Дырэктару Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганне Запартыцы не працягнулі кантракт. Пра гэта рэдакцыі паведамілі яе знаёмыя. Прозвішча Запартыкі знікла з сайта ўстановы.

Ганна Запартыка працавала ў гэтай установе ўсё жыццё. У 1978-м яны прыйшла ў тады яшчэ Цэнтральны дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР малодшым навуковым супрацоўнікам. Пазней стала вядучым архівістам, вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела ведамасных архіваў, камплектавання і экспертызы каштоўнасці дакументаў. З лістапада 1993 года была прызначана выконваючай абавязкі, а з 17 студзеня 1994 года афіцыйна ўзначаліла БДАМЛМ у якасці дырэктара.
Запартыка — аўтар шэрагу гістарычных нарысаў, публікацый і артыкулаў. Яна з’яўлялася ўкладальніцай некалькіх навуковых зборнікаў і даведнікаў, кнігі паэта Паўлюка Труса «Выбранае» (2000), а таксама непадцэнзурнага варыянта ўспамінаў артысткі і педагога Паўліны Мядзёлкі «Сцежкамі жыцця» (2018), адным з укладальнікаў Збору твораў літаратуразнаўцы Адама Бабарэкі ў двух тамах (2011), удзельніцай многіх міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый.
Запартыка і яе калегі вярнулі ў Беларусь мноства асабістых архіваў вядомых айчынных пісьменнікаў, артыстаў і даследчыкаў.
Была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны (2002), знакам «Ганаровы архівіст Беларусі» (2004).