Жыццё Руслана Салея абарвалася 7 верасня 2011 года, калі вядомаму беларускаму хакеісту было 36 гадоў. Самалёт Як-42, на якім каманда «Лакаматыва» ляцела на дэбютную гульню сезона з Яраслаўля ў Мінск, не змог набраць вышыню і зваліўся ля аэрапорта Тунашна. Гэта была не толькі страта выдатнага гульца, капітана і лідара зборнай Беларусі. Бетан Салей страціла мужа і бацьку траіх дзяцей. У вялікім інтэрв'ю «Люстэрку» амерыканка расказала, праз што ёй давялося прайсці за гады з моманту страты мужа і як Руслан уплывае на яе жыццё сёння. Ніжэй — гісторыя неймавернай любові і болю, адданасці і самаахвярнасці, якая можа крануць вас да слёз.
Руслан Салей нарадзіўся ў Мінску ў 1974 годзе. Ён рэкардсмен па колькасці матчаў у НХЛ сярод беларусаў. За 14 сезонаў у найлепшай хакейнай лізе свету беларускі абаронца правёў 916 гульняў у рэгулярных чэмпіянатах і 62 у плэй-оф. У 2003 годзе гуляў у фінале Кубка Стэнлі, дзе «Анахайм» Руслана саступіў «Нью-Джэрсі» ў сёмым матчы серыі. Салей выступаў за зборную Беларусі на трох Алімпіядах (у 1998, 2002 і 2010 гадах) і дзевяці чэмпіянатах свету, у тым ліку шасці — у наймацнейшым дывізіёне. Ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Бетан у 1998 годзе. У пары нарадзіліся трое дзяцей: дачка Алексіс, сын Сандра і дачка Эйва.

«Піла віно, але гэта толькі павялічвала трывогу»
— Бетан, як вы цяпер? Чым займаецеся?
— Як і раней, аддаю сябе дзецям. Вольнага часу амаль няма. Дзеці хутка растуць, але клопату хапае. Алексіс ужо 18 гадоў, Сандра — 16, а Эйве — 12. Сандра займаецца баскетболам, а Эйва — валейболам. Яны ходзяць у школу і па некаторых прадметах займаюцца дадаткова. Алексіс раней таксама гуляла ў валейбол, але цяпер сканцэнтраваная на навучанні. Яна вучыцца ў каледжы па спецыяльнасці «бізнес». Жыве пакуль з намі — не захацела быць удалечыні ад дома.
— Хто з іх больш за ўсё падобны да Руслана?
— Эйва. Вельмі нагадвае свайго бацьку і маму Руслана. У яе і характар такі ж, як у маёй свекрыві. Эйва ўпартая, але кажу пра гэта ў самым пазітыўным сэнсе. Наогул упартасць — асаблівасць Салеяў, сямейны брэнд! Нярэдка смяюся з гэтага.
Ва ўсіх дзяцей ямачкі на падбародку, як у Руслана. У Сандра карыя вочы бацькі. І яны моцныя асобы. Мне падабаецца, як у іх праяўляецца беларуская ДНК. Ганаруся тым, адкуль Руслан родам, — у яго неверагодная сям’я. Яго маці давялося вытрымаць многае: яна страціла сына, потым мужа. Моцная жанчына. Я вельмі падобная да свекрыві, калі гаворка пра нашых дзяцей. Мы абедзве «мамы-мядзведзіцы». Ніхто не нашкодзіць нашым дзецям.
— Як вы маральна спраўляецеся з усім?
— Неўзабаве пасля смерці Руслана было шмат момантаў, калі мне здавалася, што я памерла разам з ім. Была расчараваная сабой, бо адчувала: прапускаю асаблівы час са сваімі дзецьмі. Яны ніколі гэтага не ведалі, але нават у, здавалася б, шчаслівыя гадзіны адчувала гора.
Я змагалася з дэпрэсіяй і трывогай многія гады пасля сыходу мужа. Але цяпер я шчаслівейшя, чым калі-кольвек з таго часу, як страціла яго. Мне давялося пераадкрыць сябе. Таксама, веру, дапамог справіцца здаровы лад жыцця, які вяла. Трэніруюся кожны дзень, ем здаровую ежу і больш не ўжываю алкаголю. Раней піла віно, але гэта толькі павялічвала трывогу і прыгнечанасць. Вырашыла спыніцца. Гэта найлепшае, што я зрабіла для сябе.
— Па-ранейшаму адчуваеце боль ад смерці мужа?
— Мне заўсёды будзе сумна, што я страціла Руслана. Я ніколі не любіла іншага чалавека, акрамя сваіх дзяцей, так моцна, як любіла яго. Проста прывыкла жыць адна — без Салея. Я кажу пра яго кожны дзень сваім дзецям, бацькам, іншым людзям. Ён заўсёды ў маіх думках.
«Было б прасцей, калі б Руслан быў засранцам»
— Як дзеці прывыкалі жыць без бацькі?
— Яны былі вельмі малыя, калі яго не стала: Эйве — пяць месяцаў, Сандра — чатыры гады, а Алексіс — шэсць. Сандра і Алексіс не хацелі гаварыць пра Руслана пасля яго смерці. Я думаю, ім было вельмі балюча, і яны не дзяліліся гэтым са мной. Цяпер Алексіс загараецца, калі расказваю пра яе бацьку. Я ведаю, што яна адчувае страту, бо памятае Руслана лепш за ўсіх сярод дзяцей. Яна ўвесь час носіць яго вопратку. Спачатку было дзіўна, калі ішла мыць рэчы Руслана. Здавалася, што ён тут, з намі. Алексіс, дарэчы, хоча вывучыць у каледжы рускую мову.
Мы ўсе вельмі сумуем па ім. Як маці мне балюча бачыць дзяцей, якія пакутуюць без бацькі. Балюча ведаць, што я нічога не магу зрабіць, каб гэта прайшло. Але мы яго вельмі моцна любім — убачыўшы дом, вы б падумалі, што Руслан усё яшчэ жыве тут. Дагэтуль вісяць усе нашыя вясельныя і сямейныя партрэты з яго выявамі. Я па-ранейшаму жыву ў доме, які ён купіў, калі мы былі проста хлопцам і дзяўчынай. Ніколі б не прадала дом. Гэта частка нашай сям'і. Назаўжды.
— Вы не дазвалялі сабе закахацца зноў?
— Я сустракалася з людзьмі пасля Руслана, але ні з кім не была ў адносінах. Так занятая дзецьмі, што спатканні — дакладна не прыярытэт для мяне. Вядома, хацелася б мець спадарожніка. Але ён мусіць быць асаблівым не толькі для мяне, але і для маіх дзяцей.
— Што звычайна расказваеце дзецям пра Руслана?
— Усё што заўгодна. Напрыклад, цяпер Эйва робіць у класе праект пра свайго бацьку і пытала ў мяне, якая ў яго была любімая ежа. Я вельмі люблю гаварыць пра Руслана. Гэта захоўвае яго жывым для мяне.
— Дзеліцеся толькі пазітыўнымі гісторыямі?
— Мы амаль не сварыліся. Калі гэта і здаралася, то праз глупства. Я занадта паважала Руслана, каб злавацца на яго. Ён быў выдатным мужам і партнёрам, мы былі ідэальнай парай. Вось чаму я так востра адчуваю яго страту. Было б прасцей, калі б Руслан быў засранцам — тады магла б лёгка замяніць яго новым засранцам, ха-ха. Жартую, вядома. Але тое, што я ўсё яшчэ адна праз 12 гадоў пасля яго смерці, гаворыць пра многае. Ён быў цудоўным чалавекам, заўсёды буду па ім сумаваць.
«Разумею расчараванне людзей у Беларусі»
— Уяўляеце жыццё, калі дзеці пасталеюць і пакінуць дом?
— У мяне ёсць планы на будучыню. Але, як вы ведаеце, у жыцці можа здарыцца што заўгодна. Цяпер хачу атрымліваць асалоду ад кожнага дня і не загадваць моцна наперад. Мы па-сапраўднаму валодаем толькі момантам, які пражываем у гэтую хвіліну.
— Калі былі апошні раз у Беларусі?
— У 2012 годзе. Хацела б прыехаць зноў. Калі глядзім Алімпіяду, то заўзеем за Беларусь. Гэта цудоўная краіна. У Беларусі адчуваю сябе бяспечней, чым у ЗША. Сумую па родных Руслана. Заўсёды буду іх любіць і паважаць.
— Што маеце на ўвазе пад «у Беларусі бяспечней»?
— У нашай краіне рэальная праблема са зброяй. Масавая страляніна — гэта страшна.
— Ведаеце, што адбываецца ў Беларусі з 2020 года, можа, чулі пра пратэсты?
— Сёе-тое ведаю. Мне не вельмі хочацца пра гэта казаць, але адчуваю і разумею расчараванне, якое адчуваюць людзі ў Беларусі. Я б таксама не была шчаслівая. Мне падабаецца, што ў ЗША мы можам выказвацца свабодна — без пакарання за гэта.
— Маеце зносіны з роднымі Салея? Клічуць вас у госці?
— У асноўным падтрымліваем сувязь праз Facebook ці Instagram. Думаю, цяпер не змагла б прыехаць, нават калі б захацела, праз адносіны Беларусі і ЗША.
«Хакей наогул не глядзім»
— Сочыце за спартыўнымі падзеямі, НХЛ?
— Мы наогул не глядзім з дзецьмі хакей. Гэта змушае сумаваць. Але любім футбольныя матчы — сокер, як тут кажуць. Руслан любіў яго глядзець.
— Ваш сын гуляе ў баскетбол пад 24-м нумарам — тым, што быў у яго бацькі…
— Сандра сам узяў гэты нумар. Трэнер, дарэчы, выбраў сына капітанам. Мае дзяўчаты таксама носяць нумар 24, калі займаюцца спортам. Гэта асаблівыя лічбы для нас, куды б мы ні пайшлі. Сентыментальны момант.
— Пасля знаёмства з Салеем глядзелі яго матчы?
— Так, усе гульні. Многія добра памятаю. Напрыклад, перамогу зборнай Беларусі над Швецыяй на Алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці ў 2002-м або пераможны гол Руслана ў авертайме ў трэцім матчы фіналу Кубка Стэнлі ў 2003-м. Да з’яўлення дзяцей пастаянна была на гульнях НХЛ. Потым пачала больш глядзець матчы з дому. Не хацела пакідаць дзяцей. Я люблю быць мамай.
— А нянькі?
— У мяне ніколі не было дапамогі. Калі б хацела пайсці павячэраць з сябрамі, то наняла б няньку. Але спраўляюся сама. Я веру, што менавіта таму я настолькі блізкая са сваімі дзецьмі. Быць паўнавартаснай мамай — асаблівы стан, бо большасці жанчын даводзіцца працаваць, каб клапаціцца пра дзяцей. Але дзякуючы Руслану ў мяне была магчымасць аддаваць ім увесь свой час.
— Што для вас значыць быць добрай мамай?
— Самае галоўнае, каб дзеці ведалі, наколькі іх любяць. Ніхто з бацькоў не ідэальны, мы ўсе робім памылкі. Мае дзеці ведаюць, што яны на першым месцы, нават Руслан ведаў гэта, таму ён мог працаваць і займацца сваімі справамі, бачачы, колькі любові і клопату я ўклала ў нашую сям’ю. Дзеці для мяне — усё. Яны выратавалі мяне, калі памёр Руслан. Яны далі мне вельмі шмат бескарыслівай любові, калі яна была патрэбная мне больш за ўсё. Не змагла б пражыць без Руслана, калі б не нашыя дзеці. Перш чым сысці, ён падараваў мне трох асаблівых людзей. І мая Эйва, паўтаруся, так падобная да бацькі. Сапраўдная Салей.
— У вас хапае сродкаў на жыццё?
— Руслан добра інвеставаў грошы, таму мне не трэба працаваць — я магу быць проста мамай. Не ведаю, як бы рабіла ўсё для сваіх дзяцей без яго дапамогі. Давялося б наняць каго-небудзь, каб выконвалі маю працу мамы [пакуль я працую], і я б страціла шмат момантаў з дзецьмі. Як ужо казала, у мяне няма дапамогі, а мая сям’я жыве далёка. Ведаю, што Руслан ганарыўся б тым, што ён зрабіў для нас, што ён усё яшчэ можа забяспечваць сям’ю.
Ён шмат працаваў, каб аддаць дзяцей у найлепшыя школы. Ён бы ніколі не пакінуў НХЛ. Адзіная прычына, з якой Руслан гэта зрабіў, заключалася ў тым, што ў Яраслаўлі яму прапанавалі больш грошай. Больш грошай, каб ён мог завяршыць кар’еру. Муж вельмі сумаваў па нас, знаходзячыся ў Расіі, а я сумавала па ім, да таго ж Эйва толькі нарадзілася. Я была вельмі занятая нованароджанай і маленькімі дзецьмі. Але мы абое ахвяравалі часам, які маглі б прабавіць разам, каб у будучыні ў сям'і было больш грошай.
Калі Руслан памёр, я не ведала пра нашую фінансавую сітуацыю. Думала, што мы страцім усё. Але ў яго быў план, што калі з ім нешта здарыцца, то мы ўсё роўна будзем у парадку. Дзякую яму за гэта кожны дзень.
«Мне ўсё яшчэ вельмі балюча, нібыта гэта было ўчора»
— Што вы адчувалі ўсе гэтыя гады з моманту падзення самалёта? Злаваліся на «Лакаматыў», бога, лёс?
— Абвінавачваю КХЛ (Кантынентальная хакейная ліга — турнір, дзе мінскае «Дынама» гуляе з клубамі з Расіі і іншых краін. — Заўв. рэд.) яны пасадзілі сваіх гульцоў у той гаўняны самалёт. Такога ніколі не мусіла здарыцца. Але мае думкі нічога не зменяць. Скажу толькі, што калі б Руслан гуляў у КХЛ і разбіўся іншы самалёт, то хацела б, каб ён [скончыў кар’еру ў КХЛ і] вярнуўся дадому [у ЗША].
— Час лечыць ці гэта міф?
— Боль страты будзе заўсёды, але ты прывыкаеш да яе. Захоўваю Руслана глыбока ў сваім сэрцы. Хоць падчас гэтага інтэрв'ю я шмат плачу, проста думаючы пра яго. Мне ўсё яшчэ вельмі балюча, нібыта гэта было ўчора. Ужо казала: ніколі не пакахаю іншага чалавека так, як Руслана. Мне сапраўды пашанцавала, што я адчула асаблівае пачуццё. Гэта тое, чаго заўсёды хацела ў жыцці, — каб мяне кахалі гэтак жа, як Руслан, і вельмі кахаць кагосьці самой. Ён ведаў, як моцна я яго кахала. Я казала яму пра гэта кожны дзень.
— Вам хто-небудзь раіў, маўляў, Бетан, хопіць пакутаваць, вы мусіце пачаць новае жыццё, вы не можаце быць пастаянна адна?
— Не, і я адчуваю, што мяне асудзяць, калі я гэта зраблю. Але, можа, гэта думка ўдоваў, якую мы ўкладваем у свае галовы, што, калі зноў знойдзем каханне, людзі падумаюць, што мы не кахалі сваіх мужоў. Хоць жаданне мець спадарожніка ў жыцці — натуральнае. Хацелася б, каб не было такой патрэбы, тады было б лягчэй, але мне не хапае чалавека побач.
— Вы сказалі ў пачатку інтэрв'ю: «Мне давялося пераадкрыць сябе». Якім чынам?
— Я проста пачала рабіць тое, што рабіла да нашай сустрэчы з Русланам. Напрыклад, слухаць музыку, якая мне калісьці падабалася, але якой не слухала, калі мы былі разам. Была настолькі звязаная з мужам на душэўным узроўні, што забыла, кім была да яго. Прайшла невялікую тэрапію, каб справіцца з трывогай, бо пасля таго няшчаснага выпадку вельмі моцна перажывала праз магчымую новую смерць блізкага чалавека.
Я медытую, малюся і проста ўдзячная за тое, што ёсць. Калі вы засяроджваецеся на ўсіх сваіх блаславеннях, то перастаяце думаць пра рэчы, якіх няма. Гэта змяняе погляд на жыццё. Мне сапраўды пашанцавала. Шчаслівая, што адчула каханне, якое было да Руслана, што ў мяне дзеці ад яго. Шчаслівая, што ўсё яшчэ жыву ў доме, які мы дзялілі. Дзеці і я здаровыя. Кожны дзень прачынаюся з любоўю, якую адчуваю. Мы жывём у свеце, дзе столькі пакутаў і няпэўнасці, што нават не магу ўявіць, як спраўляюцца некаторыя людзі.
— Вам цяжка адкрывацца іншым, дзяліцца перажываннямі?
— Як бачыце, я даволі шчырая ў сваіх пачуццях. Мама і сястра шмат гадоў былі для мяне як псіхолагі. Таксама думаю, што калі хадзіла на спатканні, то людзі занадта шмат чулі ад мяне пра каханне да мужа. Гэта наўрад ці спрыяла збліжэнню са мной. Напэўна, трэба папрацаваць над тым, каб не гаварыць пра Руслана так адкрыта ў такой сітуацыі. Але ён заўсёды будзе часткай майго жыцця.
«Ведаю, што Руслан ганарыцца мной»
— Апішыце свой звычайны дзень.
— Устаю рана, адводжу Эйву ў школу, а потым Сандра — яго школа далёка ад нашага дома. Вяртаюся, раблю пранне, засцілаю ложкі, праглядаю электронную пошту, іду на трэніроўку. Прыходжу паесці і забіраю Эйву. Гатую ёй, пасля чаго сустракаю Сандра з баскетбола. Гатую вячэру, прыбіраю ўвесь гэты беспарадак, а там і час ісці спаць. Здзіўляюся, як так хутка прайшоў дзень. Але для мяне гэта тыповы расклад. Жыццё мамы.
— Ходзіце ў залу?
— Я займаюся пілатэсам і трэніруюся ў трэнажорнай зале. Але зала ёсць і ў маім гаражы — падчас пандэміі каранавіруса абсталявала адно з памяшканняў. Люблю практыкаванні, заўсёды захаплялася фітнесам. Мой сродак зняцця стрэсу.
— Дзеці дапамагаюць вам з хатнімі справамі?
— Калі прашу іх. Але хачу, каб яны засяродзіліся на навучанні і проста пабылі дзецьмі. Яны ставяцца з павагай да таго, што я раблю [па доме]. Ведаеце, калі я была дзіцем, то мне і сястры даводзілася вельмі шмат прыбіраць. Мы былі нібы прыбіральшчыцамі для бацькоў. Дзяцінства доўжылася нядоўга, таму хай мае дзеці атрымліваюць асалоду ад гатага часу і, вядома ж, добрыя адзнакі ў школе, каб у іх была шчаслівая будучыня.
— Думаеце, Руслан ганарыўся б вамі сёння?
— Ведаю, што так. Руслан ганарыўся мной, калі быў жывы. Ён называў мяне супержанчынай. Я заўсёды паважала яго працу, і ён старанна працаваў, каб забяспечыць нас. Так што я была больш чым шчаслівая рабіць усё астатняе.
Чытайце таксама


