Валтузнёй вакол Крамля назваў візіт міністра замежных справаў і знешнеэканамічных сувязяў Венгрыі Петэра Сіярта ў Мінск міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў.
— Для мяне гэта таксама цікавае пытанне. Такое ўражанне, што калі расце антыкрамлёўскі альянс — а сёння 54 краіны былі прадстаўленыя за тым сталом (Рамштайна), — адначасова нейкая малеча вакол Крамля спрабуе знайсці сабе нейкую выгаду. На жаль, але ў іх нейкі паралельны свет, — сказаў Рэзнікаў у адказ на пытанне карэспандэнта «Укрінфарма» пра тое, якога кшталту міру для Украіны шукаў венгерскі міністр у Мінску.
Сіярта прылятаў у Мінск 13 лютага. Гэта быў першы за шмат месяцаў візіт еўрапейскага палітыка ў Беларусь. Сам Сіярта заявіў, што прыехаў у Мінск, каб данесці пазіцыю Венгрыі пра неабходнасць мірных перамоваў.
«Вайна ва Украіне абвастраецца, праз баявыя дзеянні гіне ўсё больш людзей. Чалавечыя жыцці мусяць быць выратаваныя цяпер, і гэта можна зрабіць толькі мірным шляхам. Беларусь чакае, што ўсе чальцы міжнароднай супольнасці будуць дзейнічаць у імя міру як мага хутчэй і пазбягаць дзеянняў, якія могуць прывесці да працягу або эскалацыі вайны. Гэтую пазіцыю міру я таксама буду прадстаўляць сёння на сваіх перамовах у Мінску», — напісаў ён у Facebook.