Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У сярэдзіне ХІХ стагоддзя не існавала інтэрнэту з бясконцай колькасцю сайтаў і форумаў. Асабліва не было і навукова-папулярных даведнікаў. Але выглядаць прыгожа і быць здаровым нашым продкам хацелася заўжды. На дапамогу ім прыйшла «Літоўская гаспадыня» — кніга, якая ў той час стала бэстсэлерам і зведала шэраг перавыданняў. Мы яе прачыталі і цяпер расказваем, як жанчынам у тыя часы раілі захоўваць прыгажосць скуры, чаму забаранялі піць піва, як змагаліся з патлівасцю і дапамагалі вырашаць стаматалагічныя праблемы.

У кнізе аўтарка прыводзіць шмат рэцэптаў і парадаў. Асобныя з іх і цяпер выглядаюць лагічнымі, некаторыя — не вельмі. Аднак мы не правяралі ні першых, ні другіх. Таму іх датрыманне магчымае толькі пасля парадаў з дактарамі або касметолагамі.

Што гэта за кніга і чаму яна бэстсэлер?

Пра «Літоўскую гаспадыню» сучасныя беларусы даведаліся дзякуючы славутаму навукоўцу Адаму Мальдзісу.

«Неяк у 1970 годзе я чытаў лекцыю ў Магілёўскай абласной бібліятэцы. Пасля мяне папрасілі паглядзець i вызначыць каштоўнасць польскіх кніг, што стаялі ў запасніках. A калі работа была закончана, дазволілі як „ганарар“ узяць нешта з дублетаў. Выбар мой паў на „Літоўскую гаспадыню“, бо, па-першае, я разумеў, што пад словам „літоўскі“ тут хаваецца беларускі падтэкст, пa-другое, у іншых бібліятэках яна мне не сустракалася. Чаму? Мабыць, таму, што пры частым ужытку зачытвалася тымі ж гаспадынямі „да дзірак“, а вучоныя мужы, якім раней было даверана камплектаванне бібліятэк, лічылі выданне занадта „несур'ёзным“, каб захоўваць яго для нашчадкаў», — пісаў Мальдзіс.

Навуковец забраў асобнік, прывёз яго ў Мінск і паказаў свайму сябру, пісьменніку Уладзіміру Караткевічу. «Слухай, стары, гэта ж абавязкова трэба перакласці на нашу мову. Такое багацце, такая смаката… А кажуць жа, што ў нас нічога не было — толькі лапці i коўтун у галаве», — сказаў той Мальдзісу і параіў знайсці прозвішча аўтаркі.

Той доўга шукаў інфармацыю у архівах, пакуль не дапамог выпадак. Мальдзіс напаткаў артыкул пісьменніка Аляксандра Ельскага, апублікаваны ў прэсе ў 1906 годзе. Там сцвярджалася, што аўтарка «Літоўскай гаспадыні» — Ганна Цюндзявіцкая. У тым тэксце ішла гаворка, што гэтая жанчына падрыхтавала да друку «Гаспадарчы штогоднік» (выйшаў у Вільні ў 1854 і 1861 гадах). А таксама паведамлялася, што ў рукапісе застаўся трэці яе твор — пра лячэнне сялян. Усе яе кнігі грунтаваліся на беларускім матэрыяле.

Ганна Цюндзявіцкая. Фота: wawjol74.blogspot.co.uk, commons.wikimedia.org
Ганна Цюндзявіцкая. Фота: wawjol74.blogspot.co.uk, commons.wikimedia.org

Пра саму Цюндзявіцкую гаварылася наступнае. Нарадзілася яна ў 1803 годзе ў Каралішчавічах пад Мінскам (цяпер вёска, побач з якой праходзіць чыгунка ў бок Асіповічаў) у шляхецкай сям'і. Атрымала хатнюю адукацыю, потым вучылася ў віленскім пансіёне. Пасля выйшла замуж за маршалка шляхты Барысаўскага павета Юзафа Цюндзявіцкага, нарадзіла ў шлюбе двух сыноў і чатырох дачок. Жылі яны ў Кішчынай Слабадзе (цяпер аграгарадок у Барысаўскім раёне) — зусім нядаўна, у 2022-м, сядзібу гэтага рода знеслі. Памерла Ганна ў 1850-м, ёй тады было 47 гадоў.

Чаму яна напісала ананімны твор? На думку Адама Мальдзіса, прычына была на паверхні: «Жанчыне быць пісьменніцай, літаратаркай тады лічылася нечым непрыстойным, асабліва для прадстаўніцы заможных колаў. Таму Габрыэля Гюнтэр, жыхарка Смаргоншчыны, сціпла падпісвалася: „Аўтарка кнігі „У Божае імя““, таму польская i беларуская паэтэса Зоф’я Трашчкоўская хавалася за імя i скарочанае прозвішча свайго бацькі Адама Манькоўскага (Адам М-скі). Псеўданім жа Адэлі з Устроні, які стаіць над беларускай паэмай „Мачаха“ (1850), так i застаўся неразгаданы».

Толькі пісьменніца Эліза Ажэшка насмельвалася падпісвацца ўласным прозвішчам, але яна працавала ў другой палове ХІХ стагоддзя, у трохі іншых умовах. У першай жа палове стагоддзя жонку маршалка мясцовай шляхты, якая пісала кнігі, маглі б зразумець няправільна.

Значэнне ж кнігі, якую напісала Цюндзявіцкая, велізарнае. Першыя звесткі пра харчаванне беларусаў можна знайсці яшчэ ў XVI стагоддзі ў інвентарах — апісаннях маёмасці земляўласнікаў, дзе пералічваліся прадукты, што захоўвалі ў кладоўках. У канцы XVII стагоддзя ў Рэчы Паспалітай, часткай якой было Вялікае Княства Літоўскае, з’явілася першая кніга з кулінарнымі рэцэптамі на польскай мове. Гаворка пра Compendium ferculorum, albo Zebranie potraw Станіслава Чарнецкага (1682). І толькі ў XIX стагоддзі дайшло да папулярызацыі беларускай нацыяльнай кухні (а разам з ёй — да карысных парадаў ва ўсіх сферах жыцця).

Першай ластаўкай стала якраз Gospodyni litewska Цюндзявіцкай, што выйшла ў 1848 годзе па-польску. Дакладней, яе поўная назва ў беларускім перакладзе гучала так: «Навука пра ўтрыманне ў добрым стане хаты і забяспечанні яе ўсімі прыправамі і запасамі кухоннымі і аптэкарскімі і гаспадарчымі, а таксама гадаванні і ўтрыманні быдла, птушкі і іншай жывёлы адпаведна спосабам найбольш выпрабаваным і правераным вопытам і да таго ж самым танным і простым». Зрэшты, выданне цалкам можна было б назваць «Беларуская гаспадыня», бо ў ёй адлюстроўваўся гаспадарча-кулінарны досвед жыхароў Міншчыны.

Фото: nlb.by
Адам Мальдзіс. Фота: nlb.by

Ельскі, якога цытаваў Мальдзіс, пісаў, што кніга неаднаразова перавыдавалася па-польску: у 1851-м, 1856-м, 1858-м, 1862-м, 1873-м. Сучасныя даследчыкі пішуць таксама пра публікацыі 1876, 1882, 1888, 1897, 1914 гадоў. Такім чынам, апошняе выданне, што выйшла ў год пачатку Першай сусветнай вайны, было ажно адзінаццатым. Пачынаючы з трэцяга выдання (1856) кніга выходзіла ў дапрацаванай рэдакцыі Вінцэнтыны Завадскай — яна была жонкай выдаўца Адама Завадскага, які і друкаваў гэтую кнігу (потым Вінцэнтына напісала ўласную кнігу «Кухарка літоўская»). З восьмага польскамоўнага выдання быў зроблены рускамоўны пераклад, апублікаваны ў 1884-м.

Таму гаворка пра відавочны бэстсэлер ХІХ стагоддзя. Дарэчы, у беларускім перакладзе «Гаспадыня» з’явілася ў 1993-м. Так што мара Караткевіча здзейнілася. Зрэшты, няглядзячы на польскую мову напісання, у выданні адчуваецца мясцовы патрыятызм («Мы, літвіны», — звяртаецца аўтарка да чытачоў, жыхароў былога ВКЛ), а таксама сустраюцца шматлікія беларусізмы (грудзіна, чарніцы, журавіны, саладуха, дзірван i гэтак далей).

Адмова ад піва і ванна на некалькі хвілін

Ганна Цюндзявіцкая была прыхільніцай традыцыйных каштоўнасцяў. «Няма нічога больш грэблівага i нікчэмнага, чым гаспадыня, што занядбала хатнія абавязкі i шмат часу траціць на захоўванне i догляд сваёй прыгажосці, ператварыўшы гэта ў адзіную мэту i занятак свайго жыцця», — пісала яна. Праўда, на яе думку, жаданне падабацца мужу, а таксама імкненне «ўсялякімі цнатлівымі i прыстойнымі сродкамі» зберагаць як мага даўжэй сваю маладосць i прыгажосць ніхто не адмяняў (пра нецнатлівыя сродкі ніводнага слова ў кнізе, на жаль, няма).

Першую параду і цяпер возьме на ўзбраенне любы псіхолаг. «Няма прыгажосці без пяшчоты i роўнага настрою, няма таксама прывабнасці без здароўя i бадзёрасці цела. Першае набываецца ўменнем валодаць сабой, а другое — устрыманнем i правільным ладам жыцця, строгім выкананнем правіл ахайнасці, а таксама вытанчанай элегантнасцю», — піша Цюндзявіцкая.

Яна раіць жанчынам штодзённа купацца, што, паводле яе словаў, дазваляе захаваць скуру, а таксама супакоіць нервы. Летам — у рацэ, зімой — у ванне. Тут удакладнім, што аўтарка «Літоўскай гаспадыні», натуральна, мела на ўвазе шляхту — уявіць сялян у ванне ў тыя часы складана. Зрэшты, на момант анексіі Беларусі Расіяй шляхта складала 10−12% ад агульнай колькасці насельніцтва краіны. Таму гэтыя парады ўмоўна датычылі кожнай дзясятай беларускай жанчыны.

"Літоўская гаспадыня". Выданне 1873 года. Фота: fishtour.by, be-tarask.wikipedia.org
«Літоўская гаспадыня». Выданне 1873 года. Фота: fishtour.by, be-tarask.wikipedia.org

У ванне Цюндзявіцкая рэкамендавала пабыць нядоўга, актыўна там рухацца і выйсці ўжо праз некалькі хвілін (ідэю джакузі ў тыя часы не ўхвалілі б), а потым «цёпла апрануцца i хутка хадзіць па пакоі больш за паўгадзіны, каб разагрэцца». Таксама для здароўя шляхцянак аўтарка раіла штодзённыя прагулкі пехатой на свежым паветры зімой i ўлетку, а таксама рэкамендавала абавязкова насіць гарсэт. Але празмерна не зацягваць яго — бо тады шляхцянка рызыкавала страціць зубы (чамусьці лічылася, што гэта неяк звязана паміж сабой), атрымаць смурод з рота, кругі пад вачыма i смуглявасць скуры.

У кнізе аўтарка расказвае пра вядомую ў той час прыгажуню Заёнчкаву, якая падзялілася з Цюндзявіцкай сваімі сакрэтамі маладосці. Спаць тая клалася толькі на лямцавы матрац і такія ж падушкі. Гэта, на яе думку, дазваляла зберагчы свежасць скуры і перадухіляла выпадзенне валасоў. Акрамя таго, ела тая Заёнчкава мала, пераважна лёгкія, заўсёды астуджаныя стравы.

Наогул, на думку Цюндзявіцкай, любой прыгажуні не варта есці свініну, а таксама піць «моцныя» напоі (каву, шакалад з ваніллю, віно, піва i гэтак далей). «Крынічная вада — найлепшы i самы здаровы напітак для дам», — упэўненая яна.

Аўтарка расказвала, што ведала адну элегантную паненку, што мела больш за пяцьдзясят гадоў, але выглядала на дваццаць. Сакрэт просты: умывацца расталай вадой. Прычым назапашваць яе ў сакавіку, а потым трымаць цэлы год у склепе. Але калі такой вадкасці няма, пісала Цюндзявіцкая, падыдзе і даждавая, звараная з каранямі пятрушкі. Замест мыла, якое сушыць скуру, паненка выкарыстоўвала пшанічную булку, выпечаную без масла і яек. Такая «мачалка» змякчала і разгладжвала скуру, ачышчала яе ад пылу і бруду.

Усадебный дом в Кищиной Слободе. Начало XX века. Фото: planetabelarus.by
Сядзіба Цюндзявіцкіх у Кішчынай Слабадзе. Пачатак XX стагоддзя. Фота: planetabelarus.by

Замест звыклага для нас начнога крэму тая паненка рабіла наступную працэдуру. Спачатку старанна перажоўвала дзве ці тры міндаліны, ачышчаныя ад шалупіння. Атрыманай масай намазвала твар і рукі, але ні ў якім выпадку не змывала, а толькі выцірала тонкім палатном, калі маса пачынала трохі засыхаць.

Таксама тая жанчына старанна берагла скуру ад ветру (асабліва з сярэдзіны лютага да сярэдзіны красавіка). Наогул, як дадавала Цюндзявіцкая са свайго уласнага досведу, ад халоднага паветра скура становіцца сухой і грубай. Таму восенню і вясной на дварэ не варта нават паказвацца без вэлюму.

У тыя часы модны цяпер загар быў прыкметай людзей простага паходжання. Каб яго зняць, аўтарка рэкамендавала нанач некалькі разоў абмыцца густым кіслым малаком. Як толькі «лекі» на целе высыхалі, патрэбная была новая порцыя абліванняў — або, як варыянт, націранне твару ўсё той жа разжаванай міндалінай.

Каб асвяжыць скуру, рабілі агурочную ваду: агуркі, ачышчаныя ад лупін, наразалі і клалі ў бутэлькі. Запоўніўшы посуд гароднінай напалову, агуркі залівалі гарэлкай і ставілі на сонца. Праз 12 дзён выносілі ў сухі склеп. Ужывалі ваду так: вымыты i сухі твар выціралі тонкім ручніком, намочаным у гэтай вадзе.

Змаганне з прышчамі і загарам

У кнізе прадстаўленыя і парады пра змаганне з прышчамі. Каб ix пазбавіцца, Цюндзявіцкая раіла маладзенькім дзяўчатам кожныя тры месяцы некалькі дзён прымаць нешта для сцягвання скуры — але заўжды ахаладжальнае, а не запальнае. Напрыклад, піць нанач разведзеную ў вадзе глаўбераву соль (соль, якая ўтрымліваецца ў мінеральнай вадзе) — адну сталовую лыжку ці паўтары, адразу ж запіваючы яе вадой з іншай шклянкі. А праз тры ці чатыры дні паўтарыць. Яшчэ адзін варыянт — выпіваць чатыры ці шэсць бутэлек bitter Wasser (лекавай мінеральнай вады) — па адной штодзённа.

Яшчэ адна парада цяпер выглядае зусім дзіўнай: каб адцягнуць запаленне з твару, трэба моцна націраць скуру паміж лапаткамі чырвонай анучкай. Нібыта, калі плечы i спіна пакрыюцца сыпам i прышчамі, тыя паступова знікнуць з твару.

Ганна Цюндзявіцкая. Фота: wawjol74.blogspot.co.uk, commons.wikimedia.org
Ганна Цюндзявіцкая. Фота: wawjol74.blogspot.co.uk, commons.wikimedia.org

З рэкамендацый, якія безнадзейна засталіся ў ХІХ стагоддзі, — увесь час насіць пальчаткі, інакш рукі ніколі не будуць бледнымі. Цюндзявіцкая прыводзіць меркаванне жанчын, што пальчаткі — асабліва на кончыках пальцаў — мусяць быць цеснымі.

Але далей аўтарка крыху супярэчыць самой сабе. З аднаго боку, спасылаецца на дактароў, якія лічаць перашкоды раўнамернаму кровазвароту ў любой частцы цела пагібельным для здароўя. «Таму лепш, каб кожная маці пакінула прыродзе фармаванне частак цела дзяцей, а свае клопаты звярнула на іх догляд i ўдасканаленне», — піша яна. А з іншага боку, сцвярджае, што нагам нельга даваць залішне расці з дзяцінства. Аўтарка рэкамендуе сціскаць ix цесным абуткам i трохі даўжэйшым, чым ступня, — але абавязкова мяняць, калі дзіця з яго вырастае. Атрымліваецца, пра даўжыню абутку Цюндзявіцкая клапоціцца, пра шырыню — не.

Калі ж са скурай рук усё ж узніклі праблемы (напрыклад, яна пачала лупіцца), то Цюндзявіцкая прапануе наступнае выйсце: разагрэць увечары над свечкай у лыжцы піва кавалачак чыстага тлушчу казы, намазаць гэтай сумессю рукі i спаць у пальчатках усю ноч. «Паўтарыўшы тое некалькі вечароў, убачыце, што рукі зрабіліся цалкам гладкімі i далікатнымі», — сцвярджала Цюндзявіцкая.

Аўтарка звярталася і да такой праблемы: у дзяўчын ці жанчын пацелі рукі або тое ж адчуванне ўзнікала пад пахамі. Выйсце яна бачыла такім: штодзённа мыць месцы, якія пацеюць, моцным воцатам, разведзеным напалам з вадой ці адэкалонам альбо з простым cпiртам, што нібыта рабіла скуру менш схільнай да пацення. На думку Цюндзявіцкай, няблага часта выціраць рукі i пад пахамі крухмалам. «Некаторыя вераць, нібыта паценне рук спыніцца, як вясной узяць у кожную руку па адной маладой жабцы i пачакаць, пакуль яны здохнуць», — піша яна.

Аўтарка «Літоўскай гаспадыні» мела парады і адносна стаматалогіі. Так, яна рэкамендавала ніколі не ўжываць гарачых страваў i напояў уперамешку з халоднымі, бо, на яе думку, ад гэтага эмаль на зубах псуецца i трэскаецца. Лепш за ўсё ўсялякую ежу есці напалову ахалоджанай i асцерагацца кіслот, ласункаў i солі, лічыла Цюндзявіцкая. Зубы ўранку, увечары i кожны раз пасля ежы яна рэкамендавала паласкаць вадой «не залішне халоднай ці цёплай, а такой, якая бывае ўлетку ў рацэ». Зубы чысціць мяккай шчоткай альбо пазногцем (у апошнім выпадку гаворка відавочна пра рэшткі ежы паміж зубамі).

Адно з выданняў кнігі "Літоўская гаспадыня". Фота: zviazda.by
Адно з выданняў кнігі «Літоўская гаспадыня» па-беларуску. Фота: zviazda.by

Цюндзявіцкая рэкамендавала штодзень чысціць зубы, але далёка не адным і тым жа: «Нельга таксама штодзённа шараваць зубы парашкамі. Лепш два разы на тыдзень ужываць парашок з бярозавага вугалю, як мага драбней патоўчанага i прасеянага праз муслін. Ён надае зубам цудоўны белы колер i зусім ix не псуе. У іншыя дні раю чысціць зубы мяккім тытунём, працёртым без попелу, што мае якасць марыць чарвячкоў, якія псуюць нашыя зубы, а таксама з’яўляецца сродкам перадухілення захворвання i лякарствам супраць зубнога болю. Такі ж вынік дае i парашок з тытуню, прапаленага ў люльцы».

Для ўмацавання дзяснаў Цюндзявіцкая раіла штодзённа паласкаць рот півам, настоеным на цёртым хрэне. У выпадку праблем з эмаллю або наогул іх кепскім станам аўтарка рэкамендавала заліць гарэлкай ці спіртам масціку напалам з мірам, развесці вадой i таксама паласкаць рот.

Натуральна, аўтарка «Літоўскай гаспадыні» не магла абысціся без парадаў адносна валасоў. На яе думку, ім вельмі шкодзіць расчэсванне чужымі грабеньчыкамі i шчоткамі. Таму аўтарка прапаноўвала пільна сачыць, каб цырульнік i служанкі, прычэсваючы гаспадыню, ніколі не заколвалі грабеньчыкаў у свае валасы. У якасці шампуню Цюндзявіцкая раіла выкарыстоўваць яечныя жаўткі. Таксама «можна развесці простае мыла ў старой гарэлцы ці араку (алкагольным напоі. — Заўв. рэд.), разбавіць яшчэ вадой i гэтым мыць галаву, а цёплай вадой спаласнуць», — пісала яна і дадавала, што некаторыя ўжываюць у якасці «шампуню» слабае піва, разагрэтае з маслам.

Дзякуй, што дачыталі гэты матэрыял! «Люстэрка» шануе і імкнецца захаваць гісторыю нашай краіны — у адрозненне ад дзеючай улады. Мы пішам пра глабальныя рашэнні, пра асабістыя гісторыі і, вядома, пра цікавыя дробязі. Спадзяемся, гэта дапаможа лепш зразумець мінулае і сфарміраваць будучыню нашай краіны.

Падтрымайце «Люстэрка», каб мы маглі публікаваць больш такіх матэрыялаў 🙌

Станьце патронам «Люстэрка» — незалежнага медыя, якое толькі на сайце штомесяц наведвае больш за 2 мільёны ўнікальных карыстальнікаў.

Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.

Гэта бяспечна?

Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».

Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне ці аформіць рэгулярны плацёж. Рэгулярныя данаты нават на невялікую суму дазволяць нашай рэдакцыі лепш планаваць уласную працу.

Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.

Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon — вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.