Пасля паразы Расіі пад Херсонам імавернасць уступлення Беларусі ў вайну зменшылася ці, наадварот, павялічылася? Ціханоўская назвала сябе абраным прэзідэнтам, што гэта зменіць? Чаму сярод беларускіх сілавікоў столькі прарасійскіх людзей? Улады ўсё больш і больш ціснуць на бізнес, але ён імкнецца адаптавацца — гэта лаяльнасць? Гэтыя і іншыя надзённыя пытанні задалі нам вы. Мы пераадрасавалі іх палітычнаму аналітыку Арцёму Шрайбману — і запісалі новы выпуск праекта «Шрайбман адкажа». Гэта тэкставая версія.
— Пасля паразы Расіі пад Херсонам імавернасць уступлення Беларусі ў вайну зменшылася ці, наадварот, павялічылася? Калі зыходзіць з таго, што Расія прайграе і рэжым Лукашэнкі не ўтрымаецца, то які сэнс яму пазбягаць гэтай вайны?
— Мы ўжо не ўпершыню вяртаемся да гэтага пытання, і я не стамлюся паўтараць некаторыя базавыя ісціны. Па-першае, вайна — гэта абсалютна непрадказальны працэс. Я згодны з вамі ў тым, што пасля кожнай чарговай паразы на поле бою Пуцін зацікаўлены ў тым, каб шукаць новыя спосабы эскалацыі. Дагэтуль гэта былі пагрозы ядзернай зброяй, размовы пра «брудную бомбу», анексія ўкраінскіх рэгіёнаў, масіраваныя абстрэлы гарадоў і цывільнай інфраструктуры, а таксама размяшчэнне войскаў на тэрыторыі Беларусі пасля таго, як іх там не было некалькі месяцаў.
Ці можа ў будучыні рэакцыяй на нейкую чарговую паразу стаць больш актыўнае ўцягванне Беларусі ў вайну? Вядома, можа. Напрыклад, калі Расія атрымае чарговую порцыю іранскіх дронаў або балістычных ракет, то яна можа палічыць лагічным размясціць іх у Беларусі, каб мець найлепшы ахоп украінскай тэрыторыі.
Але вашае пытанне датычыла ўключэння беларускай арміі ў вайну. І тут, як і раней, я не лічу гэтае развіццё падзей занадта імаверным сёння, і ў апошнія месяцы імавернасць такога выніку хутчэй знізілася. І такая мая ацэнка грунтуецца на тым, што Расія правяла мабілізацыю сотняў тысяч рэзервістаў. Да гэтага беларуская армія магла б быць карыснай расійскай у якасці «затыкання дзірак» на фронце, а не нейкага супернадзейнага ўдарнага кулака. Але цяпер з гэтай задачай, па сутнасці «гарматнага мяса» добра спраўляюцца і ў агляднай будучыні будуць спраўляцца сотні тысяч прызваных расіян. Яшчэ пара дзясяткаў тысяч нематываваных і не надта баяздольных беларусаў тут пагоды не зробяць. Замест гэтага, мяркуючы з паведамленняў заходніх і ўкраінскай разведак, Расія бярэ ў беларускай арміі тое, што ёй сапраўды карыснае. Гэта трэніроўкі на беларускіх палігонах, гэта артылерыйскія снарады з беларускіх складаў і старыя беларускія танкі.
Пераходзячы ж да другой часткі вашага пытання, для Лукашэнкі і яго інтарэсаў у гэтай вайне, па сутнасці, нічога не мяняецца. Так, ён не хацеў бы паразы Расіі, таму што любое аслабленне пуцінскага рэжыму можа пацягнуць аслабленне Лукашэнкі. Але гэта не значыць, што ён гатовы рызыкнуць палітычнай стабільнасцю проста цяпер, ахвяраваць сваім войскам і даць Маскве яшчэ некалькі тысяч людзей для таго, каб кінуць іх у мясарубку. Адна справа — дапамагаць так, каб гэта не ставіла пад пагрозу тваю палітычную стабільнасць, а іншая — ставіць на кон усё, не маючы пры гэтым гарантаванага выхлапу ад такой дапамогі.
Падводзячы рысу, эскалацыя сама па сабе павышае імавернасць таго, што на нейкім яе этапе Беларусь можа быць уцягнутая ў гэтую вайну. Такая логіка эскалацыі. Яна працуе не толькі на ўзмацненне канфлікту, але і на яго тэрытарыяльнае пашырэнне. Але сама па сабе параза Расіі пад Херсонам з пункту гледжання імавернасці ўцягвання ў вайну беларускай арміі велізарнага значэння не мае. Таму што расійская армія сваю праблему з жывой сілай прынамсі на некалькі наступных месяцаў змагла вырашыць.
— Ціханоўская назвала сябе абраным прэзідэнтам. Што гэта зменіць? Ці мусіць на яе ў такім выпадку распаўсюджвацца паняцце «прэзідэнцкі тэрмін»? І калі апазіцыя не пераможа, то ў 2025 годзе будуць паралельныя выбары — у самой Беларусі і сярод апазіцыі?
— Сапраўды, у нядаўнім артыкуле ў Politico Святлана Ціханоўская ўпершыню назвала сябе абраным прэзідэнтам, а свой кабінет — урадам у выгнанні. Што гэта зменіць? Сёння — дакладна нічога. Адрасат гэтай аўдыторыі хутчэй на Захадзе. Гэта міжнародныя партнёры беларускіх дэмакратычных сіл, а не яе хатняя аўдыторыя. Рэч у тым, што ў Кабінета Ціханоўскай былі пэўныя дыпламатычныя дасягненні ў апошнія месяцы. Напрыклад, яны стварылі кантактную групу з Радай Еўропы, такім чынам замяніўшы сабой афіцыйны Мінск у адносінах з гэтай арганізацыяй. Ужо некалькі заходніх краін акрэдытавалі сваіх дыпламатаў у Вільні, каб працаваць там з беларускім дэмакратычным рухам. Сама Ціханоўская адкрыла прадстаўніцтва свайго Кабінета ў Брусэлі, яго ўзначальвае былы пасол Астапенка.
У пачатку гэтага тыдня Ціханоўская выступала перад Саветам замежных справаў Еўрасаюза, то-бок у фармаце, дзе звычайна выступаюць прадстаўнікі дзяржаваў. Усё гэта азначае, што адбываецца паўзучы рост міжнароднай суб’ектнасці беларускіх дэмакратычных сіл. Яны маленькімі крокамі рухаюцца ў бок таго, каб быць прадстаўнікамі беларускага народа, прынамсі, у вачах Захаду. Шлях да гэтага пукта яшчэ вельмі доўгі. Паскорыць яго могуць такія трагічныя падзеі, як уцягванне Беларусі ў вайну наўпрост ці акупацыя Беларусі расійскімі войскамі. У гэтым выпадку як мінімум у заходніх краін больш не будзе аргументаў, каб працягваць падтрымліваць адносіны з урадам Лукашэнкі, і яны змогуць без нейкіх сур’ёзных перашкодаў наладзіць адносіны і прызнаць Кабінет Ціханоўскай легітымным прадстаўніком беларускага народа.
Але мы пакуль яшчэ далёка не ў гэтым пункце, і сёння заява Ціханоўскай выглядае хутчэй як спробны шар, зандаванне глебы. Калі нейкага выразнага водгуку на гэта на Захадзе не будзе, то я сумняваюся, што Ціханоўская будзе настойваць на такой сваёй прэзентацыі ў наступных інтэрв'ю або артыкулах. Але калі пазіцыянаванне Ціханоўскай канчаткова ссунецца ад «я дэмакратычны лідэр» да «я абраны прэзідэнт», то ў многіх пачнуць узнікаць пытанні: а на які тэрмін гэтае прэзідэнцтва? Што рабіць з 2025-м годам і пасля яго, калі тэрмін, на які Ціханоўская абіралася, нібы скончыцца?
У сённяшніх умовах прадказаць, што будзе з Беларуссю ў 2025 годзе, немагчыма. Я не ведаю, якое рашэнне прымуць дэмакратычныя сілы, калі сітуацыя застанецца такой жа, як і цяпер — з Лукашэнкам ва ўладзе. Але ў такіх умовах праводзіць альтэрнатыўныя выбары будзе дастаткова недарэчна, таму што з-за мяжы ў апазіцыі проста не будзе інструментаў, каб уцягнуць у гэты працэс адзін мільён беларусаў, а абіраць прэзідэнта дзесяткамі тысяч галасоў з дыяспары было б неяк дзіўна. Акрамя таго, калі праводзіць гэтыя выбары ў інтэрнэце праз нейкі сайт або тэлеграм-бот, то зусім незразумела, як зрабіць так, каб усе сапернікі Ціханоўскай або іншага дэмакратычнага лідара атрымалі доступ да падліку галасоў і былі задаволеныя празрыстасцю гэтага працэсу.
Калі апазіцыя ўсё ж наважыцца на такі працэс, то яго вынікі наўрад ці дададуць абранаму лідару нейкай дадатковай легітымнасці, асабліва на міжнароднай арэне. Немагчыма будзе прыйсці ў Брусэль і сказаць: «Глядзіце, за мяне прагаласавала столькі чалавек на платформе „Голас“», — таму калі да 2025-га года сітуацыя не зменіцца, то хутчэй апазіцыя будзе думаць, як прапанаваць тлумачэнне, чаму Ціханоўская працягвае выконваць тую ролю, якую выконвае. І мы ўжо чуем першыя намёкі на гэта. У адным з нядаўніх інтэрв'ю старшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка заявіў, што ў дваццатым годзе ў Беларусі скончыліся электаральныя цыклы, і пры Лукашэнку свабодных выбараў больш быць не можа. І паколькі Святлану Ціханоўскую абралі з місіяй правесці свабодныя выбары, то, пакуль яна гэтую місію не рэалізуе, яна будзе працаваць.
Цалкам можна чакаць, што такая пазіцыя Офіса Ціханоўскай выкліча шмат крытыкі ад усіх тых палітычных сіл, хто ўжо паспеў у іх расчаравацца. І гэтага расчаравання, імаверна, будзе толькі больш да 25-га года. Але астатняя частка беларускай палітызаванай апазіцыйнай публікі і міжнародная супольнасць, хутчэй за ўсё, будуць схільныя прыняць гэты статус-кво, проста таму што лепшых альтэрнатываў не будзе. Але здаецца, што, калі да 25-га года не будзе ніякіх зменаў у самой Беларусі, то для дэмакратычных сіл вялікім выклікам будзе захаваць да сябе ўвагу, а не пераканаць усіх у тым, што яны захоўваюць легітымнасць за межамі пяцігадовага тэрміну.
— У Кабінета Святланы Ціханоўскай даўно не было ніякіх значных публічных перамог, зразумелых простаму беларусу. Пра палітычных зняволеных — цішыня. З візамі таксама ёсць пытанні. У чым праблема?
— Праблема мне здаецца дастаткова відавочнай. Кабінет Ціханоўскай не мае рычагоў улады ні ўнутры краіны, ні звонку. Ціханоўская не можа прымусіць Лукашэнку вызваліць палітвязняў. Гэта пакуль што не могуць зрабіць нават заходнія краіны з усімі іх санкцыямі. Калі перамовы ў дачыненні да свабоды палітвязняў у абмен на нейкае паслабленне санкцый у прынцыпе ўявіць можна, то ні заходнім сталіцам, ні Лукашэнку для гэтага не патрэбны Кабінет Ціханоўскай. Прынамсі, да таго моманту, пакуль не саспее палітычная воля пачынаць такі гандаль. А потым апазіцыю могуць прыцягнуць, але хутчэй для таго, каб вызначыць спіс людзей або параіць, якія санкцыі варта здымаць першымі. І гэта хутчэй роля дарадцы, а не суб’екта, які прымае рашэнні.
У беларускай апазіцыі няма і не было рэсурсаў для таго, каб стаць такім палітычным суб’ектам. Прыкладна такая ж сітуацыя з візамі. Але тут у беларускіх дэмакратычных сіл ёсць хоць нейкія інструменты публічнай дыпламатыі, то-бок фарміраванне такога парадку дня на Захадзе, які б перашкаджаў аднолькаваму падыходу да беларусаў і расіян з пункту гледжання візавых абмежаванняў. І пакуль гэта ў цэлым працуе: Еўрасаюз не прымаў калектыўных візавых абмежаванняў у дачыненні да простых беларусаў, у адрозненне ад расіян, хоць варта прызнаць, што асобныя еўрапейскія краіны ўсё ж ускладнілі працэдуру выдачы сваіх віз і допуску на сваю тэрыторыю з нацыянальнымі візамі іншых краін. Але і тут дзейнічаюць два фактары, якія нашмат мацнейшыя за лабісцкія магчымасці Кабінета Ціханоўскай. Першае — гэта вайна. Арсенал эканамічных санкцый, якія Захад можа накласці на Мінск і Маскву, не бязмежны, і чым далей, тым большая спакуса ў некаторых палітыкаў замест узаемна балючых санкцый прымаць калектыўнае пакаранне супраць грамадзян Беларусі і Расіі, а не супраць іх урадаў. Гэта нашмат прасцей, чым закрываць шчыліны ў наяўных санкцыях або ўводзіць другасныя санкцыі — то-бок караць тых, хто дапамагае Мінску і Маскве абыходзіць сённяшнія абмежаванні.
Другі фактар яшчэ больш далёкі ад магчымасцяў апазіцыі нешта мяняць. Ён звязаны з тым, што беларускія ўлады ўжо больш за два гады метадычна скарачаюць колькасць еўрапейскіх дыпламатаў у краіне. Прычым у першую чаргу гэта закранула пасольствы Польшчы і Літвы — краін, якія выдавалі большасць турыстычных віз беларусам. Ціханоўская не можа адправіць сваіх консулаў на дапамогу польскім, літоўскім або іншым дыпламатам, якія яшчэ застаюцца ў краіне. Хоць, імаверна, яна і яе каманда могуць лабіраваць спрашчэнне працэдуры працы з беларускімі заяўнікамі для тых пасольстваў, якія яшчэ працуюць у поўным складзе.
Але тут у гульню зноў уступае фактар вайны. Еўрапейскія чыноўнікі, дыпламаты, палітыкі, якія працуюць на беларускім напрамку і нават сімпатызуюць візавым запытам беларусаў, проста пабаяцца лабіраваць такія крокі, калі іх ўрады рухаюцца ў адваротны бок. Яны пабаяцца ісці супраць трэнду, які палягае на тым, каб уводзіць візавыя абмежаванні прынамсі ў дачыненні да расіян.
Да дэмакратычных сіл можа быць мноства прэтэнзій, і я сам рэгулярна іх агучваю, але прэтэнзіі такога кшталту — з нагоды рэчаў, якія знаходзяцца па-за ўладай дэмакратычных сіл, — гэта пытанне хутчэй завышаных чаканняў, чым нейкіх сістэмных правалаў у працы Кабінета.
— Чаму сярод беларускіх сілавікоў столькі прарасійскіх людзей? Яны былі і раней? Чаму мы іх не заўважалі?
— Мне здаецца, што адказ тут у цэлым на паверхні: гэтыя людзі ў сваёй пераважнай большасці прайшлі альбо савецкую армію, альбо савецкую ідэалагічную індактрынацыю ўжо ў ваенных вучылішчах, у незалежнай Беларусі.
Уся ідэалагічная і ваенная падрыхтоўка ў беларускай арміі вучыць разглядаць NATO як натуральнага ворага, а Расію — як натуральнага незаменнага вечнага саюзніка Беларусі. Акрамя таго, я ўпэўнены, што большасць беларускіх найвышэйшых афіцэраў і генералаў чэрпае інфармацыю як пра свет, так і пра сённяшнюю вайну з расійскай прапаганды або з беларускай, якая сёння не адрозніваецца ад расійскай. Акрамя таго, афіцэры і салдаты, калі яны і выязджаюць кудысьці на вучэнні, то разам з расіянамі або зрэдку — з партнёрамі па АДКБ. Але і на больш агульным узроўні гэтыя людзі, асабліва вярхушка сілавых структур, зрабілі сваю кар’еру ў прарасійскай дзяржаве, на службе ў прарасійскага лідара Лукашэнкі. Гэта значыць, што яны прайшлі ў тым ліку і тэст на лаяльнасць, перш чым трапіць на кіраўнічыя пасады ў сваіх сілавых органах. То бок, калі мы ўмоўна ўявім сабе якога-небудзь афіцэра з антырасійскімі або празаходнімі, або беларускімі нацыяналістычнымі поглядамі, то такі чалавек з велізарнай доляй імавернасці проста не прайшоў бы адбор у старшыя афіцэры і далей у генералы.
Цяпер жа мы бачым, што ўся гэтая прарасійская рыторыка пачала вылазіць вонкі. Я думаю, што гэта ў першую чаргу звязана з вайной, таму што да гэтых людзей, да вайскоўцаў, сталі часцей звяртацца па каментар дзяржаўныя СМІ. Ну і, па-другое, сітуацыя патрабуе ад беларускай дзяржавы і яе вайсковага кіраўніцтва большай і дэманстратыўнейшай лаяльнасці да Расіі. Да вайны, а хутчэй да 2020 года, у Мінска была патрэба балансаваць у міжнароднай палітыцы, і, адпаведна, рыторыка мусіла быць больш стрыманай. Таму часта заявы беларускіх вайскоўцаў, хоць яны заўсёды і былі прарасійскімі, былі хаця б не настолькі агрэсіўнымі ў дачыненні да іншых суседзяў Беларусі. Але сёння патрэба адваротная. Я нават дапускаю, што большасць гэтых генералаў уздыхнула з гэтай нагоды з палёгкай. Цяпер ім не толькі дазволена паўтараць тое, што яны чуюць ад сваіх расійскіх калегаў або ў вечаровых эфірах Салаўёва, а гэта нават вітаецца.
— Улады ўсё больш і больш ціснуць на бізнес, але бізнес імкнецца адаптавацца. Гэта лаяльнасць? У чым прычына таго, што ўлада паводзіцца як слон у пасуднай краме, а бізнес на такім жабрацкім рынку аддае перавагу таму, каб клеіць посуд, а не ляснуць дзвярыма?
— Бізнесоўцы, прадпрымальнікі — гэта не нейкая асаблівая каста. Гэта такія ж беларусы, у якіх такая ж базавая псіхалогія, якая дыктуе ім выбар з даступных ім варыянтаў. Калі ўмовы бізнес-асяроддзя пагаршаюцца, у любога прадпрымальніка ёсць выбар: змагацца за іх паляпшэнне (напрыклад, пратэставаць), трываць іх пагаршэнне, мяняць сектар сваёй працы ці пераязджаць у іншую краіну. У аўтарытарнай краіне большасць будзе заўсёды аддаваць перавагу апошнім, больш бяспечным варыянтам. Толькі ў меншасці будзе стрыжань, смеласць і энергія на тое, каб пратэставаць і змагацца за свае правы.
І гэта датычыць не толькі Беларусі. Такая сацыяльная дынаміка ў любым аўтарытарным грамадстве. Але да дваццатага года ў нашай краіне рызыкі ад абароны сваіх правоў, адкрытага выступлення супраць уладаў былі сур’ёзнымі, але не настолькі сур’ёзнымі, як цяпер. І таму тая актыўная меншасць прадпрымальнікаў, якая змагалася за паляпшэнне бізнес-асяроддзя, была прыкметнай. Прадстаўнікі сярэдняга і буйнога бізнесу актыўна лабіравалі свае інтарэсы праз некалькі бізнес-саюзаў, праз публікацыі ў СМІ. Драбнейшыя бізнесоўцы, прадпрымальнікі і прыватныя прадпрымальнікі выходзілі на акцыі пратэсту пяць-сем гадоў таму, ладзілі забастоўкі.
Цяпер жа рызыкі выраслі кардынальна. Сілавікам нічога не каштуе разграміць абсалютна любы бізнес: ад палаткі, у якой гандлююць рэчамі, да прыватнай клінікі або прыватнай школы, гандлёвай сеткі, нават расійскага банка (напрыклад, таго, дзе працаваў Віктар Бабарыка). Скаардынавацца на нізавым узроўні, гарызантальна, практычна немагчыма ў сённяшняй Беларусі, таму што як толькі пра гэта стане вядома сілавікам, каардынатарам гэтага працэсу не паздаровіцца. Іх нейтралізуюць даволі хутка, калі не атрымаецца арыштаваць іх па падазрэнні ў якім-небудзь падатковым злачынстве, то заўсёды ў іх у тэлефоне можа знайсціся падпіска на «экстрэмісцкі» канал або акажацца, што яны гучна лаяліся матам, размахвалі рукамі ў сваім двары, калі міма праходзіў нарад АМАПа. Ёсць паказальны свежы прыклад полацкай прадпрымальніцы Таццяны Шостак. Яе затрымалі ў канцы кастрычніка, у тую самую раніцу, калі яна збіралася аднесці ў выканкам калектыўны зварот ад прадпрымальнікаў. У сітуацыі такой рызыкі яшчэ больш людзей, чым раней, выбірае бяспечныя варыянты: альбо пераехаць у іншую краіну, альбо змяніць сваю сферу дзейнасці, альбо, сціснуўшы зубы, адаптавацца да новых правіл.
У дваццатым годзе многія прадпрымальнікі і прадстаўнікі нават буйнога бізнесу далучыліся да пратэснага руху. Але гэта быў пратэст не эканамічны, а каштоўнасны: супраць фальсіфікацый на выбарах, катаванняў, гвалту на вуліцах. Эканамічныя бунты звычайна ўзнікаюць у тых пластах грамадства, якім ужо няма чаго страчваць: змяніць працу нельга, а працягваць працаваць у такіх жа ўмовах немагчыма. У сённяшніх беларускіх прадпрымальнікаў які-ніякі выбар, але ёсць, і таму нават калі ўмовы іх працы стануць проста невыноснымі, то закрыць сваю справу ці змяніць краіну заўсёды будзе прасцей, чым сесці ў турму.