Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Сітуацыя з беларускай мовай у нашай краіне — для многіх балючая тэма. На жаль, на ёй не размаўляе большасць насельніцтва, яна амаль не гучыць на радыё і тэлебачанні, яе мала ў інтэрнэце, для многіх школьнікаў яна ператварылася фактычна ў замежную. Паводле звестак апошняга перапісу 2019 года, у краіне жыве 9,41 млн чалавек. 84,9% насельніцтва (або 7,99 млн) назвалі сябе беларусамі. Толькі 61,2% з іх (або 5,95 млн) лічаць сваёй роднай мовай беларускую. Але дома на ёй размаўляюць яшчэ менш — усяго 2,4 млн. Тлумачым, як і чаму так атрымалася і хто ў гэтым вінаваты.

Паланізацыя і русіфікацыя

За сваю шматвяковую гісторыю беларуская мова сутыкалася са шматлікімі ворагамі. Галоўнымі з іх былі дзве палітыкі: паланізацыі і русіфікацыі.

З першай з іх продкі сучасных беларусаў пазнаёміліся ў Рэчы Паспалітай (РП). Гэтая федэратыўная дзяржава з’явілася ў 1569-м, калі Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ) аб’ядналася з Польшчай. У ВКЛ афіцыйнай была старабеларуская мова, на якой пісаліся ўсе асноўныя дакументы. На ёй размаўляла і пераважная частка насельніцтва. Ніякіх сур’ёзных канкурэнтаў у старабеларускай не было.

Але з часам беларуская мова пачала знікаць з афіцыйнага ўжытку ў РП — адной з галоўных прычын было натуральнае змешванне польскай і літоўскай арыстакратыі, у працэсе якога другая ўсё больш пераймала лад жыцця першай — у тым ліку мову. У 1696 годзе з’явілася пастанова, што дзяржаўныя дакументы ў ВКЛ павінныя пісацца выключна на польскай і лацінскай мовах. Гэта стала велізарным ударам па старабеларускай мове.

На польскую мову канчаткова перайшла шляхта і найбольш багатыя яе прадстаўнікі — магнаты. Але сяляне працягвалі размаўляць на роднай мове, бо ніякай афіцыйнай перапіскі яны не вялі, а ні пра адзін дакумент, які б забараняў выкарыстоўваць старабеларускую, не вядома. Дзякуючы гэтаму яе па-ранейшаму ведалі і магнаты, і шляхта, бо інакш яны не змаглі б размаўляць са сваімі падданымі. Арыстакраты нават пісалі на ёй творы. Напрыклад, знакаміты навуковец Адам Мальдзіс знайшоў верш на беларускай мове, які Яўхім Храптовіч, апошні канцлер ВКЛ, напісаў у сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя.

Такім чынам, на тым этапе паланізацыя закранала эліту, але не большую частку насельніцтва.

У канцы XVIII стагоддзя РП захапілі і падзялілі паміж сабой некалькі краін. Землі Беларусі ўвайшлі ў склад Расіі. Пры гэтым культурная і адукацыйная палітыка на далучаных тэрыторыях спачатку не моцна змянілася. У пачатку ХІХ стагоддзя была створаная Віленская адукацыйная акруга, якую ўзначаліў польскі патрыёт Адам Чартарыйскі, асабісты сябар расійскага імператара Аляксандра I. За ім асноўнай мовай навучання засталася польская, як гэта было і ў гады РП.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: архіў TUT.BY

Гэтая палітыка ў цэлым працягвалася да таго, як на тэрыторыі былой РП адбылося паўстанне 1830−1831 гадоў. Пасля яго здушэння на землях Беларусі пачалася русіфікацыя, якая праз тры дзесяцігоддзі стала маштабнай і ў цэлым не спынялася аж да апошніх дзён Расійскай імперыі. Да пачатку XX стагоддзя не было ніводнай школы з выкладаннем на беларускай. Да таго ж часу забаранялася друкаванне кніг на роднай мове на лацінцы. А пераважную большасць беларускіх кніг на кірыліцы не прапускала цэнзура.

Афіцыйнае справаводства вялося на рускай, на гэтай жа мове размаўлялі чыноўнікі і духавенства, на ёй ішло выкладанне ў школах. Атрымаць вышэйшую адукацыю можна было толькі ў буйных гарадах імперыі — вядома, на рускай. Землямі ў Беларусі валодалі рускія памешчыкі.

Важны яшчэ адзін момант: у ХІХ стагоддзі ў Расійскай імперыі існавала так званая рыса габрэйскай аселасці (мяжа ўнутры краіны, за якой маглі сяліцца прадстаўнікі гэтай нацыянальнасці). Тэрыторыя Беларусі знаходзілася ў гэтай рысе. Таму ў другой палове ХІХ стагоддзя габрэі складалі палову насельніцтва Мінска і значную частку насельніцтва іншых гарадоў. Гэта сур’ёзна паўплывала на развіццё беларускай. Па сутнасці, менавіта тады нарадзілася своеасаблівае супрацьстаянне паміж беларускамоўнай вёскай і небеларускамоўным горадам — праз стагоддзе яно радыкальна паўплывае на лёс роднай мовы.

Але ў той час у Беларусі яшчэ пераважала сельскае насельніцтва. Ды і русіфікацыя яшчэ не зрабілася фатальнай. Пра гэта сведчаць звесткі перапісу 1897 года — адзінага, які прайшоў у Расійскай імперыі. Паводле яго, беларускамоўнае насельніцтва ў беларускіх губернях (з улікам шэрагу земляў, якія не ўваходзяць у склад сучаснай Беларусі) складала 73,3%. 14% гаварылі на ідышы. На рускай — усяго 4,3%, на польскай — 2,4%.

Беларусізацыя і сталінскія рэпрэсіі

Неўзабаве пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Масква і Варшава падзялілі тэрыторыю Беларусі паміж сабой. Заходняя частка нашай краіны на два дзесяцігоддзі ўвайшла ў склад Польшчы — увесь гэты час тут зноў праводзілася палітыка паланізацыі.

А вось жыхары ўсходняй часткі сутыкнуліся з рэалізацыяй двух курсаў, супрацьлеглых адзін аднаму. Першапачаткова бальшавікі пайшлі насустрач карэнным народам. У нашай рэспубліцы ў 1920-я гады праводзілі палітыку беларусізацыі. Яе мэтай было пашырыць сферу ўжытку роднай мовы, развіваць нацыянальную культуру і вылучаць на кіраўнічыя пасады ў БССР беларусаў.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: архіў TUT.BY

Гэтую палітыку ўсяляк падтрымлівала камуністычная партыя. Напрыклад, кіраўнік БССР Аляксандр Крыніцкі (1924−1927), пасланы ў Мінск з Масквы, нават вывучыў беларускую мову і чытаў на ёй даклады. Наогул у рэспубліцы было абвешчанае раўнапраўе чатырох моваў: беларускай, рускай, ідыша і польскай. Але беларуская справядліва была прызнаная прыярытэтнай для арганізацый унутры Беларусі (кантакты з Масквой прадказальна ішлі па-руску).

Але ўжо да 1929-га беларусізацыю згарнулі. У дачыненні да яе ініцыятараў пачаліся рэпрэсіі: напрыклад, супрацоўнікі спецслужбаў прыдумалі няісны «Саюз вызвалення Беларусі». У кіраўніцтве арганізацыяй абвінавачвалі першага прэзідэнта Акадэміі навук БССР Усевалада Ігнатоўскага — ён застрэліўся. Потым — паэта Янку Купалу: ён паспрабаваў здзейсніць суіцыд, але яго выратавалі ў апошні момант. Сотні іншых дзеячаў беларускай культуры рэпрэсавалі.

Пасля згортвання беларусізацыі яе месца паступова заняла русіфікацыя. Яе важнай часткай стала штучнае збліжэнне нацыянальных моваў з рускай. У 1933-м прайшла рэформа беларускага правапісу. У камісіі, якая распрацавала новы праект (менавіта паводле яго з пэўнымі зменамі мы пішам на беларускай дагэтуль), не было ніводнага мовазнаўцы. Менавіта тады адбылася адмова ад мяккага знака: калі раней пісалі «сьнег», што адпавядае вымаўленню, то пасля рэформы — «снег». Мэтай жа рэформы, як прызнавалі пасля вайны, стала, «наколькі гэта магчыма, наблізіць беларускі правапіс да рускага».

Паралельна з гэтымі працэсамі ў краіне разгортваліся палітычныя рэпрэсіі, пік якіх прыпаў на 1937 год. У гэты час былі знішчаныя тысячы прадстаўнікоў айчыннай культуры, якіх абвінавачвалі ў нацыяналізме.

У выніку беларускамоўная сфера пачала асацыявацца з небяспекай для жыцця. Напрыклад, бацькам Станіслава Шушкевіча, будучага першага кіраўніка незалежнай Беларусі, быў дзіцячы паэт Станіслаў Шушкевіч-старэйшы. Яго рэпрэсавалі. Сын хацеў пайсці па слядах бацькі ў гуманітарную сферу. Але маці ўгаварыла сына атрымаць тэхнічную адукацыю — далейшую ад палітыкі, такую, якая мусіла зберагчы яго. Так Шушкевіч-малодшы стаў фізікам. Беларуская мова ўсё роўна засталася яму блізкай, ён свабодна на ёй размаўляў. Але можна толькі здагадвацца, колькі чалавек назаўсёды перайшлі на рускую з падобных прычынаў.

Паводле гісторыка Валянціна Мазца, мэтанакіраваная русіфікацыя ў сферы адукацыі ў БССР пачалася ў 1938-м, калі партыя і ўрад прынялі пастанову аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей. «Фактычна да пачатку 1940 года ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах не было навучання на беларускай мове. Нават на філалагічных аддзяленнях, дзе рыхтавалі выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры, усе прадметы, за выключэннем беларускай мовы і літаратуры, выкладаліся, як правіла, па-расійску», — расказваў Мазец.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: архіў TUT.BY

Пасля вайны нічога не змянілася. «Склалася заганная сітуацыя з выданнем беларускамоўных кніг. Кіраўнікі кнігагандлю не пушчалі ў продаж беларускамоўныя кнігі. Яны трымаліся на складах, а потым спісваліся як затавараная прадукцыя. Пасля ж заяўлялі, што беларуская кніга нехадавая, што яе ніхто не хоча чытаць», — адзначаў гісторык. Ён прыводзіў статыстыку па друку на розных мовах. У 1946-м, адразу пасля вайны, наклад часопісаў на рускай мове складаў 1% — рэальны паказчык знаёмства жыхароў рэспублікі з рускай мовай. У 1955-м — ужо 31%. Забягаючы наперад, адзначым, што ў 1970-м агульны наклад беларускамоўных кніг у БССР складаў 9 млн, рускамоўных — 16 млн.

Смерць Сталіна нічога прынцыпова не змяніла. Адліга мела дачыненне да палітыкі, але не да ідэалогіі, культуры і моўнага пытання. У 1958-м бацькам ва ўсім Савецкім Саюзе дазволілі выбіраць, ці трэба іх дзецям вучыць нацыянальную мову.

«У 1958 годзе ў Мінску было восем беларускіх школ, — успамінаў у 1990-м Аляксандр Кузьмін, экс-сакратар па ідэалогіі ЦК КПБ. — Калі ж было ўведзенае правіла, што бацькі вызначаюць, на якой мове вучыць іх дзяцей, то мы атрымалі заявы ад бацькоў толькі чацвярых першакласнікаў з просьбай вучыць іх дзяцей на беларускай мове».

У наступным годзе ў Мінск прыехаў лідар СССР Мікіта Хрушчоў. На прыступках галоўнага корпуса БДУ ён заявіў: «Чым хутчэй усе мы будзем гаварыць па-руску, тым хутчэй пабудуем камунізм». Да гэтага ён публічна спыніў кіраўніка БССР Кірыла Мазурава, які выступіў у яго прысутнасці з дакладам па-беларуску. Нядзіўна, што Пётр Машэраў, пераемнік апошняга, публічна выступаў на роднай мове адзінкавыя разы.

У пачатку 1970-х у СССР наогул заявілі пра з’яўленне савецкага народа — «новай гістарычнай, сацыяльнай і інтэрнацыянальнай супольнасці людзей, якія маюць адзіную тэрыторыю, эканоміку, сацыялістычную па змесце культуру, саюзную агульнанародную дзяржаву і агульную мэту — пабудову камунізму». Агульнай мовай гэтага народа была прызнаная руская, што было адлюстраваннем «той ролі, якую адыгрывае рускі народ у брацкай сям'і народаў СССР». Гэта яшчэ больш узмацніла русіфікацыю.

Канчатковы ж удар па роднай мове нанесла перасяленне вясковых жыхароў у гарады, пік якога ў Беларусі прыпаў на сямідзясятыя — васьмідзясятыя гады.

Динамика численности населения Беларуси за 1950–2010 годы по данным Белстата. Изображение: demoscope.ru
Дынаміка колькасці насельніцтва Беларусі за 1950−2010 гады паводле звестак Белстата. Выява: demoscope.ru

Прычын для гэтага хапала. Да пераезду ў гарады людзей падштурхоўвала савецкая эканоміка, якая развівала цяжкую прамысловасць, а не сельскую гаспадарку. Але наогул урбанізацыя была часткай агульнасусветнага працэсу. І ўсё ж звернем увагу на яшчэ адзін важны момант. Для СССР была характэрная прорва, якая існавала паміж інфраструктурай гарадоў і вёсак (па ўзроўні забяспечання прадуктамі, асартыменце крамаў) — вясковыя населеныя пункты фінансаваліся паводле рэшткавага прынцыпу. Праз гэта моладзь літаральна бегла ў гарады.

Динамика численности населения Беларуси за 1950–2010 годы по данным Белстата. Изображение: demoscope.ru
Дынаміка колькасці насельніцтва Беларусі за 1950−2010 гады паводле звестак Белстата. Выява: demoscope.ru

Але ў вёсках усё яшчэ працягвалі гаварыць па-беларуску. Гарады ж былі спрэс рускамоўныя. Беларуская мова пачала асацыявацца ў іх з вёскай, з чымсьці жабрацкім, забітым, архаічным і адсталым, якое хацелася хутчэй забыць. Імкнучыся хутчэй асвоіцца ў новай прасторы, гэтаму патуралі і самі нядаўнія вяскоўцы.

Але, зразумела, ільвіная доля адказнасці ляжыць на ўладах СССР. Бо менавіта яны праводзілі палітыку русіфікацыі і дазволілі вывучаць у школах беларускую мову па жаданні. Творы роднай літаратуры пры гэтым вывучаліся ў перакладзе на рускую. Характэрная гісторыя, якая здарылася ў 1969 годзе: калі будучы класік беларускай літаратуры Алесь Разанаў запатрабаваў аднавіць навучанне ў БДУ на беларускай мове (ён вучыўся на філалагічным факультэце) і пачаў збіраць подпісы, яго адтуль выключылі.

Перабудова і незалежнасць — шанцы на выратаванне

У першай палове васьмідзясятых здавалася, што беларуская мова загінула. Пра жахлівую сітуацыю можна даведацца з «ліста 26-ці» на імя апошняга савецкага генсека Міхаіла Гарбачова. У 1986-м зварот падпісалі народны паэт Пімен Панчанка, народныя пісьменнікі Васіль Быкаў і Янка Брыль, народная артыстка Стэфанія Станюта, народны мастак Леанід Шчамялёў і іншыя.

«Удзельная вага мастацкай літаратуры (у друкаваных лістках-адбітках), якія выпускаюць рэспубліканскія выдавецтвы на рускай мове, узрасла з 89,9% у 1981 годзе да 95,8% у 1984 годзе. Практычна няма ў Беларусі і кінематографа на роднай мове. З паўтара дзясятка тэатраў у рэспубліцы толькі тры беларускія. Беларуская мова як працоўная мова і мова справаводства амаль не ўжываецца ні ў партыйных, ні ў свецкіх, ні ў дзяржаўных органах і ўстановах рэспублікі», — гаварылася ў гэтым дакуменце.

У 1980-я гады ў Мінску на беларускай мове вучылася толькі адно (!) дзіця — Насця Лісіцына, на гэтым настаялі яе бацькі.

Санкцыянаваны мітынг у падтрымку прыняцця Вярхоўным Саветам БССР Закона «Аб мовах у Беларускай ССР», арганізаваны Мінскай гарадской арганізацыяй Таварыства беларускай мовы імя Скарыны. 1990 год. Фота: Я. Казюля, БДАКФФД

Тагачасныя беларускія ўлады цынічна заявілі, што ўсё ў норме — кіраўнік БССР Яфрэм Сакалоў наогул сказаў, што ў рэспубліцы існуе поўная свабода развіцця беларускай мовы. Але прайшло няшмат часу, і ў снежні 1989-га пленум Камуністычнай партыі Беларусі прызнаў за беларускай мовай права на статус дзяржаўнай. А ў студзені 1990-га адпаведны закон прыняў парламент, абраны яшчэ на безальтэрнатыўнай аснове (дакладней, прызначаны зверху).

Прычын было некалькі. Перабудова была ў разгары — ад ранейшай моўнай палітыкі пачалі адыходзіць. Акрамя таго, ужо быў створаны Беларускі народны фронт (БНФ), які набываў усё большую папулярнасць сярод жыхароў. Моўнае пытанне было адным з козыраў БНФ, і кампартыя вырашыла падаць яго рашэнне як сваю заслугу. Важна і тое, што ў асяроддзі партыйных чыноўнікаў былі людзі, якія падтрымлівалі ідэю надання беларускай мове статусу дзяржаўнай. Яны вырашылі скарыстацца ўдалай сітуацыяй.

Прыняцце закона было шанцам на выратаванне беларускай мовы. Важна, што дакумент быў вельмі ліберальным і мяккім — гэта мусіла забяспечыць мяккі паступовы пераход да шырэйшага ўжывання роднай мовы.

Беларуская абвяшчалася дзяржаўнай. Руская прызнавалася мовай «міжнацыянальных адносін».

Закон не рэгламентаваў ужывання мовы ў неафіцыйных зносінах або ў размовах на працы паміж супрацоўнікамі. У сферах транспарту, гандлю, медыцынскага і бытавога абслугоўвання магла выкарыстоўвацца «беларуская або іншая прымальная для бакоў мова». Тэхнічная і праектная дакументацыя магла рыхтавацца як па-беларуску, так і па-руску.

То-бок у законе гаворка ішла хутчэй пра дзяржаўную сферу. Чыноўнікі абавязаныя былі ведаць беларускую і рускую (дзеля аб’ектыўнасці, апошняй яны валодалі і так), умець карыстацца імі ў аб’ёме, патрэбным для выканання службовых абавязкаў. Справаводства мусіла весціся па-беларуску. Сфера адукацыі таксама пераводзілася на беларускую мову (у месцах кампактнага пражывання грамадзян іншай нацыянальнасці школьнікі маглі вучыцца на рускай або іншай мове).

Выступление детского коллектива во время презентации первого белорусского класса в минской школе № 89. 1994 год. Фото: Г. Жинков, БГАКФФД
Выступ дзіцячага калектыву падчас прэзентацыі першага беларускага класа ў мінскай школе № 89. 1994 год. Фота: Г. Жынкоў, БДАКФФД

Грамадзяне маглі звяртацца ў дзяржаўныя органы, прадпрыемствы і ўстановы «на беларускай, рускай або іншай прымальнай для бакоў мове». Адказ ім даваўся па-беларуску ці, па іх жаданні, у перакладзе на рускую.

У выпадку, калі б хтосьці з чыноўнікаў адмовіўся разгледзець зварот па-беларуску ці па-руску, спаслаўшыся на няведанне адной з гэтых моваў, яго прыцягнулі б да адказнасці.

Таксама Вярхоўны Савет (парламент у БССР) прыняў рашэнне пра парадак увядзення ў сілу закона аб мовах. Так, чыноўнікі мусілі авалодаць беларускай мовай цягам трох-пяці гадоў. За пяць гадоў на родную мову мусіла перайсці справаводства і дашкольная адукацыя. За дзесяць гадоў (да 2000 года) беларускамоўнай мусіла стаць сістэма судаводства і ўся сістэма адукацыі.

Эпоха Лукашэнкі

Здавалася б, гэтыя ўмовы абсалютна выканальныя. Напрыклад, у 1994/1995 навучальным годзе ў першыя класы з беларускай мовай навучання пайшло 75% дзяцей. Усяго па-беларуску ў тым годзе вучылася 40,6% школьнікаў. Але пры гэтым так і не быў створаны нацыянальны ўніверсітэт, дзе ўся адукацыя ішла б па-беларуску. Не было ніводнага ПТВ, тэхнікума, каледжа або школы, якія б цалкам працавалі на беларускай мове. У рэальнасці нават у тых максімальна ліберальных умовах закон быў разлічаны на перспектыву. Яго прыняцце было вынікам кансэнсусу ў грамадстве, якое ўсё больш усведамляла важнасць захавання роднай мовы. Рэалізацыя мусіла расцягнуцца на доўгія гады.

Але ў 1994-м да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, які ўжо праз год прызначыў рэферэндум. Сярод іншага на плебісцыт вынеслі пытанне пра прызнанне за рускай мовай статусу дзяржаўнай нароўні з беларускай. Паводле афіцыйных звестак, «за» прагаласавалі 83,3% (4 017 273 чалавекі), супраць — 12,7% (613 516 чалавек). 192 693 бюлетэні ў частцы гэтага пытання прызналі несапраўднымі.

Важна, што закон аб рэферэндуме («народным галасаванні»), прыняты ў 1991 годзе, забараняў выносіць на яго пытанні, «якія парушалі неад’емныя правы народа Беларусі на суверэнную нацыянальную дзяржаўнасць, дзяржаўныя гарантыі існавання беларускай нацыянальнай культуры і мовы». Пытанне пра дзяржаўную мову падпадала пад гэтую фармулёўку. А яшчэ сам рэферэндум быў праведзены пасля таго, як у парламент былі ўведзеныя сілавікі, а дэпутаты, якія абвясцілі галадоўку супраць прызначэння рэферэндуму, былі збітыя. Падлікі таксама нельга было назваць карэктнымі. З юрыдычнага пункту гледжання гэтыя вынікі незаконныя.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: архіў TUT.BY

Але важнейшымі аказаліся вынікі, а яны былі катастрафічнымі.

Ужо да 2002−2003 гадоў колькасць школьнікаў, якія вывучалі праграму на роднай мове, скарацілася да 26%. Як потым змяншалася іх колькасць, мы паглядзелі ў статыстычных зборніках «Образование в Республике Беларусь», якія выпускаюцца Белстатам. Самы ранні з тых, што выкладзены ў сеціва, датаваны 2013-м. Але ў ім ёсць звесткі за 2005−2006 навучальны год. Апошнія звесткі датаваныя 2021-м.

Насамрэч сітуацыя яшчэ больш сумная, чым можа здавацца. Па стане на 2018/2019 навучальны год 90,6% дзяцей, якія вучацца па-беларуску, жывуць у сельскай мясцовасці.

Хто вінаваты і што рабіць?

Найбольшая віна за тое, што адбываецца з беларускай мовай, ляжыць на ўладах, якія праводзяць палітыку русіфікацыі. На тэлебачанні і на радыё яна амаль не гучыць, кнігі на ёй даражэйшыя за рускамоўныя і выходзяць маленькімі накладамі. Уся адукацыя, ад пачатковай да вышэйшай, вядзецца на мове нашых суседзяў, таму знайсці садок, дзе на беларускай да дзіцяці будуць звяртацца нават нянечкі — яшчэ той квэст. У такіх умовах многія грамадзяне не хочуць лішніх цяжкасцяў і аддаюць дзяцей у рускамоўныя школы.

Яшчэ мацней дзяржава ўдарыла па роднай мове, прывязаўшы яе да палітыкі. У дзевяностыя гады беларуская асацыявалася з апазіцыяй, БНФ і ў цэлым з нелаяльнасцю да ўладаў. На нейкі час гэтая тэндэнцыя адышла на другі план, але пасля 2020 года да яе звярнуліся зноў. У студзені 2023-га палітзняволенаму заснавальніку крамы нацыянальнай сімволікі Symbal.by Паўлу Белавусу выставілі абвінавачанне па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса. У тым ліку яго абвінавачваюць у тым, што «пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму». Такія фармулёўкі паўтараюць абвінавачанні 1930-х гадоў. Зразумела, што ў такой сітуацыі разлічваць на развіццё беларускай мовы з боку дзяржавы вельмі складана.

Калі б не было апошніх 29 гадоў, магчыма, беларуская мова знаходзілася б у такім стане, як украінская (да вайны). Пераважная большасць грамадзян ведала б родную мову, значная частка размаўляла б на ёй. Паколькі сярод іх пераважала б моладзь, якая атрымлівае адукацыю на беларускай, колькасць носьбітаў роднай мовы плаўна і паступова б павялічвалася.

Але ўмоўнага ладу ў гісторыі няма. У нашыя дні ў грамадстве, як і ў пачатку 1990-х, ёсць кансэнсус наконт важнасці захавання роднай мовы. Але адначасова яна перажывае адзін з наймагутнейшых удараў у сваёй гісторыі. Ад таго, ці атрымаецца ў дыяспары стварыць альтэрнатыўную беларускамоўную структуру (выдавецтвы, школы і гэтак далей) за мяжой, а ў жыхароў краіны — захаваць беларускую ў чаканні новага акна магчымасцяў, залежыць яе далейшы лёс.