МАРГ вынес папярэджанне Міністэрству аховы здароўя з нагоды планаваных змяненняў у продажы рэцэптурных лекаў з 1 чэрвеня гэтага года. Адпаведны дакумент апублікаваны на сайце рэгулятара.
Ведамства ўгледзела парушэнне антыманапольнага заканадаўства праз некаторыя ўмовы для адкрыцця аптэк: гаворка ідзе пра тое, што юрыдычная асоба або індывідуальны прадпрымальнік мог адкрыць невялікую аптэку (пятай катэгорыі) толькі тады, калі ў адміністрацыйным цэнтры гэтай тэрытарыяльнай адзінкі ўжо адкрытая аптэка першай або другой катэгорыі.
Але самае галоўнае — увядзенне Мінздароўя забароны на продаж лекавых прэпаратаў, што рэалізуюцца па рэцэпце доктара, аптэкамі пятай катэгорыі МАРГ назваў «дыскрымінацыйнымі ўмовамі». Ведамства да 30 траўня запатрабавала выключыць гэты пункт з пастановы. То-бок невялікія аптэкі па-ранейшаму змогуць прадаваць лекі па рэцэпце.
Нагадаем, цяпер у Беларусі працуе каля 3600 аптэк. Дзяржаўнай сетцы «Белфармацыя» і рэгіянальным «Фармацыям» належыць каля 1850 пунктаў, адпаведна, амаль палову рынку займаюць камерцыйныя сеткі. Усе аптэкі краіны дзеляцца на пяць катэгорый.
Менавіта апошняй, пятай, катэгорыі, да якой і адносіцца большасць камерцыйных аптэк, хацелі забараніць прадаваць лекі па рэцэпце.
Пры гэтым Мінздароўя зрабіла выключэнне: прадаваць па рэцэптах па-ранейшаму маглі б аптэкі пятай катэгорыі, якія ажыццяўляюць бясплатнае і льготнае забяспечанне асобных катэгорый грамадзян лекамі і перавязачнымі матэрыяламі. А гэтым займаюцца толькі дзяржаўныя аптэкі, амаль усе з іх адносяцца да сеткі «Белфармацыя» і рэгіянальных «Фармацый» (яшчэ ёсць 26 аптэк РУП «Белекацэнтр» у Мінску).
Забарона прадаваць рэцэптурныя лекі пагражала камерцыйным аптэкам зніжэннем колькасці кліентаў, змяншэннем выручкі і імаверным закрыццём. Акрамя таго, забарона Мінздароўя адбілася б і на простых людзях. Напрыклад, у горадзе Смалявічы былі б толькі тры аптэкі, дзе яны маглі б купіць лекі па рэцэпце ўвечары пасля працоўнага дня, і толькі адна, дзе гэта можна было б зрабіць у нядзелю. Падобныя праблемы пагражалі большасці невялікіх гарадоў Беларусі.
Забарона на рэалізацыю лекаў па рэцэпце ў аптэках пятай катэгорыі мусіла ўступіць у сілу 1 чэрвеня.
Чытайце таксама