Гродзенка паскардзілася на сваіх сваякоў, якія выклалі ў сацсеткі відэа з яе маленькім сынам і адмовіліся выдаляць. У справе разбіраецца міліцыя, якую выклікала жанчына.
Жыхарка дома з вуліцы Агінскага паведаміла, што яе сваякі выклалі відэа з удзелам яе 8-месячнага сына ў TikTok без згоды. Выдаляць кантэнт, паводле яе, яны таксама адмаўляюцца.
Жанчына выклікала міліцыю. Відаць, з яе пункту гледжання, справа аказалася настолькі тэрміновай, што не магла пацярпець да раніцы, — яна патэлефанавала сілавікам амаль апоўначы.
Нагадаем, як раней расказалі ў Нацыянальным цэнтры абароны персанальных звестак, перад тым як адзначыць ці выкласці выяву чалавека ў сацсеткі, лепш загадзя спытаць яго дазволу (у выпадку дзіцяці — яго бацькоў ці законнага прадстаўніка), каб не атрымаць буйнога штрафу, а ў некаторых выпадках — і крымінальнай справы.
Калі гаворка ідзе пра асабістыя адносіны фізічных асобаў, для фармальнага дазволу дастаткова таго, каб чалавек як мінімум не выказваў забароны на публікацыю інфармацыі пра яго — гэта могуць прыраўняць да згоды.