На разгляд у суд скіраваная крымінальная справа ў дачыненні да 27-гадовай грамадзянкі замежнай дзяржавы, якую абвінавачваюць у асабліва злосным хуліганстве. Як паведамілі ў пракуратуры Цэнтральнага раёна Мінска, фігурантцы пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі, пішуць «Мінск-Навіны».
Інцыдэнт адбыўся ўначы на вуліцы Зыбіцкай. Жанчына адпачывала ў кампаніі сяброўкі і знаёмага, які, разышоўшыся з імі, выпадкова забраў ключы ад яе кватэры. Застаўшыся адна, нецвярозая замежніца зайшла ў бар і папрасіла супрацоўніцу за стойкай выклікаць міліцыю. Барменка ветліва прапанавала зрабіць гэта самастойна, падаўшы ёй мабільны тэлефон. Аднак наведніца ўспрыняла прапанову як адмову ў дапамозе і шпурнула ў дзяўчыну касавы тэрмінал.
Барменка атрымала сур’ёзныя траўмы, у тым ліку пералом костак спінкі носа. Усе дзеянні абвінавачанай зафіксавалі камеры відэаназірання, што стала важным доказам у крымінальнай справе.
— Абвінавачаная жыве ў Мінску, працуе менеджарам у прыватнай кампаніі, раней да крымінальнай адказнасці не прыцягвалася, — растлумачыў намеснік пракурора Цэнтральнага раёна Андрэй Нікольскі. — Жанчыне выстаўленае абвінавачанне па ч. 3 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь (Асабліва злоснае хуліганства), якая прадугледжвае пакаранне аж да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Цяпер фігурантка знаходзіцца пад вартай. Падчас следства яна прызнала віну і раскаялася ў зробленым.