Практычна ўвесь гэты год дзень пры дні мы назіралі, як бурыцца звыклы свет, як падзеі, пра якія хацелася б чытаць толькі ў фантастычных кнігах, адбываюцца так блізка, што займае дыханне ад болю і страху. Але нават у такія часы многія з нас робяць важныя справы — глабальныя або лакальныя, але важныя для нас і блізкіх. А каб пры гэтым не страчваць веру, часам хочацца верыць у цуд. «Люстэрка» спытала беларусаў, што б яны загадалі на Новы год. Дзелімся з вамі вялікімі і маленькімі марамі і надзеямі.
Некаторыя імёны герояў матэрыялу змененыя.
Уладзімір, 25 гадоў, Мінск
Самае галоўнае жаданне для мяне — гэта заканчэнне вайны. Пакуль кожны дзень разрываюцца снарады і гінуць людзі, проста цяжка нават думаць пра ўласны дабрабыт і асабісты камфорт. Хацелася б, каб уся нянавісць і непрыязнасць засталіся ў мінулым. Хай надзеі на змены да лепшага ўсёй сітуацыі ў нашым рэгіёне стануць рэальнасцю, а не проста абстрактнымі думкамі або на ўзроўні звычайных размоваў.
Ілля, 22 гады, Варшава
Вельмі хочацца, каб у 2023-м усе беларусы, вымушаныя з’ехаць з краіны, змаглі вярнуцца да сваіх родных і блізкіх без пагрозы для свайго жыцця. Няхай Новы год стане годам свабоды для беларусаў, каб мы нарэшце змаглі зноў выйсці разам на вуліцы родных гарадоў. Гэта будзе найлепшы дзень. Ну і, вядома, каб спынілася вайна ў суседцы — Украіне.
Святлана, 53 гады
Складана верыць у цуды, хоць яны здараюцца, проста мы іх не заўважаем. У апошнія секунды года буду прасіць усе сілы Сусвету скончыць вайну ва Украіне, здароўя ўсім дзецям і магчымасці абняць сына… У 2020-м ён быў адлічаны з інстытута, і вось ужо трэці год мы не можам абняцца і пабачыцца ўсёй сям’ёй. Няхай усе маці змогуць абняць сваіх сыноў!
Вікторыя, 37 гадоў, Мінск
Жаданне простае: каб у Беларусь вярнуліся лекі, без якіх я ў прамым сэнсе загнуся і рассыплюся (з пяці варыянтаў аднаго прэпарату ў краіне застаўся толькі адзін, які мне не падыходзіць, а другі прэпарат знік нават айчынны, не кажучы ўжо пра дзясятак замежных аналагаў). А яшчэ каб у краіне спыніўся гвалт над здаровым сэнсам, логікай, гісторыяй і культурай і пачалося нармальнае жыццё — без пагрозы вайны з боку ўсходняга суседа.
Віктар, 28 гадоў, Жодзіна
Хацелася б пажадаць міру, здароўя, моцнай шчырай любові, выканання ўсіх запаветных жаданняў і дасягнення ўсіх мэтаў. Каб Беларусь была вольнай і без дыктатуры. Перамогі Украіне і ўсім вялізнага-вялікага яскравага і цёплага шчасця.
Віктар, 32 гады, Мінск
Усяму беларускаму народу (і не толькі): працягваць сталець! Нашыя поспехі прыкметныя і бясспрэчныя, і важна не спыняцца. Так, мы — неверагодныя, добрыя і адкрытыя людзі. Цяпер прыйшоў час даказаць, што мы яшчэ мэтаскіраваныя.
Усім прадстаўнікам дэмакратычных сіл і асабіста Святлане Ціханоўскай: вялікі дзякуй за працу і жадаю вам шанцавання ў самым шырокім сэнсе, азартнай рашучасці і ніколі не забываць, што беларусы вас падтрымліваюць.
Добраахвотнікам і валанцёрам ва Украіне — вытрымаць, не зламацца і заўсёды выразна бачыць мэту.
Прыхільнікам беларускага рэжыму — адгадаваць крытычнае мысленне.
Злачынцам — справядлівасці.
І галоўнае жаданне — каб калектыўная добрая воля развеяла змрок, які накрывае ўсіх нас вельмі даўно.
Сяргей, 25 гадоў, Жодзіна
Калі шчыра, то я ўжо баюся ўявіць, што нас можа чакаць у 2023 годзе. Пачынаючы з 2020-га кожны год праносіць усё большыя «сюрпрызы». Варта толькі падумаць, што горш ужо няма куды, як здараецца чарговы п****. Таму ў 2023 годзе я жадаю хаця б дажыць да 2024-га.
Ганна, 35 гадоў, Мінск
Больш за ўсё ў 2023-м хачу выйсці на любімую працу. А для гэтага трэба, каб дзеці перасталі хварэць і добра хадзілі ў садок і школу. Таму няхай бы нам насыпалі як найболей здароўя тыя, хто там, зверху. І міру — унутранага і знешняга.
Вікторыя, 60 гадоў, Гродна
Вельмі жадаю хутчэйшага трыумфу разумнага, добрага і вечнага. І гэтага ўжо шмат, але яшчэ — Справядлівасці!
Глеб, 44 гады, Мінскі раён
Мае пажаданні на Новы год: каб скончылася вайна, каб вызваліліся палітвязні і каб мая жонка кінула паліць.
Надзея, Мінск
Вельмі хочацца ў наступным годзе гаварыць свабодна ў сваёй сям'і пра палітыку і пра тое, што адбываецца ў свеце, без лаянкі праз рознае бачанне таго, што адбываецца. На жаль, цяпер для нашай сям'і гэтая тэма — табу.
Святлана, 41 год, Ліда
Я вельмі хачу, каб збор маленькай Рыты Юшкевіч быў закрыты ў новым годзе. І ўсе дзеці з СМА з Беларусі атрымалі свой запаветны ўкол Zolgensma. Здароўя ўсім дзеткам!
Валянцін, 30 гадоў, Мінск
Хачу на Новы год вініры, ноўтбук і на мора! А калі глабальна, то міру, дабрабыту і здароўя ўсім!
Дар’я, 18 гадоў, Мазыр
Калі б загаданыя жаданні спраўджваліся, я б пажадала адчуваць сапраўдную свабоду духу і шчасце. Мне б вельмі хацелася, каб кожны змог ужо выдыхнуць і сказаць: «Нарэшце гэта скончылася».
Жанна, 48 гадоў, Барысаў
Хачу пераменаў у нашай краіне і каб у мяне добра прайшла аперацыя, звязаная з анкалогіяй. А наогул — міру і любові людзям!
Галіна, 53 гады, Гродна
29 снежня бамбілі маю Украіну… Унутры гнеў, пачуццё бездапаможнасці, але і вялікая вера ў перамогу. Жадаю, каб больш такога не паўтарылася.
Дзіяна, 26 гадоў, Валенсія
Жадаю нам, беларусам, уз’яднацца з нашымі блізкімі як мага хутчэй! За растаннем будзе сустрэча.
Аляксандр, 36 гадоў, Барысаў
Жаданні як і ў многіх: канец вайне, палітвязні ў нашай краіне на волі, хворыя дзеці ў нашай краіне атрымалі ўсе неабходныя лекі, асабліва дзеці з СМА.
Вера, 25 гадоў, Мінск
Хай гэта прагучыць вельмі банальна, але менавіта гэтае жаданне я загадаю пад бой курантаў. Хай ва Украіне наступіць мір, а мая любімая Беларусь нарэшце стане свабоднай.
Наталля, 48 гадоў, аграгарадок пад Мінскам
Хачу пажадаць, каб скончылася гэтая страшная вайна, нашыя абаронцы і ўкраінскія воіны жывымі вярнуліся дадому. Каб усе вінаватыя атрымалі тое, што заслужылі.
Ганна, 23 гады, Мінск
Мае жаданні напэўна не вельмі моцна адрозніваюцца ад тых, якія ёсць у большасці беларусаў. Жадаю, каб у новым годзе вайна скончылася перамогай Украіны, каб скончыліся рэпрэсіі і выйшлі на волю ўсе палітвязні, каб мне не даводзілася баяцца людзей у форме, сініх бусаў і нечаканага званка ў дзверы. Жадаю, каб мне не давялося з’язджаць з Беларусі, а тыя, хто цяпер за мяжой, маглі вярнуцца дадому, і каб яны захацелі вярнуцца. Жадаю, каб мы нарэшце пачалі будаваць нашу новую Беларусь і каб ніхто не замінаў нам гэта рабіць.
Святаслаў, 39 гадоў, Бухара
Я б хацеў, каб у людзей у сэрцы з’явілася любоў. Менавіта сапраўдная любоў, якая многіх абышла бокам. Бо чалавек, у якога ў сэрцы гарыць хай маленькі, але агеньчык любові, не можа прыносіць столькі няшчасця і зла, якія нас атачаюць на гэтай планеце.
Валерыя, 37 гадоў, Мінск
Мару выплаціць свае крэдыты, зрабіць рамонт у ваннай і зрабіць рамонт у двух дзіцячых пакоях. А таксама спадзяюся на мір.
Павел, 40 гадоў, Мінск
Мару, каб у дактароў заўсёды былі ўсмешкі на тварах.
Наталля, 50 гадоў, Мінск
Адзінае жаданне: каб скончылася гэтая пакута для ўкраінскіх людзей. Вельмі шкада дзяцей, якія ўжо ніколі не сустрэнуць Новы год.
Святлана, 42 гады, Маладзечна
Хочацца пажадаць міру і спакою. А для сваёй сям'і — новы мікрааўтобус, бо сям’я вялікая, а наш дзядок пачаў сыпацца і шмат выдаткаў на рамонт.
А ведаеш, Дзядуля Мароз, хацела б яшчэ папрасіць у двор дзіцячую пляцоўку. Прасілі мясцовыя ўлады, але ніхто не можа дапамагчы. А нашым дзеткам няма дзе гуляць, даводзіцца хадзіць па суседніх дварах.
Сяргей, 40 гадоў, Мінск
Вельмі хацелася б, каб у новым годзе Украіна атрымала перамогу ў сваёй абароне, а Расія кампенсавала ўсім краінам страты. Каб змяніліся ўрады Беларусі і Расіі. Каб былі вызваленыя і рэабілітаваныя ўсе палітвязні Беларусі. А яшчэ — каб стартаваў рух па рэфармаванні сістэм КДБ, судоў і МУС. Каб Беларусь нарэшце зажыла і прайшоў дзень вялікага корка.