Нацбанк абвясціў што з 1 сакавіка знізіць стаўку рэфінансавання да 11% гадавых. Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце рэгулятара. Да гэтай стаўкі прывязаныя некаторыя банкаўскія крэдыты.
Цяпер стаўка складае 11,5%. Апошні раз яе зніжалі 23 студзеня, да гэтага яна складала 12%.
Сярод прычын зніжэння стаўкі рэфінансавання ў сакавіку — падзенне гадавой інфляцыі ў студзені да 12% (за месяц да гэтага яна была на ўзроўні 12,8%), удакладняе рэгулятар.
«Тэмпы прыросту спажывецкіх цэн у апошнія месяцы складваюцца на нізкіх узроўнях. Гэта спрыяе далейшаму запаволенню гадавой інфляцыі, якая, паводле ацэнак, знізіцца да адназначных значэнняў ужо да канца першага квартала 2023 года», — адзначае Нацбанк.
Яшчэ адна прычына зніжэння стаўкі рэфінансавання — далейшы прыток рублёвых укладаў насельніцтва ў студзені, удакладняе рэгулятар. «Разам з тым ашчадны працэс застаецца стрыманым. Адначасова адзначаецца паскораны рост ліквіднага складніка грашовай масы, што можа адбіцца на дынаміцы запаволення інфляцыі, — тлумачыць рэгулятар. — Наступныя рашэнні па стаўцы рэфінансавання Нацыянальны банк будзе прымаць з улікам фактычнай і чаканай дынамікі інфляцыі, а таксама ацэньваючы рызыкі з боку ўнутраных і знешніх умоваў і рэакцыі на іх фінансавых рынкаў».
З 1 сакавіка таксама знізяць стаўку па крэдыце авернайт — з 12,5 да 12% гадавых, а таксама стаўку па дэпазіце авернайт — з 10,5 да 10% гадавых.