У складзе беларускай дэлегацыі, якая даставіла ў Ватыкан копіі марыйных абразоў, што ўшаноўваюцца ў Беларусі, быў хор касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску «Голас душы». Ён выканаў некалькі шматгалосных багародзічных беларускіх спеваў, надаўшы аўдыенцыі з пантыфікам больш урачысты характар, піша Vatican News.
Калі папа наблізіўся да беларускіх пілігрымаў хор узнёс у яго гонар Plurimos annos, з пажаданнем доўгіх гадоў жыцця. Святы айцец благаславіў копіі абразоў, а таксама атрымаў у дар спіс іконы Маці Божай Будслаўскай.
Копіі цудадзейных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі, якія ўжо наведалі шмат беларускіх парафій, 28 чэрвеня прыбылі на плошчу святога Пятра ў Ватыкане, дзе іх благаславіў пантыфік.
З нагоды 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай і 410-годдзя яго з’яўлення ў Будславе ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і беларускіх вернікаў папу Францішку перадалі ў падарунак выяву Апякункі Беларусі.