У Берліне мужчына напаў з нажом на мінакоў — некалькі чалавек параненыя, іх дакладная колькасць не паведамляецца. Вядома, што двое атрымалі сур’ёзныя траўмы, піша BILD.
Пацярпелыя знаходзяцца ў бальніцы. Паведамляецца, што нападнік, як мяркуецца, пакутуе на псіхічнае захворванне.
Інцыдэнт адбыўся каля 11.50 перад супермаркетам Rewe на Quedlinburger Straße ў раёне Шарлотэнбург, які лічыцца даволі спакойнай часткай Берліна. Месца злачынства размешчанае недалёка ад Шарлотэнбургскага палаца.
Мужчына паводзіў сябе вельмі агрэсіўна, наносячы ўдары нажом без разбору. Некалькі мінакоў здолелі абясшкодзіць нападніка.
Пакуль нападніка ўтрымлівалі, іншыя відавочцы выклікалі паліцыю. Супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія прыбылі на выклік, затрымалі мужчыну і даставілі яго на допыт.
Паводле інфармацыі BILD, на гэты момант няма доказаў, якія паказваюць на ісламісцкі ці тэрарыстычны характар нападу.
Берлінскія ўлады праводзяць расследаванне, у якім удзельнічае таксама ведамства па дзяржаўнай бяспецы.