Эпізод з удзелам Аляксандра Лукашэнкі на парадзе 9 траўня ў Маскве, дзе ён не змог ці не захацеў прайсці пешшу 300 метраў разам з кіраўнікамі дзяржаваў, выклікае мноства пытанняў пра стан яго здароўя. Аб’ектыўных звестак пра тое, наколькі здаровы (ці не) палітык, у нас няма. Аднак відавочна, што калі ў яго сапраўды ёсць сур’ёзныя праблемы з самаадчуваннем, то ўжо цяпер ці з часам гэта можа перашкодзіць яму выконваць свае абавязкі. Мы вырашылі паглядзець, што з гэтай нагоды кажа беларускае заканадаўства і хто можа заняць месца Лукашэнкі, калі ён акажацца недзеяздольны.
У Лукашэнкі могуць забраць уладу праз стан здароўя?
Так, такая працэдура ёсць у пераважнай большасці краін, і Беларусь — не выключэнне.
У артыкуле 88 Канстытуцыі з гэтай нагоды сказана: «Прэзідэнт можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады пры трывалай няздольнасці па стане здароўя ажыццяўляць абавязкі Прэзідэнта».
Хто мусіць ініцыяваць працэс адхілення?
Паводле Канстытуцыі, гэтая функцыя належыць парламенту — Нацыянальнаму сходу. Па пытанні адхілення павінныя прагаласаваць абедзве яго палаты: Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі. Прычым «за» мусіць выказацца як пераважная большасць дэпутатаў, так і сенатараў — не менш за дзве траціны ад поўнай колькасці органаў (74 з 110 чальцоў Палаты прадстаўнікоў і 43 з 64 — Савета Рэспублікі).
Кожная палата мусіць прыняць выніковую пастанову. Калі хаця б на адным з двух галасаванняў не набярэцца патрэбная колькасць галасоў, то адхіленне ад пасады не адбываецца.
Адзначым, што ў дакументах не сказана, што менавіта мусіць стаць падставай для разгляду ў парламенце пытання пра адхіленне. Відавочна, што ініцыятыва павінная належаць самім дэпутатам — аднак у беларускіх палітычных рэаліях, калі абедзве палаты фактычна знаходзяцца пад поўным кантролем Лукашэнкі, такі сцэнар цяжка ўявіць.
Як зразумець, што прэзідэнт недзеяздольны?
Для гэтага парламент мусіць склікаць спецыяльную камісію, якая і вызначыць, ці мае ў гэтым выпадку месца «трывалая няздольнасць» Лукашэнкі выконваць свае абавязкі. Склад камісіі ў дакументах ніяк не апісаны, хоць відавочна, што ў яе мусяць уваходзіць дактары, якія змогуць кампетэнтна адказаць на пастаўленае пытанне.
Цікава, што ў старой версіі закона пра прэзідэнта, прынятай у 1995 годзе, камісія, што ствараецца парламентам, наўпрост называлася «медыцынскай». Таксама ў дакуменце была сказана, што калі прэзідэнт адмаўляецца ад праходжання медыцынскага агляду, то гэта падстава для яго адхілення ад пасады. У снежні 1995-га Канстытуцыйны суд Беларусі прызнаў гэтую норму не адпаведнай Канстытуцыі.
А «ўсёмагутны» УНС можа адхіліць Лукашэнку?
Увогуле, так, але не праз здароўе, а за парушэнне Канстытуцыі, здзяйсненне дзяржздрады ці іншага цяжкага злачынства. Такім чынам, пытанне пра вызваленне прэзідэнта ад пасады з прычынаў, звязаных са здароўем, — выключная функцыя парламента.
Нагадаем, што Усебеларускі народны сход, які з’явіўся ў Канстытуцыі краіны пасля рэферэндуму ў пачатку 2022 года, паводле чыноўнікаў, з’явіцца і пачне працаваць толькі ў пачатку 2024-га.
Да каго пяройдзе ўлада, калі Лукашэнку адхіляць па здароўі?
Калі ўсё ж уявіць, што сцэнар з адхіленнем Лукашэнкі ад улады парламентам будзе рэалізаваны, то далейшыя падзеі будуць аналагічныя сітуацыі, якая склалася б у выпадку смерці палітыка. Пра гэта мы расказвалі ў асобным тэксце.
Каротка перакажам: з моманту адхілення паўнамоцтвы прэзідэнта пяройдуць да старшыні Савета Рэспублікі. Цяпер гэтую пасаду займае Наталля Качанава. Дарэчы, такі сцэнар з’явіўся ў Канстытуцыі адносна нядаўна: у першапачатковай версіі дакумента 1994 года ў выпадку вакантнай пасады прэзідэнта яго паўнамоцтвы пераходзілі да старшыні Вярхоўнага Савета — спікера на той момант аднапалатнага парламента краіны, а ў версіях, прынятых пасля рэферэндумаў 1996 і 2004 гадоў, — прэм’ер-міністра.
Менавіта пад уладай Качанавай мусяць быць арганізаваныя новыя выбары — іх праводзіць ЦВК, які, у сваю чаргу, паводле новых правілаў фармуецца Усебеларускім народным сходам (нагадаем, усё яшчэ не скліканым). Паводле Выбарчага кодэкса, выбары мусяць прайсці не раней чым праз 30 дзён і не пазней чым праз 70 дзён з дня адкрыцця вакансіі — то-бок з моманту абвяшчэння прэзідэнта недзеяздольным.
Заўважым таксама, што ў беларускім заканадаўстве з нядаўняга часу ёсць асобны сцэнар для выпадку гвалтоўнай смерці прэзідэнта, аднак адхіленне па стане здароўя да яго ніяк не адносіцца.
Чытайце таксама