Беларус Павел дапамагае людзям купляць нерухомасць. Часам пасярэдніку ўдаецца выпадкова высветліць пра аб’екты не вельмі добрую інфармацыю, дзякуючы чаму яго кліенты адмаўляюцца набываць такое жыллё. Мужчына расказаў у TikTok, як аднойчы падчас прагляду кватэры ён западозрыў нядобрае, калі адчуў у памяшканні моцны прыемны пах. Аказалася, водары распаўсюджвалі па жыллі не проста так, а каб схаваць сур’ёзны недахоп. Каментатары таксама падзяліліся падобнымі гісторыямі.
Павел расказаў, што неяк на замову кліента ён інспектаваў некалькі трохпакаёвых кватэр у Мінску — падбіралі варыянт для куплі. Заставалася апошняя — у Бараўлянах.
— Заходзім у кватэру, а на ўваходзе там стаіць прыгожы араматычны фантан. Гэта такая лямпа, адтуль ідзе дымок, і вельмі смачна пахне, я адзначыў пах яшчэ ў пад’ездзе. Прычым столькі розных кватэр паглядзеў, але нідзе такога водару не было, — расказаў мужчына.
Павел зацікавіўся лямпай, пастаяў каля яе, папстрыкаў. А гаспадыня выстаўленага на продаж жылля пахвалілася, маўляў, так, вось такая ў нас прыгожая рэч, унутр трэба заліваць араматычныя алеі, карыстаемся ёю пастаянна, гэта супер.
@bavlik24 ♬ оригинальный звук — Павел Матвеев
Пасля агляду кватэры Павел з кліентам выйшлі на двор. Там яны сустрэлі жанчыну, якая таксама жыла ў гэтым доме, у арандаванай кватэры. Пасярэднік завёў з ёй гутарку, каб даведацца, якія ёсць плюсы і мінусы гэтага жылля.
— З мінусаў жанчына адзначыла, што ў кватэры вельмі моцна смярдзіць фекаліямі. Аказваецца, з задняга боку дома, метраў за 100−150, цячэ нейкі канал, нешта кшталту балота.
Пасля гэтай размовы Павел і яго заказчык зразумелі, што для таго каб кватэру купілі, прадавец спецыяльна зачыняе вокны і перад паказамі ўключае араматычную лямпу.
У каментарах людзі пахвалілі Паўла за прафесіяналізм і расказалі, з якімі хітрыкамі ад прадаўцоў і арандадаўцаў жылля сутыкаліся. Хтосьці з карыстальнікаў сацсеткі лічыць, што пах фекаліяў не страшны, ёсць горшыя праблемы.
Вось некаторыя паведамленні ад гледачоў:
- «Мяне заўсёды палохае, калі ў кватэры салодка пахне. У мяне адразу падазрэнне, што тут расклаўся труп»;
- «Мы так трапілі з арэндай на доўгі тэрмін. У кватэры праблемы з каналізацыяй, менавіта калі працуюць пасудамыйка ці пралка (яна таксама на кухні). Пачынае смярдзець каналізацыяй, затыкаць ракавіну не дапамагае»;
- «Некаторыя зімой натапліваюць кватэру абагравальнікам і кажуць, што батарэі добрыя, а па факце не. Іржавыя трубы фарбуюць. Увогуле, чаго толькі не робяць, каб прадаць даражэй»;
- «У нас як вецер з боку жэлаціннага завода дзьме, дык тухляцінай пахне»;
- «Гэта ў стылі дадаваць ваніль у выпечку перад прыходам патэнцыйных пакупнікоў, толькі там проста прыемны эфект, а не той, што хавае недахопы»;
- «Мы шукалі кватэру, знайшлі прыдатны варыянт і пайшлі на агляд. Усе вокны былі адчыненыя зімой. Гаспадыня патлумачыла, што курыла, вось і вырашыла выветрыць. Аказалася, рэч не ў цыгарэтах, а ў тухлым паху з вентыляцыйнай шахты»;
- «Ну гэта яшчэ не найгоршы варыянт. Нашаму дому шосты дзясятак, каналізацыю ў падвале ірве кожныя тры дні, да дома на 100 метраў ад смуроду нельга падысці»;
- «У куплі кватэры самае важнае, каб суседзі былі адэкватныя, астатняе ўсё дробязі»;
- «Куплялі кватэру, выходзіць суседка і кажа: „Вельмі ўсё класна ў гэтым доме, але ў гэтай кватэры павесіўся сусед“»;
- «У нас у Сухараве ўсё лета смярдзіць фекаліямі, з палёў і цяпліц цягне»;
- «Мы так ледзь не купілі кватэру побач з алкашамі. Гаспадары перад сустрэчай мылі пад’езд і асвяжальнікам пшыкалі»;
- «Пахне фекаліямі гэта паўбяды. Калі суседзі ненармальныя, як піранні, ці дзеці шумяць, будоўлі каля дома, школы і сады».