Беларускамоўныя інфармацыйныя таблічкі ў грамадскім транспарце ставяць пад пагрозу жыцці рускамоўных пасажыраў, якія праз кепскае валоданне беларускай мовай могуць не разабрацца, што рабіць у экстраннай сітуацыі. Такі зварот у Міністэрства надзвычайных сітуацый падрыхтавала прапагандыстка, студэнтка філалагічнага факультэта (спецыяльнасць — «беларуская мова і літаратура») БДПУ Вольга Бондарава.
Сваёй петыцыяй Бондарава вырашыла звярнуць увагу ведамства «на факт адсутнасці рускай мовы на інфармацыйных паказальніках грамадскага транспарту». Гэта, на думку Бондаравай, стварае нязручнасці для рускамоўных жыхароў нашай краіны.
Яна нагадала, што ў траўні ў Мінску згарэў аўтобус (ніхто не пацярпеў. — Заўв. рэд.), і падкрэсліла, што адсутнасць «інфармацыі пра бяспеку» на рускай мове стварае патэнцыйную пагрозу жыццю тым пасажырам, якім не знаёмыя тры беларускія словы: «вечка», «выключальнік», «клямка».
«Інфармацыя пра бяспеку з’яўляецца жыццёва важнай, асабліва ў момант узгарання аўтобуса. Замест патрэбнай інфармацыі на рускай мове <…> апошнім часам з зайздроснай рэгулярнасцю пачалі з’яўляцца новыя незразумелыя словы: вечка, выключальнік, клямка, якія ніхто не выкарыстоўвае ў размове і не зразумее, што куды націснуць у выпадку надзвычайнай сітуацыі», — гаворыцца ў звароце, які склала будучы філолаг.
Каб пасажыры былі ў бяспецы, Бондарава прапанавала дадаць рускую мову на інфармацыйныя паказальнікі «ў наземным транспарце горада Мінска і іншых гарадоў».
Прапагандыстка падкрэсліла, што падобны зварот раней адпраўляла «ў выканаўчыя камітэты», але яны «не прынеслі жаданага выніку» — ёй даслалі «адпіскі».
Раней на словы «вечка» і «клямка» скардзілася аўтарка карцін з выявай Лукашэнкі Святлана Жыгімонт. Яе абурэнне сярод іншага выклікалі наступныя інфармацыйныя таблічкі ў грамадскім транспарце:
«Пры аварыі адчыніць вечка, націснуць чырвоную кнопку, дзверы адчыніць уручную»;
«Пры аварыі павернуць клямку да ўпору, дзверы адчыніць уручную»;
«Месца для інваліднага вазка. Інвалідны вазок павінен устанаўлівацца супраць напрамку руху з апорай на перагародку або апорную панэль у зафіксаваным становішчы».
Мінулым разам Вольга Бондарава абуралася тым, што ў валідатары ў мінскім аўтобусе ў службовым тэкставым паведамленні выкарыстоўваецца пазычанае з польскай мовы слова «кіроўца». Жанчына, якая паступіла ў 2022 годзе ў БДПУ на спецыяльнасць «беларуская мова і літаратура», назвала гэта «свядомай працай па апалячванні беларускага народа» і запатрабавала прыцягнуць да адказнасці тых, хто «калечыць і забруджвае» дзяржаўныя мовы Беларусі. Што не так з гэтымі прэтэнзіямі праўладных актывістаў, мы пісалі тут.