Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У старадаўнія часы не існавала «Ціндара», у бібліятэцы нельга было пазнаёміцца з «Камасутрай», не было і інтэрнэту, які дазваляе чытаць нашыя матэрыялы пра сэкс. Але інтымнае жыццё нашых продкаў бурліла і было, магчыма, не менш яркім, чым цяпер. Падрабязна расказваем, якім быў сэкс беларусаў у дадзяржаўны перыяд і ў часы Кіеўскай Русі: пра традыцыі, перакананні і табу, якія тады існавалі.

Сэкс як падарунак заморскім гасцям і старажытны Tinder на Купалле

Назва «славяне» з’явілася адносна позна — да прыкладу, візантыйскія аўтары, відавочна, называлі нашых продкаў антамі, венедамі і склавенамі. У гэтых жа працах ужо можна атрымаць першую інфармацыю пра стаўленне старажытных славян да сэксу.

Этнографы Надзея Адамовіч і Наталля Сярогіна цытуюць у сваёй кнізе «Інтымная Русь» візантыйскага гісторыка і дыпламата Прыска Панійскага (жыў у V стагоддзі н.э.). Той апісваў побыт скіфскіх плямёнаў (як пішуць аўтары, візантыйцы наогул усіх паўночных варвараў называлі скіфамі, але даследчыкі схіляюцца да думкі, што ў тэксце ішла гаворка менавіта пра славян). Дык вось, дэлегацыя візантыйцаў зайшла ў славянскае паселішча: «Жанчына, што ўладарыла ў паселішчы <…> паслала нам ежу і прыгожых жанчын для сусполення. Гэта па-скіфску знак павагі. Ласкава падзякаваўшы жанчынам за прапанаваную ежу, мы адмовіліся ад сусполення з імі».

Заўважце, у апісанні сказана, што паселішчам кіравала жанчына — калі гэта праўда, то можна дапусціць, што ў той час такая форма ўлады з дамінаваннем гэтага полу была шырока распаўсюджаная сярод нашых продкаў. Акрамя матрыярхату дыпламат апісаў абрад, які сустракаецца ў розных народаў свету да гэтага часу, — гасцінны гетэрызм, або гасцінную прастытуцыю.

Карта расселения славян в VII—VIII веках. Изображение: Koryakov Yuri, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Карта рассялення славян у VII—VIII стагоддзях. Выява: Koryakov Yuri, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Паступова на змену матрыярхату прыйшоў патрыярхат. А вось вольныя норавы ў грамадстве захоўваліся. У гэтым няма нічога дзіўнага, бо старажытныя славяне (як і іншыя народы) успрымалі свет зусім інакш, чым мы — застаючыся паганцамі, славяне былі мала знаёмыя з хрысціянскай мараллю, якая толькі нядаўна з’явілася, і абмежаваннямі і нормамі паводзін, што яе суправаджалі.

Як пісаў Ігар Кон у кнізе «Клубничка на берёзке», яны лічылі сэксуальнасць натуральнай часткай космасу. Так, напрыклад, у народных песнях бярозка пяшчотна і жарсна спляталася з магутным дубам, Маці-Зямля апладнялася нябесным дажджом і гэтак далей.

Многія сэксуальныя звычаі славян былі звязаныя з сельскагаспадарчымі абрадамі. Напрыклад, аж да канца XIX стагоддзя ў многіх рэгіёнах былой Старажытнай Русі мужчыны «апладнялі» зямлю: адбываўся сімвалічны — а ў старажытнасці і не толькі сімвалічны — полавы акт. Калі раней ратаі займаліся сэксам з жонкамі і каханкамі проста на ўзараным полі, выліваючы пры гэтым семя на зямлю і такім чынам перадаючы ёй свае сілы, свой запал, то ў пазнейшыя часы яны маглі сеяць збожжа без штаноў ці зусім аголенымі, мастурбаваць перад пасевам, спырскваючы зямлю спермай. Калі сеяла жанчына, яна вылівала на ўзараную зямлю семя мужа.

У некаторых раёнах Украіны ў тым жа XIX стагоддзі замест рытуальнага полавага акту на палях у перыяд пасяўной існаваў звычай перакочвання парамі па засеяным полі. Беларусы ў Віцебскай губерні пасля пасеву лёну раздзяваліся і качаліся голымі па зямлі. На Палессі падчас пасадкі агуркоў мужчына здымаў штаны і аббягаў пасевы, каб агуркі сталі такімі ж моцнымі і вялікімі, як яго пеніс.

Чытаючы гэтыя этнаграфічныя апісанні, складана не заўважыць, наколькі сэкс у тыя часы быў звязаны з матам. Ні ў тым, ні ў тым славяне не бачылі нічога ганебнага. На думку лінгвіста Барыса Успенскага, для іх было важнае пакланенне дзетародным органам дзеля ўрадлівасці. Лічылася, што чым часцей будуць ужывацца словы, якія цяпер лічацца мацюкальнымі, тым больш будзе пшаніцы. Нядзіўна, што і з тым, і тым пазней пачала змагацца хрысціянская царква.

Але цяпер вернемся да вольных інтымных нораваў славян. У летапісах расказвалася, што ў племені драўлян, якія жылі на Палессі на мяжы сучасных Украіны і Беларусі, шлюбаў «не бывала, ды ўмыкалі дзевак ля вады» — то-бок выкрадалі дзяўчат ля рэк, праз якія праходзілі асноўныя гандлёвыя шляхі. А яшчэ ў трох плямёнаў — у прыватнасці, радзімічаў, якія засялялі ўсход цяперашніх Магілёўскай і Гомельскай абласцей, — шлюбаў таксама «не бывала, ды ладзіліся гульбішчы між паселішчамі, і схадзіліся на тыя гульбішчы, на скокі і на ўсякія чартоўскія песні і тут умыкалі сабе жонак, згаварыўшыся з імі; мелі ж па дзве і па тры жонкі».

Пра такія гулянні пісалі і іншыя аўтары. «Гойсаюць на гуляннях і па скоках пазнаюць, якая жонка або ж дзеўка юрлівай пажады да юнакоў поўная, і ад позіркаў, і ад агалення частак цела, і ад жэстаў пальцамі і абмену пярсцёнкамі, целам і сэрцам напаліўшыся, цалуюцца з пажадаю і сусполенне чыняць», — пісалі летапісцы.

"Ночь на Ивана Купалу", картина Генриха Семирадского. Изображение: abcgallery.com, commons.wikimedia.org
«Ноч на Івана Купалу», карціна Генрыха Семірадскага. Выява: abcgallery.com, commons.wikimedia.org

Гэтыя святы называліся русаллямі. «Русали о Иванове дни (то-бок Купалле. — Заўв. рэд.) и в навечерии Рождества Христова и крещения сходятся мужи и жены и девицы на нощное лещевание, и на безчинный говор, и на бесовские песни, и на плясание, и на скакание, и на богомерзкие дела. И бывает отроком осквернение и девам растление», — адзначалася ў «Стаглаве» — зборніку царкоўных рашэнняў, складзеным у Маскоўскім княстве ў 1551 годзе. Апісаныя там традыцыі былі характэрныя і для продкаў сучасных беларусаў, бо яны былі закладзеныя яшчэ ў агульныя дахрысціянскія часы.

Удакладнім важную дэталь. У той час ніякай ніжняй бялізны (у сучасным разуменні гэтага слова) не было. Звыклыя нам майткі наогул былі прыдуманыя ў XVIII стагоддзі ў Францыі, арыстакратыя Расійскай імперыі пераняла іх толькі ў XIX стагоддзі, а масава насіць іх на нашых землях пачалі толькі ў мінулым стагоддзі. Пад споднімі сарочкамі людзей, якія ўдзельнічалі ў русаллях, звычайна нічога не было — а менавіта ў іх скакалі праз вогнішча, што дадавала ў абрад эратызму і ўзбуджала цікавасць у супрацьлеглага полу з усімі лагічнымі наступствамі.

Шматжонства і публічны сэкс у Кіеўскай Русі

Вышэй мы расказвалі пра падзеі, якія пераважна мелі месца ў дадзяржаўны перыяд. У IX стагоддзі на тэрыторыі сучасных Беларусі, Расіі і Украіны (а таксама часткова Польшчы і краін Балтыі) з’явілася сярэднявечная дзяржава ўсходніх славян — Кіеўская Русь. Але ў той час многія ранейшыя традыцыі заставаліся ў сіле. Напрыклад, шматжонства. Праўда, у навукоўцаў няма адзінага меркавання, наколькі яно было распаўсюджанае. У летапісах ёсць мноства згадак пра шматжонства князёў, а вось ці было яно нормай для іншых саслоўяў — незразумела.

Напрыклад, у кіеўскага князя Яраполка была жонка «гракіня» (грачанка, то-бок родам з Візантыйскай імперыі), але адначасова ён пасватаўся да полацкай князёўны Рагнеды, якая мусіла стаць яго другой жонкай. Супраць Яраполка выступіў яго малодшы брат Уладзімір, які забіў сваяка, захапіў Полацк і сілай узяў за жонку Рагнеду. Акрамя таго, ён зрабіў наложніцай і згаданую жонку старэйшага брата (хоць і прызнаў іх сына сваім).

Усяго ж Уладзімір меў як мінімум некалькі жонак (імаверна, пяць), а таксама велізарную колькасць наложніц. Паводле летапісаў, апошніх было «300 ў Вышгарадзе, 300 ў Белгарадзе і 200 на Бераставе (цяпер — адзін з раёнаў Кіева. — Заўв. рэд.) <…>. І быў ён прагавіты ў гэтым [у распусце], прыводзячы да сябе замужніх жанчын і разбэшчваючы дзяўчат». Імаверна, гэтыя лічбы перабольшаныя летапісцамі, якія жылі пазней, каб паказаць кантраст ладу жыцця князя-паганца, які ў 988 годзе прыняў хрысціянства. Але сам факт шматжонства, які існаваў у Кіеўскай Русі, відавочны.

Киевская Русь в 1015-1113 годах. Изображение: Koryakov Yuri, CC BY-SA 2.5, commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1553941
Кіеўская Русь у 1015—1113 гадах. Выява: Koryakov Yuri, CC BY-SA 2.5, commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1553941

Пра шматжонства славян паведамлялі і арабскія аўтары. Ібрагім ібн Якуб (жыў прыкладна ў 912−966 гадах) пісаў пра гарэмы славянскіх князёў, якія трымаюць пад замком 20 і больш жонак, а Ахмад ібн Фадлан расказваў пра рускага князя, які меў адразу 40 жонак: «Адзін са звычаяў цара русаў той, што разам з ім у яго вельмі высокім замку пастаянна знаходзіцца чатырыста мужоў з ліку волатаў, яго паплечнікаў <…>. З кожным з іх [ёсць дзяўчына], якая служыць яму, мые яму галаву і гатуе яму тое, што ён есць і п’е, і іншая дзяўчына, [якою] ён карыстаецца як наложніцай у прысутнасці цара. Гэтыя чатырыста [мужоў] сядзяць, а ўначы спяць ля падножжа яго ложа. А ложа яго велізарнае і інкруставанае каштоўнымі самацветамі. І з ім сядзяць на гэтым ложы сорак дзяўчат для яго пасцелі. Часам ён карыстаецца як наложніцай адной з іх у прысутнасці сваіх паплечнікаў».

Нават з прыходам хрысціянства шматжонства нікуды не знікла. Дакладней, царква і дзяржава пачалі весці з ім, а таксама з лаянкай рашучую барацьбу. Пра гэта сведчыць у прыватнасці царкоўны статут Яраслава Мудрага — кіеўскага князя, сына палачанкі Рагнеды. Першапачатковы варыянт гэтага дакумента быў складзены ў 1051−1054 гадах, у апошнія гады яго жыцця (у 1054-м Яраслаў якраз памёр). Потым статут неаднаразова перапрацоўваўся. Ён вядомы ў шасці рэдакцыях. Самая старажытная з іх, «Пространная», была складзеная ў XII — першай чвэрці XIII стагоддзя. Але нават у ёй ёсць артыкулы пра адказнасць за шматжонства.

Паводле аднаго з іх, у выпадку здрады жонкі з каханкам або з’яўлення ў яе другога мужа апошняга судзіў мітрапаліт ці царкоўны суд, які накладваў на гэтага чалавека штраф, а саму жанчыну адпраўлялі ў манастыр. Быў яшчэ адзін артыкул. Згодна з ім, той, хто ажаніўся з дзвюмі жанчынамі, мусіў выплаціць 20 срэбных грыўняў (для параўнання: баявы конь тады каштаваў 4−5 грыўняў, а за 10 можна было купіць раба). Другую жонку адпраўлялі ў манастыр, першая заставалася з мужам.

Але ў адзін момант змяніць векавыя асновы было немагчыма. Напрыклад, Ян II, кіеўскі мітрапаліт у 1078−1089 гадах, пісаў, што трэба адмаўляць у прычашчэнні «тем, которые бесстыдно и не краснея допускают общение с двумя женами, — это далеко от нынешнего благочестия и благопристойного ромейского жития». А гісторык Барыс Раманаў адзначаў, што шматжонства на Русі яшчэ некалькі стагоддзяў пасля прыняцця хрысціянства заставалася штодзённасцю для ўсіх саслоўяў.

Напрыклад, галіцкі князь Яраслаў Асмамысл, які кіраваў на тэрыторыі сучаснай Заходняй Украіны ў 1153−1187 гадах, меў дзвюх жонак: афіцыйную Вольгу і неафіцыйную — Анастасію. Законную жонку князь фактычна змусіў збегчы ў Польшчу. Пасля гэтага баяры паднялі мяцеж, схапілі Анастасію і спалілі яе жыўцом, а князя прымусілі даць клятву, што ён будзе жыць у згодзе з законнай жонкай. Цярпення хапіла ненадоўга: расправіўшыся з баярамі, князь зноў змусіў жонку з’ехаць.

Галицкие бояре тащат на костёр любовницу князя Ярослава Осмомысла — Анастасию. Рисунок Клавдия Лебедева. Изображение: runivers.ru, commons.wikimedia.org
Галіцкія баяры цягнуць на вогнішча каханку князя Яраслава Асмамысла — Анастасію. Малюнак Клаўдзія Лебедзева. Выява: runivers.ru, commons.wikimedia.org

Пра норавы XII стагоддзя дазваляе меркаваць твор пра царкоўныя догмы пад назвай «Вопрошание Кириково», якое напісаў тагачасны ноўгарадскі дыякан Кірык. У ім ён задаваў актуальныя пытанні царкоўным іерархам таго часу. Напрыклад, спытаў у біскупа ноўгарадскага Ніфонта, як лепш трымаць наложніц — таемна ці навідавоку: «А вот, владыка, некоторые заводят явных наложниц, и рожают детей, и живут, как со своей женой, а другие тайно со многими рабынями — что из этого лучше?»

Вядома, пра класічныя гарэмы, якія існавалі ў Асманскай імперыі, у Старажытнай Русі не магло ісці і гаворкі (сітуацыя з князем Уладзімірам, хутчэй, выключэнне — да таго ж, магчыма, перабольшанае). Імаверна, у той час нярэдка існавалі паралельныя сем'і: кожная жонка з дзецьмі жыла асобна. Улады мірыліся з гэтым фактам: царкоўны статут князя Усевалада (XII стагоддзе) выступаў у абарону інтарэсаў трэцяй і чацвёртай паралельных сем’яў, абапіраючыся на царкоўны аўтарытэт.

На думку гісторыка Наталлі Пушкаровай, праблема шматжонства не была ліквідаваная нават да канца XVI стагоддзя.

Ззаду і жанчына зверху — пад забаронай

Як адзначалася вышэй, у 988 годзе на Русі прынялі хрысціянства. Для гэтай рэлігіі быў характэрны зусім іншы светапогляд, чым для паганства. Як пісаў Ігар Кон, хрысціянства прынесла з сабой не толькі не вядомыя раней абмежаванні, але і негатыўнае стаўленне да сэксу як такога.

Паводле даследчыка, сэкс дазваляўся толькі ў пэўны час: «Полавае ўстрыманне было абавязковым ва ўсе нядзелі і царкоўныя святы, у пятніцы і суботы, а таксама ва ўсе посныя дні. Пры строгім выкананні ўсіх гэтых забаронаў людзі маглі займацца сэксам не больш за пяць-шэсць дзён на месяц. Асабліва клапаціліся клірыкі пра ўстрыманне ў суботы, бо паводле старых паганскіх нормаў менавіта суботнія вечары лепш за ўсё падыходзілі для сэксу».

Для цялесных задавальненняў патрабаваліся і іншыя ўмовы: мэтай сэксу магло быць выключна нараджэнне дзяцей, дапускаліся толькі вагінальнае пранікненне і місіянерская пазіцыя (апошняе мусіла падкрэсліваць паноўную ролю мужчыны ў дачыненні да жанчыны). Усё астатняе лічылася грахоўным.

«В русской бане» (1916). Картина Виталия Тихова. Изображение: commons.wikimedia.org
«У рускай лазні» (1916). Карціна Віталя Ціхава. Выява: commons.wikimedia.org

Пазіцыя «жанчына зверху» ўспрымалася як «вялікі грэх» (на Русі ўдзельнікі караліся доўгім — ад трох да дзесяці гадоў — пакаяннем са шматлікімі штодзённымі зямнымі паклонамі), бо парушала тую самую мадэль пра дамінаванне мужчыны. Пазіцыя «мужчына ззаду» таксама забаранялася, бо нібыта нагадвала паводзіны жывёл ці гомасэксуальны акт. Анальны сэкс лічыўся «жывёльным блудам» або «садомскім грахом». Мінімальнае пакаянне за гэты грэх складала шэсцьсот зямных паклонаў, максімальнае — адлучэнне ад царквы.

Пры гэтым ва ўсіх выпадках святары разглядалі канкрэтныя абставіны: як часта практыкавалася «грахоўная» пазіцыя, хто быў яе ініцыятарам, удзельнічала жонка ў працэсе добраахвотна ці пад прымусам мужа. Маладым парам, ва ўзросце да 30 гадоў, звычайна рабілася ласка, а вось старэйшыя караліся больш строга. Таксама лічыліся грахоўнымі мінет і кунілінгус, мастурбацыя, глыбокія пацалункі і нават начныя палюцыі са спадарожнымі эратычнымі снамі.

У чым была прычына такога суровага падыходу? «Альтэрнатыўныя пазіцыі полавага акту, відаць, трывожылі заходніх спецыялістаў па царкоўным праве з трох прычын, — адзначала даследчыца Ева Левіна. — Па-першае, мэтай разнастайнасці [у сэксе] быў пошук больш вытанчанай асалоды, што загадзя выклікала падазрэнні. Па-другое, меркавалася, што альтэрнатыўныя пазіцыі, нават пры вагінальным пранікненні, спрыяюць супрацьзачаццю. Па-трэцяе, альтэрнатыўныя пазіцыі выглядалі непрыстойна і нагадвалі садамію. Пазней у заходніх пакаяльных матэрыялах выявілася тэндэнцыя апускаць дэталі што да непажаданых метадаў коітусу, магчыма, для таго, каб у паствы не з’яўлялася грэшных думак».

Ступень суровасці святароў што да заняткаў сэксам для задавальнення відаць на наступным прыкладзе. Да пачатку XIII стагоддзя нават у Заходняй Еўропе сярод іх існавала меркаванне, быццам сэксуальная асалода — само па сабе зло і яго варта пазбягаць, нават з улікам таго, што шлюбны полавы акт грахом не лічыўся. «Нічога няма агіднейшага, чым кахаць сваю жонку рыхтык палюбоўніцу», — пісаў святы Геранім.

Вядома, такая сістэматычная шматвяковая палітыка не магла не прыносіць плёну. Вынікам стала фармаванне сярэднявечнага грамадства, у якім рэлігія грала ключавую ролю — а тэма сэксу стала табуяванай.

Але жыццё ўсё ж было складанейшае за правілы. Мяркуючы з юрыдычных дакументаў, жыхары Кіеўскай Русі парушалі ўсе магчымыя абмежаванні. Напрыклад, у згаданым вышэй царкоўным статуце Яраслава Мудрага ёсць пакаранне за выкраданне дзяўчат, іх згвалтаванне, за сэкс са сваякамі, за шлюб паміж імі, за заафілію («аще ли кто с животиною блуд створить»), за групавы сэкс («аще кто з двема сестрама в блуд впадеть»), за разбэшчванне няпоўнагадовых (сэкс айчыма з падчаркай ці мачахі з пасынкам) і нават за поліандрыю (форму палігаміі, пры якой адна жанчына займаецца сэксам з некалькімі мужчынамі). Раз гэтыя пакаранні прапісваліся ў законах, відавочна, што такія факты здараліся.

Важна разумець і тое, што хрысціянства ўкаранілася далёка не адразу — ды і не на ўсёй тэрыторыі сучаснай Беларусі. Калі ў XIII стагоддзі з’явілася Вялікае Княства Літоўскае — беларуска-літоўская дзяржава — частка яго насельніцтва (разам з самімі князямі-балтамі) па-ранейшаму вызнавала паганства. Працэс іх масавага хрышчэння стартаваў толькі ў канцы XIV стагоддзя неўзабаве пасля Крэўскай уніі паміж ВКЛ і Польшчай. А значыць, паганскія традыцыі (у тым ліку ў сэксуальным плане) захоўваліся на асобнай частцы Беларусі больш працяглы час.

Рост Великого Княжества Литовского до 1462 года. Изображение: Koryakov Yuri, CC BY-SA 2.5, commons.wikimedia.org
Рост Вялікага Княства Літоўскага да 1462 года. Выява: Koryakov Yuri, CC BY-SA 2.5, commons.wikimedia.org

Яшчэ адзін важны момант: сучасным беларусам пашанцавала, што іх продкі пачалі інтэгравацца менавіта з Заходняй Еўропай. Бо сам факт з’яўлення ВКЛ яшчэ не значыў павароту на захад — паміж Вільняй і Масквой доўгі час ішла барацьба за спадчыну (у тым ліку і культурную) Кіеўскай Русі — але ўрэшце цывілізацыйны ківач хітнуўся ў бок Еўропы. Між тым, як пісаў Ігар Кон, «у Заходняй Еўропе аскетычныя нормы ранняга хрысціянства ў эпоху Адраджэння былі моцна аслабленыя і скарэктаваныя пад уплывам антычнасці. На Русі гэтага ўплыву не было. Праваслаўны цялесны канон, пабудаваны паводле ўзору візантыйскага, значна стражэйшы і аскетычнейшы за каталіцкі».

У выніку на тэрыторыі сучаснай Расіі, у прыватнасці, не было эпохі Адраджэння, а на тэрыторыі Беларусі — была. Гэта сярод іншага абумовіла больш свабоднае стаўленне да сэксу ў наступную эпоху, пра што мы раскажам ужо ў іншым тэксце.

Чытайце таксама