Стыліст Ігар Каролік у сацыяльных сетках не хаваў сваёй пазіцыі адносна вайны — ён падтрымліваў Украіну. За гэта супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі яго і прымусілі запісаць зневажальнае «пакаяльнае» відэа, а пасля выклалі ў TikTok мужчыны. У 17-секундным роліку Каролік абражае сябе і на крымінальным жаргоне «прызнаецца» ў гомасэксуальнай арыентацыі. Тытрамі на відэа вялікімі чырвонымі літарамі напісана «ГУБАЗ не пацярпіць пеўнева-фашысцкай брыды на сваёй зямлі». Падобна, супрацоўнікі ведамства, адказнага за значную частку рэпрэсій у Беларусі, нават не разумеюць, што фашыстамі (і нават нацыстамі) дзякуючы гэтаму відэа выглядаюць менавіта яны. Тлумачым чаму.
Прычыны нацысцкай гамафобіі
Трэці рэйх быў адной з самых гамафобных дзяржаваў свету: гомасэксуалы ў ім былі адной з самых бяспраўных частак грамадства і падвяргаліся сістэмнаму тэрору. Акрамя традыцыйнай ксенафобіі пераслед па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі ў нацысцкай Германіі меў яшчэ два карані: ідэалагічны і «навукова-медыцынскі».
Як і іншыя аўтарытарныя і таталітарныя рэжымы, нацысцкі лічыў сябе змагаром за «традыцыйныя каштоўнасці». Адна з іх звязаная з культам сям'і і павышэннем узроўню нараджальнасці — нацысты лічылі, што «ніжэйшыя расы» нараджаюць больш нашчадкаў, чым «арыйцы», і імкнуліся абмежаваць дзеянне ўсіх фактараў, якія, на іх думку, змяншалі рэпрадуктыўны патэнцыял Германіі. На думку нацыстаў, гомасэксуалы ўяўлялі сабой поўную супрацьлегласць вобразу арыйцаў-патрыётаў — аскетычных, мужных людзей, якія адмаўляюцца ад асалодаў і забаваў дзеля радзімы і фюрэра.
Яшчэ адна прычына гамафобнай палітыкі нацыстаў — скажонае разуменне сутнасці гомасэксуальнасці, якую яны лічылі хваробай, ды яшчэ і заразнай. Для лячэння «няправільных» мужчын была распрацаваная методыка, што ўключала прыніжэнні і цяжкую прымусовую працу. Крайняя форма такой «тэрапіі» назіралася на падземным ракетным заводзе ў Дора-Мітэльбау, дзе гомасэксуалы атрымлівалі ад кіраўніцтва смяротна небяспечныя задачы. Уяўленні нацыстаў пра гомасэксуальнасць як пра хваробу, ды яшчэ і заразную, знаходзяць пацверджанне ў мемуарах былога каменданта Асвенціма Рудольфа Хёса, які ўспамінаў, што гомасэксуалаў у лагеры ізалявалі для перадухілення распаўсюду іх «інфекцыі».
Іншы падыход нацыстаў да «лячэння» — кастрацыя. Спачатку мужчыны маглі выбраць гэтую хірургічную аперацыю для змякчэння прысудаў, пазней рашэнні пра кастрацыю выносіліся адміністрацыяй лагераў без іх згоды. Спрабуючы знайсці эфектыўны метад для барацьбы з «захворваннем», нацысцкія навукоўцы праводзілі над гомасэксуаламі розныя медыцынскія эксперыменты — яны часта прыводзілі да хваробаў, калецтваў і смерці.
Лічачы гомасэксуальных мужчын бескарыснымі для вялікай германскай нацыі і адначасова хворымі, нацысты імкнуліся паслядоўна прытрымлівацца гэтай пазіцыі. У той жа час лесбіянкі не лічыліся такой сур’ёзнай пагрозай для арыйскай расы і падвяргаліся пераследу значна радзей, бо прызнаваліся прыдатнымі для працягу роду.
Таксама нацысты згаджаліся прымаць ва ўлонне «германскай нацыі» «вылечаных» гомасэксуалаў, якія адмовіліся ад папярэдняга «непаўнавартаснага» ладу жыцця. Спрабуючы стварыць бачнасць законнасці, нацысты пакінулі ім яшчэ адну шчыліну. Паколькі злачынствам лічылася не гомасэксуальнасць як такая, а гомасэксуальныя акты, без доказу сэксуальнай блізкасці суд мог вынесці апраўдальны прысуд — праўда, падсудны ўсё роўна пасля гэтага рэгістраваўся як «падазраваны».
…і яе наступствы
Свет 1930-х гадоў быў значна менш памяркоўным да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці, чым цяперашні. Нават у ліберальнай Веймарскай рэспубліцы (так называўся палітычны рэжым, усталяваны ў Германіі пасля Першай сусветнай вайны і зменены нацыстамі ў 1933 годзе) гомасэксуальнасць была незаконнай. Згодна з законам, «ненатуральная распуста, здзейсненая паміж мужчынамі», каралася турэмным зняволеннем альбо пазбаўленнем грамадзянскіх правоў. Тым не менш немцы знаходзіліся ў авангардзе барацьбы за правы сэксуальных меншасцяў — у адрозненне ад большасці краін свету, у Веймарскай рэспубліцы існавала некалькі іх афіцыйных грамадскіх аб’яднанняў.
Кансерватыўныя пласты нямецкага грамадства лічылі талерантнасць да гомасэксуальнасці прыкметай заняпаду краіны, што пераклікалася з уяўленнямі нацыстаў. Прыйшоўшы да ўлады, яны нейкі час абмяжоўваліся закрыццём традыцыйных месцаў сустрэчаў людзей, «якія аддаюцца ненатуральнай распусце», і ліквідацыяй грамадскіх аб’яднанняў прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў.
Але ў 1934 годзе падчас «ночы доўгіх нажоў» (расправы над лідарамі нацысцкіх штурмавых атрадаў СА) ахоўнікамі Гітлера быў забіты самы высокапастаўлены нацыст-гомасэксуал Эрнст Ром. Услед за гэтым па ўсёй краіне пачаліся аблавы на мужчын, схільных да гомасэксуальных кантактаў, а самі яны былі абвешчаныя палітычна нядобранадзейнымі (як тыя, што лёгка паддаюцца шантажу).

Пасля гэтага, у 1935 годзе, нацысты перагледзелі закон і ўвялі крымінальнае пакаранне ў выпадку, «калі мужчына здзяйсняе распусту з іншым мужчынам ці дазваляе яму здзяйсняць распусту над сабой». Уяўная нязначнасць зменаў не мусіць уводзіць у зман: калі раней трапіць у турму можна было толькі за «ненатуральную распусту» (да якой адносіўся «паўнавартасны» полавы акт), цяпер прычынай зняволення мог стаць нават намёк на сэксуальную блізкасць паміж мужчынамі.
Арганізатарам пераследу гомасэксуалаў у рэйху быў рэйхсфюрэр СС Генрых Гімлер. Выступаючы перад падначаленымі ў 1937 годзе, ён наракаў:
«На жаль, нам не так лёгка, як нашым продкам. У іх часы гомасэксуалістаў у балоце тапілі. Навукоўцы, якія знаходзяць рэшткі, імаверна, не здагадваюцца, што ў 90 працэнтах выпадкаў перад імі гомасэксуаліст. Гэта было не пакаранне, а проста знішчэнне анамальнай формы жыцця».
За 12 гадоў ва ўладзе нацысты арыштавалі за здзяйсненне актаў «распусты паміж мужчынамі» каля 100 тысяч чалавек. 53 400 з іх былі прызнаныя вінаватымі, ад 5 да 15 тысяч адправіліся ў канцлагеры, астатнія ўтрымліваліся ў турмах альбо падвяргаліся «прымусоваму лячэнню». Дакладная колькасць загінулых невядомая.
А што ў іншых фашыстаў?
Гамафобія, аб’яднаная ў блоку з відавочным сэксізмам, з’яўляецца адной з 14 прыкмет фашызму, якія брытанскі журналіст Лоўрэнс Брыт сфармуляваў, старанна вывучыўшы досвед сямі фашысцкіх і парафашысцкіх рэжымаў мінулага (Германіі за Гітлерам, Італіі за Мусаліні, Іспаніі за Франка, Партугаліі за Салазарам, Грэцыі за Пападопулусам, Чылі за Піначэтам і Інданэзіі за Сухарта). Усе гэтыя рэжымы разглядалі жанчын як грамадзян «другога класа» і адначасова былі гамафобнымі.
Пры гэтым ступень гамафобнасці магла быць рознай. У фашысцкай Італіі фармальна не прымаліся гамафобныя законы, але паліцыя і прыхільнікі Мусаліні прыніжалі і нападалі на тых, каго лічылі хворымі «вычварэнцамі» і «выраджэнцамі». Супрацоўнікі фашысцкіх сілавых структур часта праяўлялі ініцыятыву і пераследавалі ЛГБТ-людзей «у інтарэсах дзяржавы».
У франкісцкай Іспаніі гомасэксуальныя людзі падвяргаліся арыштам (у турмы і спецыяльныя лагеры трапіла каля тысячы чалавек), іх прымусова «лячылі» — у тым ліку токам. Стаўленне да прадстаўнікоў ЛГБТ у іспанскім грамадстве таго часу зводзілася да абмеркавання пытання, злачынцы яны альбо хворыя людзі.
Гамафобія не толькі ўласцівая фашысцкім і блізкім да іх рэжымам, але і з’яўляецца адным з іх абавязковых маркераў.
Чытайте таксама


