першы сцэнар — «Расійскі пратэктарат»

Гэты сцэнар на прэзентацыі дакумента назвалі «самым сумным», а таксама адзначылі, што ён адзіны не бярэ пад увагу «чорных лебедзяў» — гэта можа азначаць, што такое развіццё падзей магчымае і пры захаванні цяперашняга статус-кво. Вынікі працы групы прадставіла навуковая супрацоўніца Гарадскога ўніверсітэта Манчэстэра і Вільнюскага ўніверсітэта Таццяна Чуліцкая.

У гэтым сцэнары вайна ва Украіне працягваецца не тым шляхам, які выгадны Расіі — у траўні-чэрвені УС РФ не ўдаецца прасунуцца па якіх-кольвек напрамках. Каб кампенсаваць гэта, прымаецца рашэнне ўзмацніць палітычны, эканамічны і ваенны ўплыў на «апошняга саюзніка» ў рэгіёне, прапаноўваючы Беларусі яшчэ больш паскораную інтэграцыю.

Лукашэнка і эліты на гэта згаджаюцца, а незадаволенасць групаў людзей душыцца з дапамогай рэпрэсій, дэмакратычныя сілы паўплываць на сітуацыю ніяк не могуць. У ліпені Расія публікуе пагадненне, паводле якога:

  1. фармуецца сумесная абаронная прастора, у Беларусі ствараецца неабмежаваная колькасць расійскіх вайсковых базаў;
  2. Расія атрымлівае кантроль над беларускімі сілавымі органамі і Міністэрствам замежных справаў;
  3. прадугледжваецца ўвядзенне адзінай валюты — расійскага рубля — з эмісійным цэнтрам у Маскве з 2030 года.

9 жніўня пагадненне падпісваюць, не інфармуючы пра гэта грамадскасць. У верасні Лукашэнка анансуе рашэнне пра паглыбленую інтэграцыю і абвяшчае пра скліканне Усебеларускага народнага сходу вясной 2024 года для галасавання па гэтым пытанні. Канстытуцыйны суд прызнае дзеянні палітыка законнымі. Дэмакратычныя сілы і Захад не прызнаюць легітымнасць таго, што адбываецца, апошні анансуе ўвядзенне новых санкцый і сінхранізацыю абмежаванняў супраць Беларусі і Расіі.

У кастрычніку пачынаюць фармавацца «саюзныя» МЗС, МУС і Мінабароны, у сваю чаргу Нацбанк, Мінэканомікі і Мінфін Беларусі пераводзяцца ў падпарадкаванне Саюзнай дзяржавы, якая кантралюецца Крамлём.

Александр Лукашенко на параде в Москве 9 мая 2023 года. Фото: Reuters
Аляксандр Лукашэнка на парадзе ў Маскве 9 траўня 2023 года. Фота: Reuters

Паколькі значная частка грамадства не прымае такога ходу падзей, яны падвяргаюцца звальненням і рэпрэсіям. Іншая група па-прарасійску настроеных грамадзян і элітаў будзе вітаць такі сцэнар. Беларусь працягне існаваць як стабільная аўтакратыя, што выжывае за кошт Расіі і дзейнічае па яе ўказцы.

Суверэнітэт Беларусі ў такім выпадку будзе істотна абмежаваны, бо ключавыя інстытуты і міністэрствы трапяць пад кантроль Крамля. Лукашэнку дастанецца ўнутраная палітыка, напрыклад, ён зможа прызначаць чыноўнікаў на рэгіянальным і нацыянальным узроўні і кантраляваць грамадства.

Для грамадства і грамадзян гэта будзе азначаць працяг знішчэння грамадскіх інстытутаў, у той жа час інтэнсіфікуецца працэс стварэння праўрадавых арганізацый і партый. Як вынік рэпрэсій і адсутнасці вобраза будучыні пачнецца новая хваля эміграцыі. Працягнуцца рэпрэсіі беларускай ідэнтычнасці — яна будзе ўспрымацца як маркер «ворага» або «сябра» (у сэнсе лаяльнасці ўладам). Беларуская мова і нацыянальныя сімвалы стануць яшчэ большым аб’яднаўчым фактарам для дэмакратычных сіл і беларусаў з праеўрапейскай геапалітычнай арыентацыяй.

Для дэмакратычных сіл такія падзеі стануць прычынай больш радыкальных выказванняў і дзеянняў. Яны будуць узмацняць узаемадзеянне з заходнімі гульцамі, таксама, імаверна, адкрыецца акно магчымасцяў для дыялогу з Украінай, якая абарве дыпламатычныя адносіны з Мінскам. У той жа час уплыў дэмакратычных сілаў у Беларусі моцна ўпадзе праз рэпрэсіі і атамізацыю часткі грамадства, якая працягвае знаходзіцца ў краіне. Яны будуць усё больш ператварацца ва «ўрад у выгнанні», страчваючы падтрымку «на зямлі».

Пресс-конференция Объединенного переходного кабинета 2 декабря 2022 года, Варшава. Фото: "Зеркало"
Прэс-канферэнцыя Аб'яднанага пераходнага кабінета 2 снежня 2022 года, Варшава. Фота: «Люстэрка»

Для адносін Беларусі і Расіі гэта будзе азначаць, што Крэмль будзе разглядаць нашую краіну як частку сваёй тэрыторыі, дзе Лукашэнка дзейнічае на правах губернатара (як у Чачні або Дагестане). Асноўныя напрамкі палітыкі будуць падпарадкаваныя Крамлю, мясцовыя эліты будуць мець абмежаваны ўплыў толькі ў некаторых сферах. Гандаль паміж краінамі працягне расці, у тым ліку дзякуючы таму, што Масква атрымае кантроль над шэрагам ключавых дзяржпрадпрыемстваў.

Дыпламатычныя адносіны, а таксама любыя каналы сувязі з Украінай будуць разарваныя. Кіеў далучыцца да ЕС і ЗША ў пытанні непрызнання Лукашэнкі лідарам Беларусі, а таксама падтрымае ўвядзенне санкцый супраць нашай краіны і пачне развіваць адносіны з дэмакратычнымі сіламі.

ЕС і ЗША анансуюць увядзенне абмежаванняў, а таксама яшчэ больш скароцяць дыпламатычныя адносіны з Мінскам. Захад не прызнае пагаднення з Расіяй і працягне падтрымку дэмакратычных сіл, медыя, актывістаў, адукацыйных і моладзевых ініцыятываў.

Другі сцэнар — «Суверэнітэт сам па сабе»

Гэты сцэнар прадстаўляў галоўны рэдактар часопіса New Eastern Europe, супрацоўнік Каледжа Усходняй Еўропы Адам Райхардт. Калі апісаныя групай падзеі здарацца, то Беларусь прыйдзе да канца 2023 года з большым суверэнітэтам, чым у пачатку — аднак гэта стане не вынікам станоўчых зменаў у самой краіне, а вынікам ваенных поспехаў Украіны і спробы Расіі ўмяшацца ў беларускія справы з дапамогай перавароту — менавіта ён і ёсць тут «чорным лебедзем».

Мяркуецца, што ўкраінскае летняе контрнаступленне прыводзіць да нечаканага поспеху — расійская армія пачынае раздзяляцца. Пуцін вырашае павялічыць ціск на Беларусь, каб яна ўступіла ў вайну. Лукашэнка адмаўляецца, што падштурхоўвае Расію да інспіравання змовы супраць палітыка. У кастрычніку адбываецца спроба перавароту (яе зробіць невядомая пакуль група), аднак яна правальваецца дзякуючы працы спецслужбаў і кансалідацыі элітаў вакол Лукашэнкі, якая была недаацэненая Крамлём.

У выніку Лукашэнка аднаўляе бяз’ядзерны статус Беларусі, сцвярджаючы, што ён быў вымушаны пагадзіцца на размяшчэнне ядзернай зброі пад ціскам. Таксама ў лістападзе ён абяцае вярнуцца да вайсковага стану краіны на момант да 2021 года, адкрываючы тым самым новы раздзел у беларуска-ўкраінскіх адносінах. Праз пасярэдніцтва Кіева яму ўдаецца схіліць Захад да паслаблення санкцый у абмен на абяцанне вызваліць палітычных зняволеных і правесці палітычныя рэформы. У той жа час канкрэтныя планы не акрэсленыя, а таму Захад па-ранейшаму настроены скептычна. Да канца года сітуацыя ў элітах, а таксама ў адносінах з Расіяй застаецца тупіковай. Беларусь захоўвае суверэнітэт, але працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадства. У Крамля няма рэсурсаў, каб націснуць на Беларусь.

Владимир Путин и Александр Лукашенко 6 апреля 2023 года. Фото: пресс-служба Кремля
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка 6 красавіка 2023 года. Фота: прэс-служба Крамля

Для палітычнага жыцця краіны галоўным наступствам будзе разгубленасць і аслабленне ўсіх гульцоў. Палітычная сістэма стане нестабільнай, улада будзе падзеленая паміж Лукашэнкам, што перажыў спробу перавароту, і сілавікамі, якія па-ранейшаму будуць арыентаваныя на Расію. Пры гэтым абодва бакі будуць згодныя, што рэпрэсіі трэба працягваць. Стабільнасць будзе грунтавацца на ўтрыманні апазіцыянераў у турме. Спроба перавароту толькі ўзмоцніць параною ў і без таго фрагментаванай уладнай вертыкалі. Імаверныя спробы пераразмеркаваць уладу, якія выклічуць супрацьстаянне розных структур.

Для грамадства гэта будзе азначаць рэпрэсіі, апатыю і падзел. Дасягненнем Лукашэнкі становіцца ўтрыманне Беларусі ад уступлення ў вайну і тое, што ён ацалеў пасля спробы перавароту, што павышае яго легітымнасць у асобных пластах грамадства. Аднак параноя ўладаў толькі ўзмацняе рэпрэсіі, асабліва супраць апанентаў рэжыму. Доступ да незалежных СМІ можна будзе атрымаць толькі праз VPN, выкарыстоўваць якія будзе ўсё складаней. Эканоміка працягне стагнаваць, а колькасць эмігрантаў — заставацца высокай.

Дэмакратычная апазіцыя ў выгнанні яшчэ больш падзеліцца і маргіналізуецца, а таксама ў цэлым будзе мець вельмі малы ўплыў. Яна таксама страціць частку падтрымкі і спагады ў Еўропе — пасля спробы перавароту Лукашэнка зноў успрымаецца многімі ў Еўропе як гарант беларускага суверэнітэту, нават калі гэта адбываецца цаной адмовы ад дэмакратычных рэформаў. Святлана Ціханоўская і яе каманда працягнуць гаварыць пра рэпрэсіі і адсутнасць дэмакратыі, але гэтыя словы не будуць прыводзіць да дзеянняў з боку Захаду. Да канца года дэмакратычным сілам у выгнанні давядзецца шукаць спосабы аднавіць сваю легітымнасць.

Для беларуска-расійскіх адносін сцэнар будзе азначаць, што супрацоўніцтва паміж краінамі працягнецца, аднак у ім з’явіцца напружанасць. Расія будзе незадаволеная няўдалай анексіяй і пачне адмаўляць сваю датычнасць да спробы дзяржаўнага перавароту. Крэмль працягвае аказваць мінімальную эканамічную падтрымку рэжыму Лукашэнкі, каб захаваць прарасійскую геапалітычную арыентацыю Беларусі і выкарыстоўваць Мінск як інструмент для ўхілення ад санкцый. Лукашэнка не будзе давяраць Пуціну, але не зможа дыстанцыявацца ад яго, бо жадання палепшыць адносіны з Захадам не з’явіцца. Абодва рэжымы будуць фрагментаваныя. Беларусь абвесціць пра вывад расійскіх вайскоўцаў з беларускай тэрыторыі, але дэ-факта вайсковая прысутнасць РФ захаваецца. Крэмль засяродзіцца на ўнутранай палітыцы і пяройдзе да новага доўгатэрміновага плану, спрабуючы аднавіць свой уплыў у Беларусі праз эліты з атачэння Лукашэнкі, большая частка якіх па-ранейшаму прарасійская.

Фото: Минобороны Беларуси
Расійскія вайскоўцы, якія праходзілі падрыхтоўку ў Беларусі. Фота: Мінабароны Беларусі

Што да адносін з Украінай, то ў адказ на прарасійскі пераварот у Мінску Уладзімір Зяленскі і ягоная каманда паспрабуюць вывесці Беларусь з расійскага ўплыву. Украіна папросіць Брусэль і Вашынгтон падтрымаць «суверэнныя» сілы ў краіне (уключаючы Лукашэнку) і аслабіць санкцыі супраць Беларусі. Актыўны ўдзел расіян у вайне з беларускай тэрыторыі вельмі малаімаверны пасля абвяшчэння Лукашэнкі пра блізкі вывад войскаў. Гэта вызваліць украінскія сілы для ўдзелу ў контрнаступленнях, бо Украіна працягне выцясняць Расію да межаў 1991 года. У снежні дэлегацыя беларускага МЗС наведае Кіеў, каб адкрыць новую старонку ў адносінах. Бакі дамовяцца пра сумеснае размініраванне і дэмілітарызацыю беларуска-ўкраінскай мяжы. Украіна дасць гарантыі таго, што тыя беларускія грамадзяне, якія змагаюцца на яе тэрыторыі супраць Расіі, не будуць пагрозай для Лукашэнкі.

ЕС зойме пазіцыю чакання. Ён будзе крытыкаваць Расію за спробу перавароту і паабяцае працягваць падтрымліваць суверэнітэт Беларусі. Санкцыі супраць Мінска не здымуць, а толькі абвесцяць, што магчымае іх частковае прыпыненне. У той жа час ЕС стане менш суровы ў пытанні захавання ўжо наяўных абмежаванняў, у асноўным дзякуючы ўмяшанню Украіны. Варшава, Берлін і Парыж разыдуцца ў меркаваннях, як працаваць з Лукашэнкам. Мінск запросіць пасла Еўрасаюза вярнуцца ў Беларусь.

Трэці сцэнар — «Вялікі беларускі дыялог»

Гэты варыянт развіцця падзей прадстаўляў дырэктар беларускага офіса Фонду Конрада Адэнаўэра Якаб Вёленштайн. На прэзентацыі сцэнар назвалі «найлепшым з пункту гледжання беларускага суверэнітэту», але і тым, які патрабуе вялікага жадання беларускіх элітаў супрацьстаяць расійскаму ўплыву (і нізкага жадання Расіі ціснуць на Беларусь). Такое невідавочнае спалучэнне фактараў прывяло да таго, што групе, якая распрацоўвала сцэнар, давялося выкарыстаць адразу трох «чорных лебедзяў».

Фактычна сцэнар чымсьці падобны да папярэдняга — у ім Лукашэнку, які не хоча ваяваць на баку Расіі, у выніку «палацавага перавароту» адхіляе ад улады па-прарасійску настроены Савет Бяспекі. Палітыка абвяшчаюць «раптоўна захварэлым», кіраўніком дзяржавы аб’яўляецца прэм’ер Раман Галоўчанка, у той час як ключавыя рашэнні ў краіне пачынае прымаць генерал Аляксандр Вальфовіч. Гэта і ёсць першы «чорны лебедзь».

Александр Вольфович. Фото: Ян Горбанюк, «Ваяр»
Аляксандр Вальфовіч. Фота: Ян Гарбанюк, «Ваяр»

Беларуская армія атакуе Украіну, але зазнае некалькі сур’ёзных паразаў. УСУ абстрэльваюць паўднёвыя рэгіёны Беларусі. Захад уводзіць новыя маштабныя санкцыі, уключаючы поўнае закрыццё мяжы. Беларуская эканоміка сутыкаецца з вялікімі праблемамі, частка дэмакратычных сіл заклікае да пратэстаў, іншая — да ўзброенага супраціву.

Раннім летам Украіна вызваляе Крым, Крэмль плануе абвясціць усеагульную мабілізацыю, але этнічна нярускія рэгіёны пачынаюць паўстанні (другі «чорны лебедзь»), што прыводзіць да адкрытай барацьбы ўнутры элітаў. Масква вымушаная сфакусавацца на стабілізацыі ўнутранай абстаноўкі і не можа больш актыўна ўплываць на Мінск і падтрымліваць яго эканамічна.

Беларускі рэжым не можа схаваць інфармацыю пра тысячы загінулых і пацярпелых падчас вайны, гэта прыводзіць да пратэстаў і страйкаў на дзяржпрадпрыемствах, у той жа час пачынаюцца напады партызан на расійскія вайсковыя аб’екты ў краіне. Група прагматыкаў з ліку элітаў бярэ сітуацыю пад кантроль і арыштоўвае Галоўчанку і Вальфовіча (трэці «чорны лебедзь»). Яны падзяляюць грамадства: узброеных партызан называюць «здраднікамі», а «патрыятычнай» грамадзянскай супольнасці прапануюць дыялог. У якасці жэсту добрай волі ўсе палітвязні выходзяць на свабоду. Захад адкрывае межы і здымае частку санкцый з экспарту калію і нафтапрадуктаў. Дарожная карта па падрыхтоўцы прэзідэнцкіх выбараў у 2024-м будзе гатовая да канца года.

Для палітычнай сітуацыі ў Беларусі гэта будзе азначаць, што ціск на Лукашэнку знутры з боку пракрамлёўскай групоўкі (якая будзе замененая пасля паразы беларускіх войскаў ва Украіне) значна дэстабілізуе рэжым. Упершыню за больш чым 20 гадоў у беларускіх элітах з’явіцца рэальны раскол, які падзеліць іх на дзве фракцыі: прарасійскіх прыхільнікаў жорсткай лініі, у асноўным звязаных з сектарам бяспекі, і «прагматычных патрыётаў», якія хочуць выратаваць краіну. Паколькі прарасійская фракцыя маральна аслабленая і не мае матэрыяльнай падтрымкі з боку Расіі, прагматыкам удасца ініцыяваць нацыянальны дыялог, уключыўшы ў яго некаторыя «апазіцыйныя» групы. Гэта дазволіць зрабіць першыя крокі па аднаўленні эканамічнага супрацоўніцтва з Захадам.

Для грамадзянскай супольнасці адкрыецца акно магчымасцяў, калі новы рэжым пакліча да «інклюзіўнага» (насамрэч толькі часткова інклюзіўнага) нацыянальнага дыялогу. Некаторыя выгнаныя НДА вернуцца ў Беларусь і далучацца да перамоваў. Іх дзейнасць будзе скіраваная на рэабілітацыю былых палітвязняў і прапанову рэформаў, у тым ліку арганізацыю выбараў-2024. Больш радыкальныя дзеячы апазіцыі застануцца ў выгнанні, патрабуючы поўнай дэмакратызацыі без якога-кольвек кампрамісу з «крывавым рэжымам». Беларусы будуць падзеленыя, большасць будзе мацней занепакоеная праблемамі «хлеба надзённага». Паводле апытанняў, 60% рэспандэнтаў будуць хацець, каб эканоміка стала галоўным прыярытэтам для новага ўрада.

Работники одного из заводов Минска, 2020 год. Фото: TUT.BY
Працоўныя аднаго з заводаў Мінска, 2020 год. Фота: TUT.BY

Адносіны з Расіяй працягнуць развівацца: паколькі новы кіраўнік успрымаецца «прарасійскім», Крэмль не праявіць неадкладнай негатыўнай рэакцыі. Частковая пераарыентацыя Беларусі на Захад (у асноўным у пытаннях эканомікі) і перамовы з часткай дэмакратычнай апазіцыі выклічуць пэўныя асцярогі ў Крамлі, але Расія будзе змушаная засяродзіць свае абмежаваныя рэсурсы на тушэнні пажару дома. Крэмль запросіць новае беларускае кіраўніцтва наведаць Маскву ў студзені 2024 года.

Двухбаковыя адносіны з Украінай дасягнуць гістарычнага мінімуму пасля ўступлення Беларусі ў вайну і наступных паразаў. Але як толькі Вальфовіч сыдзе і беларускія войскі адступяць, Мінск абвесціць пра «стратэгічную важнасць» прымірэння з Украінай. Кіеў па-ранейшаму з падазрэннем будзе ставіцца да новага беларускага ўрада, але пачне папярэднія перамовы па пытаннях бяспекі і запатрабуе кампенсацыі шкоды, а таксама судовых працэсаў над ваеннымі злачынцамі. Украінскае грамадскае стаўленне да Беларусі застанецца ў значнай ступені негатыўным. Акрамя абменаў ваеннапалоннымі, да канца 2023 года не будзе ніякіх істотных крокаў па нармалізацыі адносін.

ЕС будзе вітаць вызваленне палітвязняў як жэст добрай волі і пачатак нацыянальнага дыялогу, нягледзячы на тое, што ў ім не будуць удзельнічаць некаторыя буйныя групы апазіцыі. Некаторыя санкцыі будуць часткова знятыя, каб сігналізаваць пра падтрымку. Але шэраг дзяржаў — чальцоў Еўрасаюза застанецца настроеным скептычна — асабліва суседзі Беларусі, бо яны разглядаюць нацыянальны дыялог як спробу рэжыму выратаваць сябе, а не як рэальныя дэмакратычныя пераўтварэнні. Новы кіраўнік успрымаецца занадта «прарасійскім». Таму іншыя санкцыі застануцца ў сіле, пакуль ЕС будзе чакаць канкрэтных вынікаў, асабліва новых прэзідэнцкіх выбараў.

Чацвёрты сцэнар — «Аб'яднанне супраць Расіі»

Апошні сцэнар прадстаўляў палітычны аналітык, заснавальнік кансультацыйнага агенцтва Sense Analytics Арцём Шрайбман.

Ключавы фактар тут — зноў расійскія праблемы ў вайне з Украінай. Паводле дапушчэнняў даследчыкаў, Уладзімір Пуцін на фоне паразаў арміі можа спалохацца, што страціць яшчэ і Беларусь. Каб гэтага пазбегнуць, у Крамлі падрыхтуюць план па поўным узяцці пад кантроль палітычных структур нашай краіны і замене Лукашэнкі марыянеткавым стаўленікам. «Чорным лебедзем» стане даклад пра гэтыя планы, які ў чэрвені афіцэры спецслужбаў падрыхтуюць для Лукашэнкі. У ім будзе інфармацыя пра выпадкі подкупу чыноўнікаў Крамлём, фінансавую падтрымку расійскімі ўладамі асобных палітычных груп і сілавікоў.

Фото: Reuters
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка. Фота: Reuters

Баючыся страціць уладу, Лукашэнка наважваецца на палітычны разварот, не заяўляючы пра яго публічна. Аднак па супадзенні ў ліпені на будаваным аб’екце для захоўвання тактычнай ядзернай зброі з віны расійскага персаналу адбываецца выбух бензавоза, што прыводзіць да ахвяраў і матэрыяльнай шкоды (другі «чорны лебедзь»). Лукашэнка выкарыстоўвае гэтую аварыю, а таксама ваенныя няўдачы Расіі, каб публічна заявіць, што цеснае супрацоўніцтва з Масквой нясе ваенную і ядзерную пагрозу Беларусі, а таксама прыпыніць разгортванне расійскай тактычнай ядзернай зброі.

У жніўні ён закулісна звяртаецца да Захаду па фінансавую падтрымку і просіць адмяніць санкцыі. Той у адказ хоча, каб ён вызваліў палітвязняў, пачаў нацыянальны дыялог і спыніў падрыхтоўку расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. У верасні некаторыя палітвязні, у тым ліку лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі, вызваляюцца, рэпрэсіі супраць палітычных актывістаў зведзеныя да мінімуму, аднак галоўныя палітычныя праціўнікі Лукашэнкі застаюцца пад вартай.

Беларускія ўлады абвяшчаюць пра закрыццё наяўных трэніровачных лагераў для расійскага войска з прычыны «тэхнічных цяжкасцяў». Новыя вайсковыя кантынгенты з Расіі не павінныя ўязджаць у Беларусь, таксама агучана, што ніякія нападзенні на Украіну не будуць ажыццяўляцца з беларускай тэрыторыі. У выніку некаторыя заходнія санкцыі скасаваныя ў лістападзе. Круглы стол з дэмакратычнымі сіламі запланаваны на пачатак 2024 года, а мясцовыя і парламенцкія выбары адкладзеныя.

Для палітычнага жыцця краіны гэта будзе азначаць, што замест адкрытай канфрантацыі Лукашэнка адкліча прарасійскую рыторыку з дзяржаўных СМІ, каб не дапусціць з’яўлення грамадскіх сімпатый да Расіі. Нелаяльных дзяржаўных службоўцаў будуць пераследаваць, у асноўным па абвінавачваннях у карупцыі. Лаяльныя эліты будуць рыхтавацца стаць часткай кантраляванага дзяржавай нацыянальнага дыялогу.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці будуць з асцярогай назіраць за зменамі, але вызваленне некаторых палітвязняў і паступовае паслабленне рэпрэсій дасць ім надзею. Яны адновяць сваю дзейнасць і каналы сувязі са сваімі мэтавымі групамі. Таксама яны падпольна пашыраць супрацоўніцтва са структурамі ў выгнанні, уключаючы Каардынацыйную раду, каб атрымаць фінансавую падтрымку. Аднак іх дзеянні ў Беларусі ўсё яшчэ будуць фрагментаваныя. Беларускае грамадства будзе спрабаваць знайсці новыя межы дапушчальнага.

Дэмакратычныя сілы часткова разыдуцца ў меркаваннях наконт таго, як рэагаваць на новы курс. Тым не менш Аб’яднаны пераходны кабінет прадэманструе гатоўнасць да дыялогу, але будзе настойваць на арганізацыі новых прэзідэнцкіх выбараў як мага хутчэй. Яны папросяць ЕС паступова адмяніць санкцыі ў абмен на саступкі Лукашэнкі і выступіць пасярэднікам у будучых перамовах з рэжымам што да пачатку нацыянальнага дыялогу, напрыклад, праз стварэнне спецыяльнай камісіі па Беларусі. Яны ўмацуюць сваю прысутнасць у незалежных беларускіх СМІ, а таксама паспрабуюць знайсці агульныя пазіцыі ў рамках падрыхтоўкі да круглага стала, запланаванага на пачатак 2024 года.

Масква не адрэагуе ўжываннем ваеннай сілы на геапалітычны паварот Мінска, разумеючы глыбокую эканамічную залежнасць Беларусі ад Расіі і не жадаючы страціць свайго апошняга саюзніка. Замест гэтага Крэмль вырашыць працягнуць доўгатэрміновую стратэгію аднаўлення кантролю над нашай краінай. Ён выпусціць некалькі новых «дакументальных фільмаў», якія дыскрэдытуюць Лукашэнку асабіста, але падкрэсліваюць адзінства расіян і беларусаў. Масква пачне гандлёвыя войны, перакрые транзіт беларускага калію па расійскіх чыгунках, прыпыніць усе крэдытныя праграмы і будзе пагражаць спыненнем паставак газу і нафты ў 2024 годзе. Расійскі ўрад распрацуе планы прымусу Беларусі да падпарадкавання шляхам прымянення ваеннай сілы і правядзення фальшывага рэферэндуму, які зробіць Беларусь часткай Расіі.

Российские военные охраняют ракету «Тополь» на станции Яцуки перед выводом из Беларуси. Фото: Reuters
Расійскія вайскоўцы ахоўваюць ракету «Таполя» на станцыі Яцукі перад вывадам з Беларусі, 1990-я. Фота: Reuters

Калі Расея будзе пагражаць увесці эканамічную блакаду Беларусі, прэзідэнт Зяленскі нагадае, што Украіна таксама сутыкаецца з экзістэнцыйнымі пагрозамі, і закліча беларусаў пачаць нацыянальны дыялог для абароны свайго суверэнітэту. Ён будзе вітаць заяву Лукашэнкі пра афіцыйны выхад Беларусі з расійскай вайны. Кіеў будзе сігналізаваць пра сваю гатоўнасць аднавіць папярэднія аб’ёмы гандлю з Мінскам і, магчыма, нават забяспечыць Беларусь газам. З гэтага часу Украіна будзе цесна каардынаваць сваю палітыку ў дачыненні да нашай краіны (уключаючы паступовую адмену санкцый) з ЕС і іншымі заходнімі партнёрамі.

У сваю чаргу ЕС прыпыніць дзеянне некаторых абмежаванняў (напрыклад, адключэнне шэрагу банкаў ад SWIFT, санкцыі супраць авіякампаніі «Белавія», грузавых кампаній, калію, драўніны і металаў) яшчэ ў лістападзе перад тварам магчымай расійскай эканамічнай блакады, у той час як рэалізацыя эканамічнага плана падтрымкі Беларусі будзе магчымая толькі пасля паспяховага нацыянальнага дыялогу і новых выбараў. Беларускія ўлады, ЕС і дэмакратычныя сілы створаць кантактныя групы для правядзення круглага стала ў 2024 годзе.

Чытайце таксама