Цела былога «міністра» паліва, энергетыкі і вугальнай прамысловасці самаабвешчанай ЛНР Канстанціна Завізенава знайшлі на тэрыторыі яго загараднага дома ў Істрынскім раёне Падмаскоўя (Расія), паведаміў тэлеграм-канал Mash.
Паводле папярэдняй версіі, мужчына здзейсніў суіцыд. У доме былі паляўнічыя стрэльбы. Таксама там знаходзіўся няпоўнагадовы сын Завізенава.
Як піша Mash, Завізенаў «паўтара тыдня знаходзіўся ў запоі».
«Увечары 1 кастрычніка яго сын знайшоў на стале запіску і алкаголь. Потым пачуў гук. Цела бацькі было пад елкай. Побач зарэгістраваная стрэльба», — перадае Mash.
50-гадовы Канстанцін Завізенаў — ураджэнец расійскай Пярмі. У 1990-я ён працаваў у хімічнай і авіяцыйнай прамысловасці РФ, у 2003−2016 гадах займаў кіраўнічыя пасады ў расійскіх Мінэнерга і Мінпрамэнерга, «Расэнергаатаме» і «Інтэр РАТ ЕЭС». У самаабвешчанай ЛНР ён працаваў «міністрам» у 2022−2023 гадах, піша тэлеграм-канал «Еж».