У пункце пропуску «Брэст» затрымалі ўкраінца, які ехаў у Беларусь з Польшчы на аўтобусе, паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце.
Паводле звестак ведамства, 57-гадовы мужчына пасля праходжання пашпартнага кантролю пайшоў у залу для надгляду, дзе абраў для перасячэння мяжы зялёны калідор.
«Усведамляючы, што брэсцкія мытнікі выявяць у яго забароненыя рэчывы, грамадзянін скінуў пакет з гашышам пад надглядны стол. На наркотык адразу спрацаваў службовы сабака», — расказалі ў ДМК.
Мужчыну затрымалі па гарачых слядах і распачалі ў дачыненні да яго крымінальную справу па ч. 1 арт. 328−1 КК (Незаконнае перамяшчэнне праз мяжу наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў альбо іх прэкурсораў ці аналагаў). Санкцыяй артыкула прадугледжанае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 10 гадоў.