Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Паказальныя судовыя працэсы і «выхаваўчыя» публічныя разбіральніцтвы ў Беларусі зрабіліся штодзённасцю — раз-пораз у чарговым раёне людзей збіраюць, каб абрынуцца з крытыкай на кагосьці з грамадзян. Часам такія мерапрыемствы выглядаюць як адкрыты фарс — напрыклад, у лютым гэтага года ў Пінску залу ваенкамата для паказальнага суда над «ухілістам» запоўнілі дзецьмі, а абвінавачаны на яго проста не прыйшоў. Успамінаем, адкуль наогул узялася гэтая практыка публічных «лупцовак» і разбіральніцтваў — і як ужо больш за 50 гадоў таму яна ператварылася ў аб’ект сатыры. Як і многае іншае ў сучаснай Беларусі, вытокі гэтай «традыцыі» — у эпосе СССР.

Суд як тэатр

Адкрытыя судовыя працэсы былі неад’емным элементам савецкага грамадска-палітычнага жыцця. Самыя рэзанансныя працэсы сталінскага СССР праводзіліся пры вялікай колькасці гледачоў і журналістаў, у тым ліку замежных, у вялікіх памяшканнях накшталт калоннай залы Дома Саюзаў.

Андрей Вышинский произносит обвинительную речь на процессе по Шахтинскому делу, 18 мая 1928 года. Фото: «Родина»
Дзяржабвінаваўца на маскоўскіх паказальных працэсах Андрэй Вышынскі гаворыць абвінаваўчую прамову на працэсе па Шахцінскай справе ў Доме Саюзаў у Маскве. 18 траўня 1928 г. Фота: «Родина»

Такія суды выконвалі не толькі і не столькі асноўную задачу суда — устанаўленне правасуддзя, — а былі яшчэ і найважнейшым інструментам прапаганды. Часта, асабліва ў выпадках палітычных судовых працэсаў, яны загадзя старанна інсцэнізаваліся, патрабавалі артыстычнага таленту ад галоўных дзейных асобаў і набывалі рысы сапраўдных тэатральных пастановак.

Імкнучыся дэманізаваць, расчалавечыць апанентаў савецкага рэжыму, дзяржаўныя абвінаваўцы на такіх працэсах рыхтавалі тэксты, якія не маюць нічога агульнага з судаводствам. Прамовы афіцыйных прадстаўнікоў дзяржавы былі багатыя на эпітэты, метафары, гіпербалы і іншыя мастацкія прыёмы.

Вось, напрыклад, фрагмент з прамовы пракурора Андрэя Вышынскага на судовым працэсе над апанентам Сталіна ў камуністычнай партыі Мікалаем Бухарыным: «Я не знаю таких примеров — это первый в истории пример того, как шпион и убийца орудует философией, как толченым стеклом, чтобы запорошить своей жертве глаза, перед тем как размозжить ей голову разбойничьим кистенем».

Труды Вышинского и его портрет на обложке журнала Time. Фото: «Родина»
Працы Вышынскага і яго партрэт на вокладцы часопіса Time. Фота: «Родина»

Гэтае мудрагелістае зрошчванне правасуддзя з тэатрам выглядае даволі дзіўным — але толькі на першы погляд. Для савецкіх абываталяў да пачатку сталінскіх рэпрэсій у 1930-х гадах такое аб’яднанне гэтых «жанраў» выглядала цалкам натуральным. Бо яшчэ з пачатку 1920-х гадоў па Савецкай Расіі (а потым і па СССР) шырока распаўсюдзіліся так званыя агітсуды — цэлыя прадстаўленні, на якіх пастановачныя судовыя працэсы разыгрывалі прафесійныя акторы. Іх можна параўнаць з папулярнымі некалі тэлевізійнымі перадачамі, дзе акторы таксама імітавалі судовыя разбіральніцтвы.

Першапраходцам у пытанні стварэння тэатралізаваных судоў стаў народны камісарыят аховы здароўя РСФСР. Ва ўмовах пасляваеннай разрухі і пастаянных эпідэмій яго чыноўнікі шукалі спосабы дастукацца да пакуль яшчэ малапісьменных грамадзян. Асновай для адной з першых такіх пастановак стаў рэальны судовы працэс над прастытуткай, якая заразіла чырвонаармейца сіфілісам. Гэты сюжэт быў літаратурна перапрацаваны, у выніку чаго атрымаўся драматычны, захапляльны спектакль са справядлівым хэпі-эндам: прастытутку, грамадзянку Забораву, суд скіроўваў на лячэнне ў бальніцу, а супраць заражанага сіфілісамі чырвонаармейца Селянінава заводзіў справу «па абвінавачанні ў карыстанні прастытуцыяй і стварэнні на яе попыту».

Прапагандысцкі эксперымент наркамата аховы здароўя аказаўся вельмі ўдалым і запатрабаваным. Не распешчаныя відовішчамі савецкія гледачы ахвотна ішлі на гэтыя спектаклі — і, што характэрна, вельмі часта ўспрымалі іх як сапраўдныя судовыя працэсы. Пасля першага пастановачнага «суда над прастытуткай» у Політэхнічным музеі ў Маскве летам 1921 года ў раздзеле судовай хронікі газеты «Праўда» з’явілася нататка пра яго як пра рэальны працэс — пасля чаго выданню нават давялося даваць тлумачэнне ў наступным нумары.

Советский плакат 1921 года. Изображение: commons.wikimedia.org
Савецкі плакат 1921 года. Выява: commons.wikimedia.org

У выніку толькі ў 1921 годзе ў Маскве савецкае ведамства па ахове здароўя грамадзян арганізавала 150 такіх пастановак, якія атрымалі назву «агітсуды». Занятыя ў іх акторы пачалі атрымліваць не толькі фіксаванае ўзнагароджанне ад Наркамздроўя, але і працэнт ад касавых збораў. У дадатак да гісторыі з прастытуткай з’явіліся пастаноўкі пра мужа, які заразіў жонку ганарэяй, бабку-знахарку, нядбайнага доктара, сялян-самагоншчыкаў, што атруцілі суседзяў сваім пойлам.

З 1923 года пачаліся масавыя пастаноўкі агітсудоў па ўсім СССР. Цяпер акрамя медыкаў імітацыяй судовых працэсаў заняліся і іншыя ведамствы і арганізацыі. Так, наркамат шляхоў зносін ладзіў пастановачныя суды над стрэлачнікамі і машыністамі, што нібыта дапусцілі крушэнні цягнікоў. А прафсаюзы праводзілі тэатралізаваныя суды над уяўнымі няплатнікамі чальцоўскіх унёскаў — каб напалохаць людзей.

Агітсуды паводле інструкцыі

У 1925 годзе ў СССР з’явіліся інструкцыі па падрыхтоўцы і паказе агітсудоў. Партыя забараніла выкарыстоўваць для іх пастаноўкі прафесійных актораў. Цяпер займацца такімі відовішчамі мусілі тэатральныя гурткі таго завода або вёскі, дзе меркаваўся паказ уяўнага працэсу.

Акрамя асноўных удзельнікаў працэсу ў прадстаўленні мусілі абавязкова ўдзельнічаць 20−25 «завадатараў» — людзей, якія сядзелі ў зале і ў патрэбных месцах правакавалі гледачоў на зададзеную рэакцыю — выкрыквалі патрэбныя рэплікі, пляскалі ў ладкі, тупалі нагамі, свісталі ці крычалі.

Так, калі старшыня суда падчас працэсу прасіў падсуднага гаварыць карацей і бліжэй да справы, адзін з завадатараў мусіў уставаць і крычаць з месца: «Вы, товарищ председатель, не затыкайте рта подсудимому, у нас пролетарский суд, и каждый может говорить все, что знает!» У адказ на гэта іншы завадатар парыраваў: «А ежели он чепуху всякую мелет и совсем, можно сказать, не по делу, так что же, пролетарский суд обязан его слушать и понапрасну терять время?»

У інструкцыях агаворваліся нават дэкарацыі, каб пастановачны працэс быў максімальна падобны да сапраўднага:

«Помещение, где ставится инсценированный суд, должно напоминать собой общий вид зала судебного заседания. На возвышении — сцене в зрительном зале или на специально сколоченной эстраде помещается стол, покрытый красным сукном. У стола три кресла: для председателя и двух членов суда. С левой стороны — кафедра для защитника, с правой — такая же кафедра для обвинителя. Несколько глубже — стол для секретаря и стенографистки. По бокам две двери — одна, ведущая в „Комнату совещаний“, другая — в „Свидетельскую“. Несколько ниже уровня сцены — специальная возвышенность для подсудимого. С этой же возвышенности выступают и свидетели. Сцена украшена портретами Ленина, народного комиссара юстиции Курского, зампрокурора республики Крыленко и т.д. На стенах залы плакаты с лозунгами: „Пролетарский суд защищает завоевания Октябрьской революции“, „Пролетарский суд защищает интересы трудящихся“, картины старого и нового судов, снимки с наших исправительных домов, диаграммы, дающие общее представление о работе наших пролетарских судов, напечатанные крупными буквами выдержки из нашей конституции, касающиеся пролетарского суда, кодексов законов и т.д.».

Каб гледачы не страчвалі цікавасці да таго, што адбываецца, пастановачны суд мусіў доўжыцца не больш за 4−4, 5 гадзіны, а зачытванне абвінаваўчага заключэння — не больш за 20 хвілін.

Вынесение приговора по «чубаровскому делу». Ленинград, декабрь 1926 года. Фото: Общественное достояние, commons.wikimedia.org
Вынясенне прысуду па «чубараўскай справе». Ленінград, снежань 1926 года. Фота: Грамадскі набытак, commons.wikimedia.org

Асобна інструкцыі агаворвалі пастаноўку тэатралізаваных палітычных судоў. У іх адвакат мусіў не даказваць невінаватасць падсуднага, а прызнаваць яго віну разам з пракурорам — і толькі прасіць суд пра ласку ўлічваючы змякчальныя абставіны. Так насельніцтва прывучалі да таго, што невінаватых у СССР пад суд не аддаюць. У раёнах, дзе савецкую ўладу недалюблівалі, прапаноўвалася «судзіць» жанчыну, якая ўступіла ў камуністычную партыю. І ў працэсе разбіральніцтва з дапамогай «завадатараў» з залы трэба было даказаць, што і сяброўства ў партыі, і сама партыя — безумоўнае дабро.

Падспудна ў свядомасць людзей укладалася думка пра тое, што паказанні адно супраць аднаго могуць і мусяць даваць і блізкія сваякі — у тым ліку дзеці супраць бацькоў. Гэтым мэтам служылі такія пастаноўкі, як «Судебное дело о матери, рассовавшей своих детей по детучреждениям».

Часам пастановачныя суды набывалі элементы інтэрактыўнасці і ператвараліся ў сапраўдныя ролевыя гульні. У такім варыянце народнымі засядальнікамі рабіліся і гледачы. Перад абвяшчэннем прысуду ў зале «суда» праводзілася кіраваная дыскусія, якую рухалі ў патрэбным кірунку актор-суддзя і «завадатары». Урэшце суд прымаў загадзя падрыхтаванае рашэнне — але ў гледачоў з’яўлялася ілюзія, быццам яны самі вырашылі вынік паседжання. Так людзей прывучалі давяраць прысудам савецкіх судоў, да якіх яны нібыта самі рабіліся датычныя.

Мы ў «Люстэрку» з павагай ставімся да гісторыі. Нашыя аўтары абапіраюцца на факты і расказваюць пра цікавыя гістарычныя сюжэты, звязаныя з актуальнымі падзеямі больш, чым можа падацца на першы погляд.

Дапамажыце «Люстэрку» працаваць далей 👇

Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.



Усе пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.

Мы ў «Люстэрку» з павагай ставімся да гісторыі. Нашыя аўтары абапіраюцца на факты і расказваюць пра цікавыя гістарычныя сюжэты, звязаныя з актуальнымі падзеямі больш, чым можа падацца на першы погляд.

Дапамажыце «Люстэрку» працаваць далей 👇

Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.



Усе пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.

Таварыскія суды

У сучасных беларускіх паказальных працэсаў і разбіральніцтваў ёсць яшчэ адзін савецкі прататып акрамя тэатралізаваных і паўтэатралізаваных судоў. Гэта так званыя таварыскія суды, якія не былі часткай судовай сістэмы дзяржавы, а дзейнічалі паралельна з ёю.

Правобраз таварыскіх судоў з’явіўся ў лістападзе 1919 года, калі ўлады Савецкай Расіі сутыкнуліся з тым, што іх утапічныя камуністычныя ідэі кепска суадносяцца з рэальнасцю. Эканоміка «першай дзяржавы рабочых і сялян» знаходзілася ў глыбокім крызісе, выкліканым, з аднаго боку, аб’ектыўнымі фактарамі ў выглядзе Першай сусветнай вайны, якая нядаўна скончылася, і грамадзянскай, што яшчэ цягнулася.

З іншага боку, пагібельнае ўздзеянне на гаспадарку краіны рабілі такія камуністычныя эксперыменты, як ураўнілаўка (сістэма аплаты працы, калі ўсе рабочыя атрымліваюць аднолькавую зарплату — незалежна ад свайго ўнёску ў канчатковы прадукт). Разлік на «пралетарскую свядомасць» рабочых не апраўдаўся: без матэрыяльнага стымулу пралетарыят працаваць не хацеў, прадукцыйнасць працы падала, колькасць прагулаў даходзіла да 50% рабочых дзён за год.

Советский пропагандистский мурал в Ленинграде. 1984 год. Фото: SteveInLeighton, CC BY-SA 2.0, commons.wikimedia.org
Савецкі прапагандысцкі мурал у Ленінградзе. 1984 год. Фота: SteveInLeighton, CC BY-SA 2.0, commons.wikimedia.org

Зацяўшыся ў сваёй памылцы, савецкая ўлада не адмовілася ад сумнеўнага эксперыменту з ураўнілаўкай, а стварыла дадатковы карны орган у выглядзе рабочых дысцыплінарных таварыскіх судоў. Згодна з дэкрэтам урада РСФСР ад 14 лістапада 1919 года, яны фармаваліся з кіраўнікоў і дзеячаў прафсаюзаў і надзяляліся правам сурова караць недастаткова свядомых работнікаў. Рабочыя дысцыплінарныя таварыскія суды маглі пасылаць на цяжкія «грамадска неабходныя працы» і нават адпраўляць рабочых у канцэнтрацыйныя лагеры. Як і варта было чакаць, эфектыўнасць працы такіх судоў аказалася нізкай, і ў лютым 1922 года іх ліквідавалі. На змену ўраўнілаўцы прыйшоў НЭП — новая эканамічная палітыка, пры якой у гаспадарчае жыццё краіны вярнуліся пэўныя элементы рынкавай эканомікі.

У канцы 1920-х гадоў СССР канчаткова адмовіўся ад НЭПа на карысць планавай эканомікі, і ўлады вырашылі стрэсці нафталін з ужо прызабытай ідэі таварыскіх судоў. У 1931 годзе з’явілася пастанова «Пра вытворчыя таварыскія суды на фабрыках і заводах, дзяржаўных, грамадскіх установах».

Адроджаныя гэтым дакументам таварыскія суды зрабіліся грамадскімі фармальна выбарнымі органамі і разглядалі ў асноўным справы парушальнікаў працоўнай дысцыпліны. У дачыненні да парушальнікаў яны маглі выкарыстоўваць меры грамадскага ўздзеяння (напрыклад, грамадскае ганьбаванне — то-бок публічнае асуджэнне) — або перадаваць іх справы ў сапраўдныя суды для прыцягвання вінаватых да крымінальнай адказнасці. Паводле афіцыйнай статыстыкі, такія жорсткія меры працавалі: напрыклад, на Урале яны дазволілі скараціць колькасць прагулаў на прадпрыемствах чорнай металургіі і машынабудавання ў 12−18 разоў.

У пачатку 1933 года ў СССР дзейнічала 20 648 вытворча-таварыскіх судоў. Нават унутры аднаго прадпрыемства такіх органаў магло быць нават некалькі — на свой таварыскі суд мог разлічваць кожны цэх, які ўключаў больш за 25 супрацоўнікаў. Да 1939 года ў СССР працавалі жыллёва-таварыскія суды, суды ў рамесных, чыгуначных вучылішчах, фабрычна-заводскіх школах. З’явіліся таварыскія суды і ў Чырвонай арміі.

У пасляваенны час у СССР адбылася пэўная лібералізацыя грамадскага жыцця. Закранула яна і таварыскія суды, якія ператварыліся ў па-сапраўднаму грамадскія органы. У 1970-х гадах у СССР дзейнічала ўжо каля 330 тысяч таварыскіх судоў, якія штогод прыцягвалі да адказнасці каля 40 тысяч чалавек. Больш за 45% з іх асудзілі за парушэнні працоўнай дысцыпліны накшталт прагулу, спазнення, заўчаснага адыходу з працы, недабраякаснага выканання задач. Акрамя таго, таварыскія суды маглі разглядаць справы пра малазначныя злачынствы, якія былі здзейсненыя ўпершыню і не ўяўлялі вялікай грамадскай небяспекі. Напрыклад, пра дробнае хуліганства, дробную спекуляцыю, пра распіванне спіртных напояў на дварэ, у дварах, парках, пра маёмасныя спрэчкі на суму да 50 рублёў (напрыклад, пра дробныя крадзяжы).

Табличка с Государственным знаком качества СССР. Скриншот видео Новосибирского краеведческого музея в Youtube
Таблічка з Дзяржаўным знакам якасці СССР. Скрыншот відэа Новасібірскага краязнаўчага музея ў YouTube

Таварыскія суды абіраліся тэрмінам на два гады на агульных сходах работнікаў у арганізацыях, што налічваюлі не менш за 50 супрацоўнікаў (зрэшты, мясцовыя ўлады і прафсаюзы маглі дазволіць стварыць таварыскі суд і на меншым прадпрыемстве).

Арсенал мераў уздзеяння таварыскіх судоў на парушальнікаў на той момант ужо не ўключаў такіх экстраардынарных пакаранняў, як скіраванне ў канцлагер. Сярод іх засталіся:

  • абавязаць прынесці публічныя прабачэнні;
  • абвясціць таварыскае папярэджанне;
  • абвясціць грамадскае ганьбаванне ці грамадскую вымову;
  • накласці невялікі грашовы штраф;
  • паставіць перад кіраўніцтвам прадпрыемства пытанне пра перавод вінаватага на ніжэйаплатную працу (паніжэнне на пасадзе).

Таксама таварыскі суд мог хадайнічаць пра пазбаўленне парушальніка прэміі, перанос яго запланаванага летняга адпачынку на зіму, зняцце з чаргі на жыллё, звальненне.

Калі таварыскі суд прыходзіў да высновы, што правапарушальніка варта прыцягнуць да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці, ён мог перадаць матэрыялы справы ў адпаведныя органы.

Як таварыскія суды зрабіліся прадметам сатыры

У пасляваенным СССР таварыскія суды гралі даволі важную ролю. Яны разгружалі сапраўдныя суды ад навалы справаў пра дробныя правапарушэнні і звады ўнутры калектываў. І адначасова дэкрыміналізавалі правіны многіх грамадзян, якія спатыкнуліся ўпершыню ў жыцці. Фактычна яны маглі выратаваць ад арышту ці турмы грамадзян, што разава парушылі закон — і, у найлепшым выпадку, скіраваць іх на шлях выпраўлення. Але былі ў гэтай мадэлі і пэўныя недахопы, якія паступова знізілі эфектыўнасць працы і аўтарытэт таварыскіх судоў, ператварыўшы іх у прадмет кпінаў.

За дробнае правапарушэнне вінаватых на таварыскіх судах часам проста сарамацілі і патрабавалі больш не здзяйсняць такіх учынкаў. Эфектыўнасць гэтай працы ў дачыненні да п’яніц, дэбашыраў і прагульшчыкаў выглядала досыць сумнеўнай, праз што таварыскія суды яшчэ ў даперабудоўны перыяд высмейваліся савецкімі сатырыкамі.

Так, у савецкай трагікамедыі Георгія Данеліі «Афоня» 1975 года разыграная сцэна, калі кіраўніцтва ЖЭКа спрабуе дамагчыся грамадскага ганьбавання з боку калектыву ў дачыненні да галоўнага героя карціны, сантэхніка Афанасія Баршчова, які падчас адпачынку нецвярозы купаўся ў фантане. Пры гэтым Афоня, які не ўпершыню праходзіць праз такую працэдуру, адкрыта кпіць з кіраўніка, а калектыў ЖЭКа рэагуе на ўсю гэтую спробу асуджэння забіяцкім смехам. У выніку для парушальніка ўсё заканчваецца слоўным строгім папярэджаннем — і ніяк не ўплывае на яго далейшыя паводзіны.

Яшчэ адна загана таварыскіх судоў, які крытыкавала савецкая сатыра, — гэта іх любоў капацца ў чужой бялізне. Нарматыўныя акты, якія рэгулявалі працу гэтых органаў, загадвалі ім разглядаць матэрыялы пра неналежнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў, пра непрыстойныя паводзіны ў сем’ях і гэтак далей. Здаралася так, што пакрыўджаныя муж ці жонка даносілі ў таварыскія суды на свае «другія паловы». А часам у ролі даносчыкаў выступалі незадаволеныя чымсьці суседзі.

З гэтага пункту гледжання таварыскія суды высмейваліся ў камедыі Леаніда Гайдая 1968 года «Брыльянтавая рука». Там не ў меру пільная ўпраўдом Варвара Плюшч на падставе сваіх павярхоўных назіранняў спрабавала арганізаваць таварыскі суд над Сямёнам Гарбунковым, чые паводзіны падаліся ёй амаральнымі.

Героиня Нонны Мордюковой клеит объявление о предстоящем товарищеском суде над героем Юрия Никулина. Кадр из фильма «Бриллиантовая рука» 1968 года
Гераіня Ноны Мардзюковай лепіць аб’яву пра блізкі таварыскі суд над героем Юрыя Нікуліна. Кадр з фільма «Брыльянтавая рука» 1968 года

У сцэне, дзе Варвара Плюшч (якая адначасова выступае «грамадскім абвінаваўцам») лепіць аб’яву пра таварыскі суд над «пьяницей, дебоширом и морально-бытовым разложенцем» Гарбунковым, аўтары фільма наўпрост паказалі і нізкую папулярнасць такіх мерапрыемстваў сярод савецкіх грамадзян тых гадоў. Імкнучыся завабіць людзей на судзілішчы, гераіня Ноны Мардзюковай вымушаная дапоўніць аб’яву паведамленнем пра тое, што пасля суда адбудуцца танцы.

Стаўленне многіх савецкіх грамадзян да таварыскіх судоў добра відаць і ў сцэнцы жартаўлівага суда над кампазітарам, дырыжорам, піяністам, кінематаграфістам, сатырыкам і пісьменнікам Мікітам Багаслоўскім, знятай у 1967 годзе.

Тут удзельнікі суда (пісьменнік Сяргей Смірноў, акторы Леанід Уцёсаў, Готліб Ранінсон, акторкі Вера Васільева, Мая Менглет) граюць паседжанне таварыскага суда, арганізаванага з абсалютна надуманай, фармальнай прычыны: каб вызначыць, ці не з’яўляецца такі рознабаковы чалавек дармаедам.

У сучаснай Беларусі таварыскія суды ператварыліся ў кірунак ідэалагічнай работы, а паказальныя паседжанні сапраўдных судоў праводзяцца з мэтай прафілактыкі злачынстваў сярод патэнцыйных правапарушальнікаў. На практыцы такія мерапрыемствы часта выглядаюць як фарс, імітацыя сапраўднага судовага працэсу — што і нядзіўна. Гэтыя практыкі сучасная Беларусь пазычыла ў СССР — але нават там яны адкрыта высмейваліся ўжо больш чым 50 гадоў таму.

Мы ў «Люстэрку» з павагай ставімся да гісторыі. Нашыя аўтары абапіраюцца на факты і расказваюць пра цікавыя гістарычныя сюжэты, звязаныя з актуальнымі падзеямі больш, чым можа падацца на першы погляд.

Дапамажыце «Люстэрку» працаваць далей

Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.



Усе пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.