Расійскі спявак і заўзяты прыхільнік расійскай агрэсіі ва Украіне Грыгорый Лепс зладзіў бойку каля бара ў Санкт-Пецярбургу. Па факце інцыдэнту распачатая крымінальная справа, паведаміў 5 снежня тэлеграм-канал Shot.
Канфлікт артыст зладзіў пасля канцэрта ў Лядовым, дзе ён ускіпеў, шпурнуў мікрафон на падлогу і сышоў са сцэны. Пасля гэтага музыка паехаў «аднаўляць эмацыйную раўнавагу» ва ўстанову Finnegan’s. Там ён счапіўся з адным з наведнікаў — 39-гадовым Дзмітрыем.
Адвакат пацярпелага расказаў Shot, з чаго пачаўся канфлікт. Паводле яго словаў, «офісны клерк» на імя Дзмітрый спакойна адпачываў у свой выхадны, гуляў у нарды і рабіў свае невялікія стаўкі — пакуль не заявіўся артыст і не захацеў «згуляць па-буйному». У «простага чалавека», як запэўнівае прадстаўнік пацярпелага, не было такіх грошай, і ён папрасіў даць яму дагуляць спакойна, але абураны Лепс нібыта зняў свае акуляры і пайшоў у атаку.
Мужчыны выйшлі на вуліцу разам з сек’юрыці артыста. Там Лепс па-ранейшаму паводзіўся агрэсіўна. Мяркуючы па апублікаваным роліку, спявак, скачучы за спінамі ахоўнікаў, выкрыкваў абразы ў адрас другога ўдзельніка канфлікту. Потым ахоўнік Лепса нечакана ўдарыў Дзмітрыя кулаком у твар. Пасля таго як мужчына ўпаў на тратуар, да яго падбег Лепс і ўдарыў нагой.
У выніку Дзмітрый звярнуўся ў бальніцу. У мужчыны дыягнаставалі пералом носа і ўдар каленнага сустава.
Shot саведамляе, што па факце бойкі Грыгорыя Лепса распачатая крымінальная справа за наўмыснае ўчыненне лёгкай шкоды здароўю з хуліганскіх памкненняў.