«А хлопцы спяшаліся ў Прагу, не былі гэта Францішкі Скарыны, але верылася, што след іх жыцця і навукі не міне бясследна для дарагой нашай і пакутнай Айчыны», — пісала паэтка Ларыса Геніюш у сваёй «Споведзі». Прага — горад, які часта станавіўся часовым прытулкам для беларускіх дзеячаў. Сярод іх нямала было і літаратараў — пра гэта гаворка ў артыкуле пра звязаныя з нашымі пісьменнікамі месцы чэшскай сталіцы, прэзентаваным ініцыятывай Maldzis.
Maldzis — новы беларускі праект у галіне культурнай дыпламатыі, які бачыць сваю місію ў папулярызацыі культурнай спадчыны, аб’яднанні вакол яе беларусаў і ўмацаванні вобразу Беларусі як еўрапейскай краіны.
Пражская аўтабіяграфія
У беларускага празаіка Віктара Вальтара быў цяжкі лёс. Ён заўчасна памёр у 29 гадоў ад сухотаў, паўтарыўшы лёс Максіма Багдановіча, але не яго зорную папулярнасць. Ён быў уцекачом, шмат пераязджаў, але больш за ўсё пражыў у міжваеннай Латвіі, дзе настаўнічаў і нават быў дырэктарам беларускай школы ў Рызе.
Ён таксама стаў стыпендыятам чэшскага ўрада і ў 1922 годзе трапіў у Прагу — вучыўся на каморніцкім факультэце Чэшскага вышэйшага тэхнікума (цяпер Чэшскі тэхнічны ўніверсітэт). Пасля трох гадоў навучання захварэў на сухоты. Не даўшы рады хваробе, вярнуўся на радзіму. Прага ў яго памяці засталася назаўсёды: у зборнік выбраных твораў Вальтара, які выйшаў у 2009 годзе, увайшлі нават архіўныя малюнкі і фотаздымкі адтуль.
На жаль, яго імя стала вядомае праз дзесяцігоддзі пасля смерці: у 1992 годзе быў апублікаваны раман «Роджаныя пад Сатурнам». У ім Вальтар акурат і апісвае беларускую Прагу пачатку 1920-х гадоў, беларускіх студэнтаў, эмігрантаў і дзеячаў БНР, якія жылі там. Галоўны герой — студэнт філасофскага факультэта Пражскага ўніверсітэта, таму твор можна лічыць аўтабіяграфічным.
У Празе тады перабываў урад БНР. Там жылі і вучыліся маладыя літаратары, навукоўцы і палітыкі. Мовазнаўца Янка Станкевіч і палітык Тамаш Грыб сталі персанажамі «Роджаных пад Сатурнам». Апісвае Вальтар і характары колішняга старшыні Рады БНР Пётры Крэчэўскага, а таксама Міколы Вяршыніна, дыпламатычнага прадстаўніка БНР у Празе.
«Справа ў тым, што ў Прагу наехала шмат новых нашых эмігрантаў — зялёнай моладзі, і нашыя старэйшыя грамадзяне — былыя міністры ўрада БНР — узяліся іх улаштоўваць на ўкраінскую і часткова чэшскую стыпендыю», — пісаў аўтар.
У гэтым жа творы Вальтар пісаў, што беларускіх гасцей часта прымалі ў залах гатэля «Барандаў» недалёка ад рынку.
«Без мовы няма нацыі»
Пётра Крэчэўскі — палітычны дзеяч, гісторык, паэт і драматург, чые жыццё і смерць аказаліся звязаныя з Прагай. Трэці старшыня Рады БНР, які прысутнічаў падчас абвяшчэння рэспублікі, ён заставаўся на гэтай пасадзе да канца жыцця.
Крэчэўскі пакінуў вялікую спадчыну. Яшчэ да пераезду ў (на той час) Чэхаславакію ён дабіваўся ад урада краіны стыпендыяў для беларускіх студэнтаў і стварыў Беларускі архіў у Празе, арганізаваў прадстаўніцтва Рады БНР, разгарнуў дыпламатычную дзейнасць і інфармаваў заходнееўрапейскія краіны пра становішча ў БССР і Заходняй Беларусі.
У 1923 годзе ён пераехаў у Прагу. Тут у 1926-м выдаў навукова-палітычны альманах «Замежная Беларусь». Доўгі час ён пражыў у доме № 1 на вуліцы Брусэльскай.
Якая сувязь дзеяча БНР з літаратурай? Рэч у тым, што Крэчэўскі напісаў вершаваную паэму «Рагнеда», перакладаў вершы на беларускую мову з чэшскай і ўкраінскай. Таксама ён пісаў нарысы пра мінулае і сучаснасць Беларусі, гісторыю беларускай кнігі, БНР і Скарыну. У адным са сваіх эсэ, якое мела назву «Скарына і незалежнасць», прэзідэнт БНР напісаў словы, актуальнасць якіх непадуладная часу: «Без мовы няма нацыі, без культуры — няма народу і не можа быць Незалежнасці, сваёй уласнай дзяржавы».
У Празе Крэчэўскі пражыў толькі пяць гадоў. Ён памёр 8 сакавіка 1928 года ад сухотаў. Яму было 48. Пахаваны на Ольшанскіх могілках у Празе. Дарэчы, тамсама пахаваны Васіль Захарка, які ўзначаліў Раду БНР пасля Крэчэўскага.

Слядамі паэткі
За прыязні даўняй азнакі,
за кажнага Крывіі сына —
прымі сяння, Прага,
падзяку ад унучкі Францішка Скарыны!
Гэтыя радкі напісала беларуская паэтка Ларыса Геніюш, якая пражыла ў Празе амаль 11 гадоў. Яна прыехала ў горад да Янкі Геніюша — свайго мужа, які вучыўся ў Карлавым універсітэце на доктара.
У Празе пісьменніца напісала дзве кнігі вершаў — «Ад родных ніў» і «Рукапісны зборнік».
У сакавіку 1943-га Ларыса Геніюш стала генеральнай сакратаркай Рады БНР. Яна ўпарадкоўвала архівы, клапацілася пра беларусаў-эмігрантаў, у тым ліку палітычных, працавала ў Камітэце ўзаемадапамогі беларусаў. Менавіта ў Празе Ларыса Геніюш даглядала хворага Васіля Захарку — перад смерцю ён перадаў ёй палітычны тэстамент, архіў БНР і пячатку з «Пагоняй», дзякуючы якім рэспубліка працягнула сваё існаванне.

Галоўны адрас Геніюшаў у Празе — Heřmanova, 7. Ён знаходзіцца ў Галяшовіцах — цяпер гэта адзін з цэнтральных раёнаў горада, аддзеленых ад гістарычнага цэнтра ракой Влтавай. Падзеі, што тут адбываліся, падрабязна апісваюцца ў кнізе ўспамінаў «Споведзь». Менавіта там літаратарка напісала: «У поўную сілу беларускай, роўнай усім і не ўніжанай, я адчула сябе толькі ў Чэхах».
Скульптар Генік Лойка працаваў над мемарыяльнай шыльдай з гэтай цытатай, якую меркавалася ўсталяваць на былым доме Геніюшаў. Праўда, яна так і не з’явілася там.
Яшчэ адзін пражскі адрас сям'і — дом № 70 на вуліцы 5. Května (названы ў «Споведзі» Кашпаракам).
«Жылі мы ў вялікім доме, т. зв. Кашпараку, — пісала Геніюш. — Жыла там, за малымі выняткамі, пераважна бяднота, эмігранты й прастытуткі. Побач з намі жыў чэшскі настаўнік з сям’ёй, і мы з імі пасябравалі. Яшчэ прыязджалі да нас Вострыя, гэта быў малады інжынер са сваёю жонкай-настаўніцай. З гэтым харошым і надзвычайна інтэлігентным мужавым сябрам са студэнцкіх часоў мы пасябравалі на ўсё жыццё. Я навучылася варыць чэшскія стравы, пячы булкі па-іхняму. Прагаю я захаплялася болей, як людзьмі ў ёй, якія, тады здавалася мне, былі куды ніжэй яе велічнасці. Некранутая войнамі Прага захапляла, прамаўляла гісторыяй старых будынкаў, вузенькіх вулачак сярэднявечча. Прагу я палюбіла, але кахала толькі маю Беларусь».
Яшчэ адно месца, звязанае з Ларысай Геніюш у Празе, — Свята-Мікалаеўскі сабор. Паэтка была праваслаўнай верніцай, таму прыходзіла сюды на споведзь да архімандрыта Ісакія (Вінаградава). Пазней яго арыштуюць і этапуюць у ГУЛАГ. Рэч у тым, што ў 1945 годзе ў Прагу прыйшла савецкая армія, пачаліся масавыя арышты выбітных эмігрантаў. Геніюшаў спачатку не чапалі. Яны нават атрымалі чэхаславацкае грамадзянства, аднак у 1948 годзе іх усё ж арыштавалі і перавезлі ў Мінск. Пасля сямі гадоў у лагерах Геніюшы пасяліліся ў Зэльве, але знаходзіліся пад пастаянным наглядам КДБ.

Апошнія крокі
Сусветна вядомы беларускі пісьменнік Васіль Быкаў апошнія гады свайго жыцця прабыў у эміграцыі. Ён выехаў за мяжу ў сярэдзіне 1990-х, калі ў Беларусі на яго пачаліся нападкі за яго грамадзянскую пазіцыю. Празаік жыў у Фінляндыі і Германіі, але апошнім горадам эміграцыі для яго стала Прага, куды ён пераехаў у 2002 годзе. Пісьменнік быў папулярны ў Чэхіі: яго чыталі і перакладалі на чэшскую. За год да гэтага Быкаў сустрэўся з Вацлавам Гавелам — тагачасным чэшскім прэзідэнтам. Гэта была гістарычная сустрэча.
Калі ў чэрвені 2002-га Быкаў прыехаў у Прагу, то напісаў заяву на імя міністра замежных справаў Чэхіі, у якой папрасіў урад надаць яму права пражывання. Ён пісаў, што ў Беларусі склалася непрыемная для яго сітуацыя — найперш палітычная, «якая не дае магчымасці для маёй прафесійнай літаратурнай дзейнасці і нармальнага існавання».
Дзякуючы падтрымцы Гавела Чэхія стала адзінай краінай, якая выдала нашаму пісьменніку не кароткачасовы дазвол на знаходжанне, а права на сталае жыхарства і паўнавартасную медычную страхоўку.
Нечакана ўзнікла іншая праблема: кватэру, дзе першапачаткова планавалі пасяліць Быкавых, затапіла вялізная паводка, і яна стала непрыдатнай для жыцця.
У выніку Быкаў пасяліўся ў доме на вуліцы Jankovcova. Тут была кватэра грамадскай дзяячкі Ганны Сурмач, якая з’ехала на некалькі месяцаў да сына ў Амерыку. Тут празаік з жонкай жыў сем тыдняў, пакуль сябры шукалі належныя варыянты. У гэты ж час пісьменніку стала дрэнна, і ў адной з найлепшых пражскіх бальніц Матол высветлілася, што яму патрэбная аперацыя — пазней менавіта тут яе і правядуць.
Перад аперацыяй Быкаў з жонкай перасяліліся ў аднапакаёвую кватэру на вуліцы U Vršovického nádraží, дзе пражылі 13 тыдняў. Спецыяльна сюды яны набылі мэблю, у тым ліку кніжную палічку і пісьмовы стол. Кватэра стала апошнім месцам жыхарства Быкавых у Празе і ўвогуле на чужыне. Побач з ёю месцяцца Гаўлічкавы сады, дзе любіў гуляць Быкаў у апошні месяц жыцця ў чэшскай сталіцы.
12 сакавіка 2003 ён даў згоду на аперацыю, бо ў яго выявілі рак.
Апошні публічны выступ пісьменніка адбыўся ў Люстранай зале Клеменцінума (у гэтым гістарычным комплексе знаходзіцца Нацыянальная бібліятэка Чэхіі) на святкаванні гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР. У траўні 2003-га года, усяго за месяц да смерці, пісьменнік вярнуўся ў Беларусь.
Чытайце таксама


