У Беларусі легалізавалі паралельны імпарт, то-бок увоз тавараў без згоды праваўладальніка. Дазваляецца таксама выкарыстоўваць фільмы, музыку, тэле- і радыёперадачы, праграмнае забяспечанне з «недружалюбных» краін тым самым спосабам (чытай — пірацкім). Адпаведны закон № 241-З «Пра абмежаванне выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці» апублікаваны 6 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і будзе дзейнічаць два гады.
Паралельны імпарт
Згодна з законам, дапускаюцца ўвоз і абарот у Беларусі тавараў, у якіх выкарыстоўваюцца аб’екты інтэлектуальнай уласнасці, без згоды праваўладальнікаў з замежных дзяржаваў — у тым ліку «недружалюбных».
«Калі такія тавары ўключаныя ў пералікі тавараў (груп тавараў), якія з’яўляюцца істотна важнымі для ўнутранага рынку», — удакладняецца ў дакуменце.
Пры гэтым выкарыстанне без дазволу праваўладальнікаў аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, задзейнічаных у такіх таварах, не прызнаецца парушэннем выключных правоў.
Складаць пералікі прадукцыі, якая трапіла пад паралельны імпарт, будуць дзяржорганы, упаўнаважаныя на гэта Саўмінам.
Ёсць яшчэ адна ўмова: тавары не ўключаюцца ў такія пералікі, калі праваўладальнікі ці іншыя асобы з іх згоды вядуць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з беларускімі юрыдычнымі асобамі або фізічнымі асобамі і гэтае супрацоўніцтва «не прыводзіць да крытычнага недахопу гэтых тавараў (груп тавараў) на ўнутраным рынку».
Калі тавар уключаны ў пералік істотна важных для ўнутранага рынку, аб’ект інтэлектуальнай уласнасці часова выключаецца з Нацыянальнага мытнага рэестра. Новы закон вызначае парадак дзеянняў Дзяржаўнага мытнага камітэта ў такіх выпадках.
Рашэнне ўзаконіць паралельны імпарт прынятае «з мэтай стварэння ўмоваў для павышэння ўнутранай устойлівасці эканомікі, перадухілення або памяншэння крытычнага недахопу на ўнутраным рынку харчовых і іншых тавараў», гаворыцца ў дакуменце.
Выкарыстанне кантэнту без дазволу праваўладальніка
Акрамя таго, новы закон дазваляе выкарыстоўваць без дазволу аб’екты інтэлектуальнай уласнасці, калі праваўладальнік з «недружалюбнай» дзяржавы забараніў ці не даў згоды на іх выкарыстанне ў нашай краіне. Гэта датычыць таксама арганізацый па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі.
Як сказана ў дакуменце, рашэнне прынятае «з мэтай забяспечання функцыянавання інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры, стварэння ўмоваў для лічбавага развіцця і павышэння ўзроўню інфармацыйнай бяспекі, развіцця інтэлектуальнага і духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства».
У лік такіх аб’ектаў уваходзяць:
- камп’ютарныя праграмы;
- фільмы (з агаворкай: іх дапускаецца выкарыстоўваць без дазволу ў складзе тэлепраграмы, рэдакцыяй якой з’яўляецца дзяржарганізацыя або кінапракатная/кінавідовішчная арганізацыя);
- музычныя творы;
- тэле- і радыёперадачы.
Калі праваўладальнікі звязаныя з дзяржавамі, «якія ажыццяўляюць недружалюбныя дзеянні» супраць Беларусі, іх згода на выкарыстанне кантэнту больш не патрабуецца. У дачыненні да іх не дзейнічае п. 2 арт. 55 закона «Аб аўтарскім праве і сумежных правах», згодна з якім, сярод іншага, забараняюцца пракат і імпарт твораў без дазволу аўтара ці іншага праваўладальніка.
Пералікі такіх праваўладальнікаў, як і ў выпадку з паралельным імпартам, будуць складаць дзяржаўныя органы, упаўнаважаныя на гэта Саўмінам.
Тым не менш плаціць за выкарыстанне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці з «недружалюбных» краін на тэрыторыі Беларусі ўсё ж давядзецца. Узнагароджанне будзе залічвацца на рахунак патэнтнага органа і захоўвацца там да запатрабавання праваўладальнікам цягам трох гадоў. Сам жа патэнтны орган распараджацца гэтай сумай не зможа, за выключэннем 20%, якія ён мае права пусціць на пакрыццё сваіх выдаткаў, звязаных з улікам узнагароды і выплатай яе праваўладальніку.
Па заканчэнні трох гадоў, калі грошы так і застануцца незапатрабаванымі, іх накіруюць у даход рэспубліканскага бюджэту. Памер узнагароды, парадак яе выплаты і пералічэння незапатрабаваных сродкаў у бюджэт зноў жа будуць вызначацца Саўмінам.
Закон № 241-З «Пра абмежаванне выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці» быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 20 снежня, ухвалены Саветам Рэспублікі 21 снежня мінулага года і падпісаны Лукашэнкам. Ён набывае моц праз 10 дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання і дзейнічае да 31 снежня 2024 года ўключна.
Як зрабілі ў Расіі
У пытанні легалізацыі паралельнага імпарту нашая краіна ідзе па слядах Расіі.
Нагадаем, праз вайну ва Украіне многія кампаніі забаранілі ўвоз сваёй прадукцыі ў Беларусь і Расію. Пасля гэтага ў РФ прынялі рашэнне ўзаконіць увоз тавараў у краіну без дазволу праваўладальніка. У прыватнасці, Міністэрства прамысловасці і гандлю Расіі зацвердзіла спіс з 96 тавараў, дазволеных для паралельнага імпарту.
У спіс трапілі запчасткі для іншамарак, фота- і відэатэхніка, медыцынскія і музычныя інструменты, прадукцыя Apple, Samsung, касметыка, бытавая хімія, гульнявыя прыстаўкі XBox, PlayStation і іншыя тавары. Акрамя таго, дазволены паралельны імпарт аўтамабіляў найбуйнейшых сусветных вытворцаў.
Пасля гэтага ва ўрадзе Беларусі таксама заявілі, што хочуць легалізаваць паралельны імпарт. Гэта тлумачылі імкненнем не дапусціць «дэфіцыту тавараў імпартнай вытворчасці і насычэнне спажывецкага рынку».
Што да выкарыстання замежнага кантэнту без згоды праваўладальніка, то тут Беларусь нават апярэдзіла Расію: у суседзяў такая ідэя яшчэ толькі разглядаецца.
У прыватнасці, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін яшчэ ў траўні мінулага года падпісаў указ пра «прымусовае ліцэнзаванне». Згодна з дакументам, кінатэатры павінныя будуць паводле прынятай у Беларусі схемы пералічваць заходнім праваўладальнікам фільмаў аплату на спецыяльны расійскі рахунак. Законапраект пра «прымусовае ліцэнзаванне» знаходзіцца на разглядзе ў Дзярждуме, але да гэтага часу не прыняты.
Акрамя таго, расійскія кінастудыі і кінатэатры прасілі вызваліць іх ад адказнасці за нелегальны паказ замежных фільмаў, у тым ліку без пракатнага пасведчання, якое звычайна кожнаму фільму выдае Мінкульт.
У Міністэрстве культуры Расіі, аднак, прызналі пракат замежных кінакарцін без згоды праваўладальнікаў незаконным.
Пры гэтым некаторыя расійскія кінатэатры ўжо паказваюць галівудскія прэм’еры без ліцэнзіі — напрыклад, сіквел «Доктара Стрэнджа», «Топ Ган: Маверык», другую «Чорную Пантэру», «Аватар: Шлях вады».