Андрэй Кобель, які працаваў галоўным урачом санаторыя «Беларусь» у Літве, а потым — у Сочы, быў затрыманы за шпіянаж на карысць Літвы. Пра гэта паведамілі на тэлеканале «Беларусь 1».
«Паўгода таму затрымалі Андрэя Кобеля. Асоба маштабная — 10 гадоў ён быў галоўным урачом санаторыя „Беларусь“ у Літве, потым на той жа пасадзе працаваў у Сочы, а пазней узначаліў аддзел РНПЦ у Мінску. Літоўцы абклалі яго па ўсіх правілах шантажу: пагражалі крымінальнай справай за махінацыю з зямельным участкам, крадзеж сродкаў падчас рэканструкцыі санаторыя, маўляў, пазбавяць яго і яго сям’ю віду на жыхарства, а сыну падкінуць у аўтамабіль наркотыкі», — гаворыцца ў сюжэце.
Сцвярджаецца, што пад ціскам Кобель падпісаў абавязанне пра супрацоўніцтва, збіраў і перадаваў звесткі беларусаў, якія адпачывалі ў санаторыях, у тым ліку звесткі пра рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы, якая знаходзіцца на тэрыторыі санаторыя.
Таксама гаворыцца, што Кобель уладкоўваў на працу тых, каго патрабаваў уладкаваць Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы.