«Трыбуна» высветліла некаторыя падрабязнасці смерці 35-гадовага Максіма Гусціка, які загінуў у ноч з 8 на 9 снежня 2023 года.
Паводле інфармацыі выдання, вядомы спартовец, які стаў старшым трэнерам зборнай па фрыстайле, увечары ў пятніцу адпачываў з некалькімі таварышамі. Працэс зацягнуўся. Каля 1.30 ночы мужчыны апынуліся ля станцыі метро «Пушкінская» на праспекце Пушкіна, які хацелі перайсці. Але яны не сталі спускацца ў падземны пераход, а пайшлі наўпрост праезнай часткай, збіраючыся пералезці праз невялікі плот пасярэдзіне. На раздзяляльнай паласе ў Гусціка і іншага чалавека з кампаніі здарыўся слоўны канфлікт. Максіма нечакана штурхнулі, і ён зваліўся на праезную частку. У гэты момант праспектам ехаў аўтамабіль Skoda. Кіроўца заўважыў людзей у самы апошні момант, калі ўжо не паспяваў затармазіць. Менавіта Гусцік трапіў пад колы машыны.
Траўма галавы аказалася настолькі жудаснай, піша «Трыбуна», што спартоўца хавалі ў закрытай труне. Пра вынікі праверкі інцыдэнту, які меў месца той ноччу, следчымі органамі нічога не вядома.
Максім Гусцік — вядомы ў мінулым фрыстайліст. У 2008 годзе дэбютаваў на этапах Кубка свету. Усяго ў рамках КМ лыжны акрабат дзевяць разоў падымаўся на п’едэстал. А найлепшым дасягненнем у кар’еры Гусціка была бронза на чэмпіянаце свету ў Аўстрыі ў 2015 годзе.
Фрыстайліст браў удзел у дзвюх Алімпійскіх гульнях: у 2018-м у індывідуальных скачках заняў 22-е месца, а праз чатыры гады быў 20-м.