Жанчына расказала ў TikTok, што нядаўна пабывала «ў бальніцы» ў траўматолага, трапіла там на УГД і рэнтген, а таксама атрымала прызначэнні на лячэнне. Усё гэта яна зрабіла за адзін візіт, чым вельмі захаплялася. Каментатары здзівіліся і пачалі ўдакладняць, дзе такое магчыма. Аказалася, што пацыентка пабывала ў платнай клініцы ў Мінску. «Прыязджайце ў раён, у бюджэтнай паліклініцы ўсё вельмі сумна», — адказалі ёй пад відэа ў TikTok.
Жанчына на відэа расказала, што «выйшла з бальніцы і трохі падафігела». У яе быў запіс да траўматолага на 18.40, на прыёме доктар сказаў, што трэба зрабіць УГД і рэнтген. Аказалася, што гэтыя даследаванні можна правесці адразу ж, толькі трэба спусціцца на другі і першы паверхі.
— Дзесяць хвілін на УГД, яшчэ дзесяць на рэнтген. Вяртаюся назад да доктара на трэці паверх, не чакала, што ён будзе яшчэ там, бо ўжо было амаль 20.00. Ён мяне прыняў, напісаў усё лячэнне, — паведаміла блогерка.
Жанчына адзначыла, што раней яна з мужам жыла ў Францыі, дзе таксама даводзілася звяртацца да дактароў. На яе думку, медыцына ў Беларусі значна лепшая, чым у Францыі.
— Такі кантраст у параўнанні з французскімі бальніцамі. Каб цябе не проста прынялі, а ўсё зрабілі ў адзін дзень, наколькі кваліфікаваная дапамога ў Беларусі! У Францыі ўсяго трэба чакаць па паўгода, нерэальна нават у прыватную клініку трапіць і зрабіць усе гэтыя рэчы. У мужа былі праблемы, крутыя французскія дактары толькі з трэцяга разу здолелі паставіць дыягназ.
@nadya_lallemand #минск #беларусь #белмедицина #belarus #медцентры #belarus🇧 ♬ original sound — nadya_lallemand
У каментарах некаторыя карыстальнікі радаваліся таму, што ціктокерка добра адгукнулася пра беларускую ахову здароўя. Але частка людзей здзівілася, маўляў, у якой гэта ўстанове так хутка аказваюць дапамогу.
Аказалася, што ў роліку блогерка не ўдакладніла важнай дэталі: у адказах пад відэа яна дадала, што была на прыёме ў медыцынскім цэнтры «Ладэ» ў Мінску і заплаціла за візіт 145 рублёў. На што каментатары адрэагавалі расчараваннем: маўляў, трэба было адразу казаць, што гэты платны прыём, бо ў бясплатных медустановах сітуацыя зусім іншая. Вось што пісалі карыстальнікі:
- «Гэта не бальніца і не паліклініка, гэта прыватны медцэнтр. Для звычайных беларусаў гэта вельмі дорага».
- «Я ў „Ладэ“ ў Гродне абследавалася нядаўна, усё мяне задаволіла. А ў бюджэтнай паліклініцы ўсё вельмі сумна».
- «Мяне ў 13-й паліклініцы ў Мінску на чаргу паставілі на УГД сэрца і холтар. Сказалі, што прыкладна праз год падыдзе чарга».
- «У Іванаве, а пятай раніцы па талон, потым скіраванне на здымак».
- «Вось гэта вам фартанула. У мяне да неўролага запіс на два месяцы наперад. Рэнтген хутчэйшы, усяго толькі тыдзень чакала».
- «Прыедзь у Мар'інагорскую паліклініку, Пухавіцкі раён, вось там прыфігееш! Тыдзень мінімум, і гэта не факт».
- «Уролаг — запіс на УГД, шэсць месяцаў чакаць прыёму. Звярнуўся ў платную, назаўтра прайшоў. Салігорск».
- «У РБ з бясплатнай медыцынай як пашанцуе, хутчэй латарэя».
- «Была ў хірурга з каленам. Рэнтген адразу, УГД трэба чакаць, патэлефануюць».
- «Па платным у нас усюды чэргаў няма, а па талончыку не ўсе дактары ёсць і УГД праз некалькі месяцаў».
- «А я тры месяцы чакала холтара ў раёне, пры гэтым маючы сур’ёзныя праблемы з сэрцам. Так што вам проста вельмі пашанцавала мець грошы і магчымасць жыць у Мінску».
- «У сталічнай паліклініцы на УГД чаргу год, да тэрапеўта запіс за месяц, да неўрапатолага трапіць толькі праз тэрапеўта. Гэта толькі апошняе, з чым давялося сутыкнуцца».
- «Платна ў Беларусі можна ўсё хутка зрабіць, проста пры зарплаце 800 рублёў асабліва не разгуляешся».
- «Гэта вам вельмі пашанцавала, не ва ўсёй Беларусі такая медыцына. У нас у Рэчыцы два месяцы УГД шчытападобнай залозы чакалі. Холтар — тры тыдні, рэнтген — 10 дзён і так усё астатняе».
- «Добра, што можна платна схадзіць. А я з запісам „тэрмінова“ чакаю ўжо тры месяцы УГД сэрца. Да гэтага рабіла платна, але гэта не для пенсіянераў».
- «У нас запіс УГД на некалькі месяцаў наперад, дактары здзіўлена пытаюць „А што, вы не можаце ў прыватнай клініцы зрабіць?“»
- «Вам пашанцавала! Звычайна ў шэсць раніцы па талон, потым тыдні два чакаеш прыёму, потым праз дзень здымак і праз тыдні тры УГД. А потым зноў на прыём».