Ультрафіялетавыя апрамяняльнікі-рэцыркулятары былі ўсталяваныя за крэсламі замежных лідараў на нефармальным саміце кіраўнікоў краін — удзельніц СНД у Санкт-Пецярбургу. У сваім кабінеце ў Крамлі Уладзімір Пуцін трымае такія прылады як мінімум з 2016 года, піша «Агентство. Новости».
На з’яўленне апрамяняльнікаў звярнуў увагу журналіст крамлёўскага пула ад «Коммерсанта» Андрэй Калеснікаў. Белыя прылады можна заўважыць і на афіцыйных кадрах з мерапрыемства.
У кабінеце самога Пуціна ў Крамлі такі апрамяняльнік упершыню быў заўважаны ў 2016 год. Падобная прылада, магчыма, бачная ў кабінеце Пуціна і на больш свежых фотаздымках на сайце Крамля.
Пасля пачатку пандэміі каранавіруса такія апараты пачалі масава закупляць маскоўскія адукацыйныя ўстановы, пісаў Daily Storm. Пры гэтым не ўсе спецыялісты лічаць такія прылады эфектыўнымі. Былы міністр аховы здароўя Расіі Андрэй Вараб’ёў у 2023 годзе казаў, што ў апрамяняльніках «няма нічога асаблівага»: «Толькі павышаецца канцэнтрацыя азону, якой арганізм не заўважае. Прынамсі, шкоды такі апарат дакладна прынесці не можа».
Пасля пандэміі каранавіруса Пуцін прытрымліваўся сур’ёзных мер бяспекі нават пасля таго, як СААЗ абвясціла пра заканчэнне пандэміі. Напрыклад, летась браў санітайзер на мерапрыемствы, а людзі, якія сустракаліся з прэзідэнтам, мусілі сядзець на каранціне і здаваць ПЦР-тэсты.
Сёлета Пуцін, мяркуючы з усяго, часткова перастаў прытрымлівацца каранцінных абмежаванняў. Напрыклад, у лістападзе ён упершыню з 2020 года паціснуў руку кожнаму замежнаму амбасадару на цырымоніі ўручэння даверчых грамат.