Памочнік старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Міхаіла Мясніковіча Дзмітрый Шадко выйшаў з СІЗА КДБ. Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».
Паводле звестак праваабаронцаў, Дзмітрый Шадко выйшаў на волю 24 сакавіка. У якім ён статусе — невядома. Раней паведамлялася, што мужчына быў затрыманы па крымінальнай справе па артыкуле 289 КК (Акт тэрарызму). Як пісала «Вясна», ён «ведаў некаторых людзей, якія былі затрыманыя па справе аб дыверсіі ў Мачулішчах». На волю таксама выйшлі яшчэ два чалавекі, якія затрымліваліся ў рамках гэтага расследавання: Ілля Кабанаў і Руслан Маслянкоў.
Дзмітрыю Шадко 44 гады, ён грамадзянін Беларусі. Скончыў БДУІР і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. Яго кар’ерны рост пачаўся з пасадаў у цэнтральным камітэце БПСМ (першая назва БРСМ) і кампаніі «Гандлёва-камерцыйны дом Юніспектр». Пасля працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Планета», заснаванага «Белтрансгазам», а з 2011 года — у Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі.
Намеснікам міністра сувязі і інфарматызацыі Шадко стаў у 2011 годзе, праз некалькі гадоў дарос да першага намесніка міністра. У траўні 2019 года вызвалены ад пасады па пагадненні бакоў.
Вядома, што пасля сыходу з пасады намесніка міністра Дзмітрый працаваў кіраўнічым дырэктарам «ДФС» (кампанія з холдынгу «БелВЭБ»), якой належыць інвестыцыйная платформа Finstore.by, а апошнім часам займаў пасаду памочніка старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Міхаіла Мясніковіча.